Збажынкi жыта лёгка гнуцца

Аграрный сектор и промышленность

і людзям радасна смяюцца сваім прыемным,

мілым спевам пад лёгкім ветрыку павевам…

Палеткі з залатым зернем – надзённы клопат, першачарговая задача аграрыяў. Рухаючыся па любых дарогах раёна, з акна аўтамабіля паўсюдна можна назіраць, як па хлебных нівах плывуць камбайны, пакідаючы за сабой скошанае ржышча.

На мінулым тыдні пачалі адлік намалочаных азімых жыта, трэцікале, пшаніцы, ячменю, аўса ў ААТ “Багданаўскае”. Як запэўніваюць мясцовыя механізатары, жніўную кампанію яны сустракаюць у поўнай боегатоўнасці: наладжана тэхніка, сфарміраваны камбайнерскія экіпажы, кіраўніцтва гаспадаркі загадзя паклапацілася пра неабходную колькасць гаруча-змазачных матэрыялаў, ёсць дэталі на выпадак непрадбачанага рамонту. На палі выйшлі 7 зернеўборачных камбайнаў, 3 аўтамабілі-шматтоннікі і 3 трактары для адвозкі зерня. Найперш збажына паступае на зернесушыльны комплекс “ЗСК-20” у Багданаве, які пабудаваны ў 2007 годзе, і на сушыльную машыну ў Вайганах. Эксплуатацыю іх забяспечваюць некалькі спецыялістаў: аператар Алік Давідовіч прыкамандзіраваны ў гаспадарку з ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, Іван Жвірко – свой малады работнік, які прайшоў адпаведную спецыялізацыю. Не навічкі ў справе сушкі зерня яго калегі – Аляксей Аляшкевіч і Дзмітрый Бурка.

Не абмінае ўвагай гэты важны аб’ект і выконваючы абавязкі інжынера па тэхніцы бяспекі Ілья Кандратовіч. З усімі, хто заняты на жніве, праведзены інструктаж, каб пазбегнуць пазаштатных сітуацый. Прадугледжаны медыцынскі кантроль за станам здароўя вадзіцеляў і камбайнераў, а таксама забеспячэнне хлебаробаў двухразовым гарачым харчаваннем. Для падвозу ежы ёсць спецыяльна абсталяваны аўтамабіль, кухарыць даручана вопытным майстрам “смачнай” справы – Ірыне Амбражэвіч і Таццяне Сініцкай. Плацяць за абеды работнікі палёў толькі сімвалічную плату. Асноўныя расходы бярэ на сябе гаспадарка.

Сёлета перад хлебаробамі пастаўлена задача абмалаціць амаль паўтары тысячы гектараў зерневых. Своеасаблівым папярэднім іспытам для механізатараў стала ўборка азімага рапсу, які займаў плошчу ў 235 гектараў. Гэта алейная культура паказала ўраджайнасць у 16,4 цэнтнера, што трохі вышэй за сярэднюю па раёне. З рапсам справіліся аператыўна – менш чым за тыдзень. Багданаўцы спадзяюцца, што і з астатнімі зерневымі ўправяцца (абы не падвяло надвор’е) хутка. Хвалюе іх не толькі тэрмін уборачнай кампаніі. Галоўнае – убраць новы ўраджай без страт. Дзеля гэтага ўся “эстафета” збажыны – ад поля да пункта прыёму – прадумана і наладжана.

Алена ЗБІРЭНКА

 

Кожную раніцу, прачнуўшыся задоўга да ўсходу сонца, камбайнер Міхаіл ГРЫНКЕВІЧ углядаецца ў неба з адной просьбай – хоць бы не было дажджу. Хай спёка, хай вецер, але каб толькі выйсці ў поле. Да цяжкасцей і неспадзяванасцей на ўборцы хлеба яму не прывыкаць. З сялянскай справай пазнаёміўся яшчэ ў дзяцінстве, прысвяціў рабоце на зямлі жыццё і лічыць, што выконвае самую пачэсную місію.

Жніво – самы час для буслоў збіраць калорыі перад далёкім выраем. Так і цікуюць яны за працуючымі камбайнамі: як толькі машына пакідае свежы зрэз збажыны, кідаюцца туды ў пошуках спажывы. Магчыма, нехта з гэтых пярнатых прынёс у знак асобай павагі ў дом камбайнера Дзмітрыя РОЎБЫ сынка…

Дзмітрый – адзін з самых маладых камбайнераў не толькі ў ААТ “Багданаўскае”, але і ў раёне. Сакрэты хлебаўборачнай справы ведае, як кажуць, “на зубок” і разлічвае, што родную гаспадарку не падвядзе, а любую жонку парадуе добрым заробкам.

Камбайнерам Андрэй КАВАЛЕЎСКІ становіцца вось ужо ў 10-ы раз, у адрозненне ад свайго памочніка, Івана Кашчы, які на жніве ўпершыню. Хлопец вучыцца на агранома і лічыць, што праца хлебароба – найлепшая практыка. Асабліва калі настаўнік – вопытны і паважаны чалавек, такі, як Андрэй Тамашавіч. У сёлетнюю ўборачную кампанію ён лідзіруе па паказчыках сярод калег. Хаця, як прызнаецца, лічбы – не самае важнае. Усе механізатары нясуць аднолькавую адказнасць у гарачую пару ўборкі хлеба. А справа гэта святая. Яе нездарма называюць “бітвай” за ўраджай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *