Родному слову посвятил жизнь уроженец Ракова профессор Белгосуниверситета Вячеслав Рагойша

Люди и судьбы

Ёсць людзі, якія сваімі справамі, нястомнай працай узвялі сябе на п’едэстал людской павагі. Яны сталі асобамі! З плеяды такіх і Вячаслаў Пятровіч Рагойша. Ім ганарыцца родны Ракаў, ім ганарыцца наша Валожыншчына. Гэта вучоны, з інтэлектуальным патэнцыялам якога лічацца не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Больш чым паўвека яго біяграфія звязана з вядучай навучальнай установай нашай рэспублікі – Белдзяржуніверсітэтам імя Ф. Скарыны.

Сёння Вячаслаў Пятровіч вядомы і паважаны чалавек сярод прафесарска-выкладчыцкага корпуса не толькі названай ВНУ. Яго аўтарытэт значны і на міжнароднай арэне. Не выпадкова намеснік дэкана філфака П. І. Навойчык пра свайго старэйшага калегу, а ў былым – універсітэцкага настаўніка, сказаў досыць пафасна, але справядліва: “Калі сем гарадоў спрачаліся за Гамера, тры секцыі за Стральцова, то будуць многія спрачацца і за Рагойшу!”. Бо гэта бліскучы педагог, паэт, крытык, доктар філалагічных навук, прафесар, літаратуразнавец, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Вучонага савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, член рэдкалегіі многіх выданняў…

“Каму многа даецца, сказана ў Вечнай Кнізе, з таго і многа будзе запатрабавана”. І нашаму земляку ёсць чым ганарыцца, бо яго працоўныя набыткі досыць важкія. Але слава і прызнанне не “сапсавалі” гэтага чалавека. Ён па-ранейшаму падкупляе сваёй сціпласцю, добрымі манерамі, пра такіх людзей звычайна кажуць: “Сапраўдны інтэлігент!”.

Інтэлігентнасць яго і ў бліскучай адукацыі, і ў інтэлектуальным багажы, і ў сардэчнасці да роднага краю, і ў любові да мілай сэрцу Беларусі, якой прысвяціў мноства шчырых пранікнёных вершаваных радкоў.

Вячаславам Пятровічам напісана нямала літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, манаграфій, эсэ, зроблена перакладаў, складзена бібліяграфічных даведнікаў, падрыхтавана вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ. Дзякуючы яго ініцыятыве, пабачылі свет 22 санеты Янкі Купалы, перакладзеныя Верай Рыч на англійскую мову. Дзякуючы няўрымслівай натуры нашага земляка, на 90 мовах свету загучаў і знакаміты верш «А хто там ідзе?» класіка нацыянальнай літаратуры. Вячаслаў Рагойша можа ганарыцца творчай дружбай з такімі майстрамі слова, як Алесь Ганчар (Украіна), Расул Гамзатаў (Дагестан), славутымі беларускімі пісьменнікамі.

На філалагічным факультэце БДУ Вячаслаў Пятровіч уплывовая, аўтарытэтная асоба. Пра гэта гаварылі са сцэны яго шматлікія сталічныя госці, якія прыехалі на творчую вечарыну свайго калегі, сябра, паплечніка. Словамі вялікага прызнання за зробленае гучалі наступныя ацэнкі: “Дзякуй валожынскай зямлі за такога сына!”, “Гэта слава і аўтарытэт філфака БДУ”, “Гэта самы сапраўдны інтэлігент у вышэйшым сэнсе гэтага слова!”, “Ён таленавіты даследчык беларускай мовы, літаратуры. Ён вучыць нас, даследчыкаў старажытнай мовы і літаратуры, гаворачы словамі Францыска Скарыны, зразумець мудрасць, што ў гэтых кнігах “…сокрыта, и яко злато в земли, яко моць в драгом камени, и ядро ув ореху…”

Плённае і змястоўнае жыццё ў В. П. Рагойшы. Пра такіх людзей звычайна гавораць, што іх біяграфія напоўнена не днямі, а нястомнай працай.

Натуральна, што шчыры прыхільнік беларускай мовы не можа ўхіліцца ад спакусы паспрабаваць сябе ў паэзіі. І наш герой не выключэнне. Шмат вершаў Вячаслаў Пятровіч прысвяціў сваёй музе Таццяне Кабржыцкай. Сцвярджаюць, што звычайна паспяховая кар’ера мужа на 50 працэнтаў, а то і больш, залежыць ад таго, якая ў яго жонка. Для Вячаслава Пятровіча яго суджаная стала верным сябрам, аднадумцам, калегай і строгім крытыкам. Выхадца з арыстакратычнай, інтэлігентнай украінскай сям’і, яна ў многім прадвызначыла лад жыцця свайго мужа. Прайшоў час, і неўзабаве яны сталі нібы дзве аднолькавыя творчыя старонкі ў кнізе жыцця, трывала змацаваныя вузамі павагі, падтрымкі, агульных інтарэсаў і ідэалаў. Таццяна Вячаславаўна таксама займаецца выкладчыцкай, навуковай дзейнасцю. Дарэчы, жонка Вячаслава Пятровіча блізкая сваячка знакамітага кінарэжысёра Сяргея Бадрова з Масквы.

У многіх лірычных вершах адчуваецца захапленне мужа сваёй спадарожніцай. Ён удзячны ёй, што ў маладыя гады пераехала з Украіны на яго радзіму. Што палюбіла наш край, як свой родны. Што вывучыла беларускую мову і свабодна валодае ёй. Што нарадзіла і выхавала выдатных сыноў Усевалада, Максіма і Пятра. На творчым вечары бацька пра сваіх дзяцей сказаў ёміста і лаканічна: “Усе да культуры блізка стаяць. Усе сваёй працай дапамагаюць культуры! Адзін – выкладчык, другі ўзначальвае рэдакцыйную камісію ў парламенце краіны, трэці займаецца выдавецкім бізнесам”.

…Не так шмат напісана В. П. Рагойшам лірычных твораў. Але ўсе ад шчырага сэрца! Варта толькі пагартаць яго зборнік “Полюс цяпла” і можна пераканацца ў гэтым. Ён стаяў ля мікрафона і чытаў уласныя вершы, гумарыстычныя мініяцюры. Зала цёпла ўспрымала яго творчасць. І, магчыма, многія падумалі, што ў гэтым чалавеку тоіцца яшчэ не да канца раскрыты талент сапраўды неардынарнага паэта. Самарэалізавацца на паэтычнай ніве поўнасцю пакуль не ўдаецца, бо шматгадовая навуковая, выкладчыцкая, грамадская праца забіралі і цяпер забіраюць амаль увесь час.

Пастскрыптум. У час адной сваёй творчай вечарыны Вячаслаў Пятровіч прыпомніў Міхася Забэйду-Суміцкага (1900-1981, пахаваны ў Празе) – выдатнага беларускага спевака, геніяльнага тэнара, які выступаў у прэстыжных канцэртных залах свету, у тым ліку і на сцэне славутага італьянскага тэатра «La Skala».

У1963 годзе Забэйда-Суміцкі — сусветная беларуская славутасць – даў аншлагавыя канцэрты ў Мінску. У глядзельнай зале філармоніі тады быў і тагачасны выпускнік філфака Вячаслаў Рагойша. Напярэдадні канцэрта выдатнага спевака, які завітаў у сталіцу з гастролямі з-за мяжы, В. Рагойша і яго аднакашнік спецыяльна паехалі на Валожыншчыну, каб сабраць вялікі сноп беларускіх васількоў. Гэты шыкоўны “букет” яны вынеслі на сцэну і паставілі ля ног свайго куміра. Зала і артыст ахнулі ад захаплення. А любімыя беларускія васількі заўсёды красуюць ва ўзнёслай душы гэтага мудрага чалавека і лірычнага паэта, адданага сына зямлі беларускай…

Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий