Дубiнскiя аграрыi радуюць

Аграрный сектор и промышленность

На палях ААТ “Агра-Дубінское” на жніве задзейнічаны трынаццаць камбайнавых экіпажаў. Наперадзе па намалотах – Іван Саломка, на рахунку якога 328 тон збожжа (звесткі на 30 ліпеня). Амаль не адстаюць ад лідара экіпажы старшага камбайнера Уладзіміра Троцкага (323 тоны), Аляксандра Цішэвіча (289 тон), Івана Пашкоўскага (272 тоны). Добрыя вынікі паказвае маладзёжны камбайнавы экіпаж Аляксея Барэйкі і Аляксея Багуслаўскага (308 тон).

Бліз вёскі Бурмакі мы засталі сем камбайнаў гаспадаркі, якія ўбіралі пшаніцу. Пагутарыць давялося з маладзёжным экіпажам у складзе старшага камбайнера Сяргея Саломкі і камбайнера Максіма Мацецкага. Сяргей – прадаўжальнік сямейнай дынастыі камбайнераў, у гаспадарцы шчыруе ўжо 9-ы год. Пэўны час дапамагаў бацьку, але ўжо другі сезон працуе самастойна. Максім, студэнт БДАТУ, на жніве ўпершыню. Іх намалот складае 247 тон.

На фота: Сяргей САЛОМКА і Максім МАЦЕЦКІ.

Каб механізатары і іншыя работнікі працавалі прадукцыйна, клапоцяцца работніцы мясцовай сталовай. Повары Людміла Ковель, Алена Чаенка, раздатчыцы Алена Карасёва і Алёна Мамонька з ранку завіхаюцца на харчпункце. Акрамя супа, мясной з гарнірам стравы, на поле абавязкова вязуць садавіну і агародніну, морсы і кампоты. Ялавічына для “другога” – дубінской гадоўлі, свініну ж закупляюць. Але якасць кожнага прадукту – адмысловая. “Мы нашых хлопцаў песцім, – жартуюць жанчыны, – абы чаго яны есці не будуць, ды для нас саміх гатаваць смачна – справа гонару”.

На фота: Алёна МАМОНЬКА, Людміла КОВЕЛЬ, Алена КАРАСЁВА.

Восем дзяўчат і адзін юнак – такі склад студатрада імя Васіля Шчарбіны завіхаецца на зернетаку ААТ “Агра-Дубінское”. Кіруе працавітай, энергічнай камандай настаўніца СШ № 1 Яна Ярота. Для многіх студатрадаўцаў гэта першы ў жыцці працоўны вопыт. Чатыры гадзіны, якія на працягу дванаццаці дзён неабходна адпрацаваць, гульнёй няўрымслівай моладзі не здаюцца, але і не палохаюць. Як адзначыла Вольга Лысенка (дзяўчына з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, пастаянная ўдзельніца творчых і працоўных спраў), добрым стымулам для кожнага з членаў атрада з’яўляецца заробак.

На фота: Настасся ЛІТВІН, Аляксандра РУДОВІЧ, Вольга ЛЫСЕНКА, Сабрына ІВАНЧЫК, Рыгор МЯНЦЮК.

Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий