Быць блiжэй да людзей

Официально

Згодна з распараджэннем старшыні Мінаблвыканкама Анатолія Міхайлавіча Ісачанкі, на працягу ліпеня-верасня бягучага года кожны тыдзень павінны быць арганізаваны сустрэчы кіраўніцтва раёнаў з насельніцтвам з мэтай больш дэталёвага вывучэння пытанняў і праблем, што хвалююць людзей. Асаблівая ўвага звернута на час правядзення: пасля працоўнага дня ці ў выхадныя, каб у кожнага была магчымасць вырашыць набалелае. Першая такая сустрэча прайшла ў панядзелак у Івянецкім сельвыканкаме. У ёй прыняў удзел выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Уладзімір Сяргеевіч ЧЫЧКІН.

У актавай зале ў вызначаны час было пуста – нас сустрэла старшыня Івянецкага сельвыканкама Іна Раманаўна Яновіч. Адразу ж патлумачыла, што ў самых буйных населеных пунктах былі размешчаны аб’явы аб правядзенні сустрэчы, а ў маленькіх вёсачках сувязным звяном сталі старасты. Аднак, па ўсім было бачна: улада на месцы ведае турботы людзей і стараецца іх вырашаць. Праз некалькі хвілін усё-такі з’явяліся і адзіныя ў той вечар наведвальнікі – маладыя жыхары вёскі Суднікі.

Яны ўзнялі адразу некалькі пытанняў: вуліца Лясная, дзе жывуць, толькі пачынае сваю біяграфію – на ёй 6 заселеных дамоў. А вось дарогі па вуліцы няма, ёсць проста наезджаная каляіна па полі. За вырашэннем праблемы жыхары не раз звярталіся ў розныя інстанцыі, аднак, па іх словах, атрымліваюць толькі адны адпіскі. У размове яны падзякавалі мясцовай уладзе, што хоць абкошваюць “ад слупа да слупа” – такую тэрыторыю вызначыла зямельная служба. Пайсці насустрач гатовы і мясцовыя камунальшчыкі, бо дарогі ў населеных пунктах абслугоўваюць менавіта яны: будуць і грэйдзіраваць, і падсыпаць, і зімой ад снежных заносаў расчышчаць.

Ад добраўпарадкавання перайшлі да яшчэ адной хвалюючай тэмы: вольнага адпачынку моладзі. Вечарамі хлопцы і дзяўчаты збіраюцца на аўтобусным прыпынку, бо больш няма дзе. На тэрыторыі школы ёсць абсталяваная спартыўная пляцоўка, аднак ўвечары яна закрыта.

Маладога фермера, які ў Судніках мае 5 гектараў зямлі і займаецца пчалярствам, вельмі непакоіць хімічная апрацоўка палёў мясцовай гаспадаркі. Па гэтай прычыне сёлета ў яго загінула шмат пчоласем’яў.

Адказваючы на ўзнятыя пытанні, Уладзімір Сяргеевіч зазначыў, што Суднікі – адзін з буйных населеных пунктаў раёна, які засяляецца і развіваецца, таму на яго насамрэч трэба звярнуць увагу. Ён паабяцаў, што ў самыя бліжэйшыя дні прыедзе ў вёску, каб асабіста азнаёміцца з усім на месцы. Да вырашэння сітуацыі далучацца і адпаведныя службы раёна, якія адказваюць за акрэсленыя ўчасткі работы.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий