Пара збiрацца ў школу

Общество

Сёлета за парты ў нашым раёне сядуць 3382 вучні. Усе яны добра адпачылі на канікулах, падраслі і гатовы да новых адкрыццяў і ведаў.

Час бацькам і дзецям задумацца пра экіпіроўку да школы. Сталічны гандаль ужо ва ўсю запрашае наведаць спецыялізаваныя кірмашы, дзе, па звестках таваразнаўцаў, можна апрануць школьніка любога ўзросту, набыць канцтавары. Эканамісты падлічылі, што сёлета сярэдні чэк да новага навучальнага года складзе ад 200 да 900 рублёў. На мінулым тыдні мы праверылі нашы магазіны і рынак на прадмет надзённага асартыменту.

Скажу адразу, у 200 рублёў укласціся будзе складана. Ну, хіба на ўбор для ўрачыстай лінейкі хопіць. Ды і то пры ўмове, што старанна абыдзеце ўвесь валожынскі базар. Мяркуйце самі: камплект-абманка “кашуля-камізэлька” для хлопчыкаў пачатковых класаў каштуе 35-40 рублёў. Столькі ж давядзецца аддаць за штаны і туфлі. Цэннікі на рукзакі вагаюцца ў памеры 20-40 рублёў. Аднак, як запэўнівае прадавец, танны праслужыць ня доўга. Ніжняя бялізна прапаноўваецца па 5-10 рублёў. Для дзяцей старэйшай узроставай групы апрануцца на рынку будзе праблематычна: не спакусяцца сучасныя юнакі і дзяўчаты тымі таварамі, якія карыстаюцца попытам у іх бабуляў і дзядуляў. Ну, мабыць, джынсы ды красоўкі падабраць можна.

Ёсць на рынку і палатка, дзе прадаецца розная дробязь: пеналы, альбомы, разнастайныя вокладкі – прычым на любы кашалёк. Аднак, як падказвае вопыт, менавіта на дробязі траціцца львіная доля бюджэту. 9 рублёў за пенал, 1 рубель за альбом для малявання, а яшчэ патрэбны вокладкі для кніг і сшыткаў, дзённік, ручкі, алоўкі, сціркі, акварэльныя фарбы, зменны абутак… Ды хіба ўсё пералічыш? Вядома, нешта можна набыць і пазней, па меры неабходнасці.

А як рэагуе наш універмаг на сезонныя клопаты? Сёлета ім складана будзе арганізаваць вынасны гандаль – у магазіне засталіся толькі тры прадаўцы. Зараз у аддзеле дзіцячага адзення прапаноўваецца вельмі прыгожая вопратка форменнай накіраванасці. Можна падабраць камплекты як для хлопчыкаў, так і для дзяўчынак малодшых класаў. Цэннік – ад 35 да 54 рублёў за кашулю, спаднічку, сарафан ці пінжак.

У мінулую нядзелю на плошчы Свабоды ў Валожыне прайшоў школьны кірмаш, арганізаваны сіламі райспажыўтаварыства. Адзенне ў асартыменце рэалізоўвалася ад 36 да 48 размеру. Цэннік на касцюмы для хлопчыкаў вагаўся ў памеры ад 92 да 98 рублёў, рукзакі – ад 25 да 54 рублёў. Аднак пакупніцкага ажыятажу не назіралася. Магчыма, людзі проста не ведалі, што праходзіў такі від гандлю…

 

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *