Прафсаюз думае пра кожнага

Официально

З 2020 года ў нашай краіне ўступіць у сілу новы Працоўны кодэкс. Над яго ўдасканаленнем працавалі не толькі дэпутаты і ўрад, але і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Працэс заняў два з паловай гады. За гэты час прафсаюзнымі лідарамі ў цесным супрацоўніцтве з радавымі членамі арганізацыі ўнесена больш за 40 прапаноў па змяненні 30 артыкулаў. Усе ініцыяваныя новаўвядзенні накіраваны на ўмацаванне абароны правоў працуючага чалавека.

У новы Працоўны кодэкс уключана норма з гарантыяй заключэння кантракта на максімальны тэрмін для тых работнікаў, якія не маюць спагнанняў і нараканняў. Наймальнік будзе мець права пры прыёме на работу заключыць кантракт тэрмінам ад 1 года да 5 гадоў. Потым з работнікам, які не парушае вытворча-тэхналагічную, выканальніцкую і працоўную дысцыпліну, можна заключаць кантракт на максімальны тэрмін або на тэрмін па жаданні самога работніка. Прадугледжваецца і бестэрміновы працоўны кантракт.

Асобы пенсіённага ўзросту пры іх звальненні ў выпадку парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора, кантракта атрымаюць выходную матэрыяльную дапамогу. Сёння яны такога права не маюць, у адрозненне ад іншых катэгорый работнікаў.

Прадугледжана і забарона на пакрыццё работнікамі штрафаў, якія ўскладаюцца на арганізацыю.

У новай рэдакцыі гарантуюцца працаўнікам, якія заняты на адкрытым паветры або ў неацяпляльных памяшканнях, дадатковыя сацыяльныя перапынкі, калі сярэднясутачная тэмпература паветра не перавышае 10 градусаў цяпла.

У дакуменце пакінуты пункт, згодна з якім работнік павінен быць папярэджаны аб істотных змяненнях умоў працы за 30 дзён. А таксама норма аб тым, што прафсаюзы маюць права ўдзельнічаць у абмеркаванні ўмоў кантракта. Гэта неабходна для таго, каб у кантракт былі ўключаны ўсе гарантыі, прадугледжаныя працоўным заканадаўствам і калектыўным дагаворам.

Не сакрэт, што некаторыя прадпрыемствы вымушаны звяртацца да такой меры, як прастой. Работнікам на гэты час зменшвалася аплата працы. У новую рэдакцыю Працоўнага кодэкса прыняты наступны дадатак: працягласць прастояў не можа сумарна перавышаць 6 месяцаў на працягу каляндарнага года.

Пры распрацоўцы законапраекта Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі заблакіравала некалькі прапаноў, якія пагоршылі б становішча работнікаў. Так, засталася непавялічанай магчымая колькасць звышурочных работ. Яшчэ наймальнікі галасавалі за тое, каб не існавала мяжы па колькасці неаплачаных адпускоў па прычыне спынення работы прадпрыемства. Прафсаюзы былі катэгарычна супраць, і гэта прапанова не прайшла.

Наш кар.



Добавить комментарий