У Валожыншчыны новы кiраўнiк:

Официально

1 жніўня на пазачарговай 20-й сесіі раённага Савета дэпутатаў XXVIII склікання на пасаду старшыні райвыканкама аднагалосна быў зацверджаны Яўген Міхайлавіч КРУКОВІЧ.

Перад дэпутацкім корпусам і кіраўніцкім складам раёна ўзгодненага Прэзідэнтам Беларусі гаспадара Валожынскай зямлі прадставіў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Міхайлавіч ІСАЧАНКА.

Яўген Міхайлавіч у 2008 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, а ў 2018-м прайшоў перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «кіраванне ў аграпрамысловым комплексе». Працоўную дзейнасць пачынаў галоўным аграномам філіяла ТАА «Завод аўтамабільных прычэпаў і кузавоў» «Маз-Купава» «Купава-Агра» Бярэзінскага раёна.

У 2010 годзе быў назначаны на пасаду першага намесніка старшыні, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бярэзінскага райвыканкама.

У 2017 годзе стаў дырэктарам УП «Бярэзінская Агратэхніка». А з 2019-га да моманту цяперашняга назначэння працаваў першым намеснікам старшыні — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта.

 

Выступаючы перад прысутнымі ў зале, губернатар Міншчыны адзначыў заслугі папярэдняга старшыні райвыканкама Мікалая Анатольевіча Астрэйкі, за тры гады пад кіраўніцтвам якога быў уведзены ў эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчы комплекс, адбыліся станоўчыя зрухі ў мадэрнізацыі сістэмы гарачага водазабеспячэння Валожына і інш. Назначаючы на пасаду новага кіраўніка раённай вертыкалі ўлады, Анатоль Міхайлавіч Ісачанка агучыў ускладаемыя на яго патрабаванні і спадзяванні. «Па меркаванні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, назапашаны практычны вопыт і мэтанакіраванасць дазволяць Яўгену Міхайлавічу вырашыць задачы, якія стаяць перад ім, – заявіў губернатар. – У сельскай гаспадарцы – павысіць эфектыўнасць работы, атрымаць як мага больш прадукцыі пры захаванні тэхналогіі і зніжэнні затрат. У 2018 годзе, для даведкі, 10 сельгасарганізацый Валожынскага раёна спрацавалі ніжэй за ўзровень 2017-га. За 6 месяцаў бягучага года тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 104,8% пры заданні 107,4%. У сферы эканомікі – прыняць меры па прыцягненні прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове: не годна, што Валожыншчына, з’яўляючыся, па сутнасці, прысталічным рэгіёнам, не мае сёння сур’ёзных прадпрыемстваў, якія павінны даваць і заработную плату, і падатковыя паступленні, і фарміраваць эканоміку ў цэлым. Таксама неабходна забяспечыць выхад усіх арганізацый на бясстратную работу. У будаўнічай галіне – устанавіць жорсткі кантроль за аб’ектамі жыллёвага будаўніцтва. Выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы, неабходна пабудаваць жыллё 91 шматдзетнай сям’і. Давядзецца вырашыць шэраг пытанняў у сацыяльнай сферы, удзяліўшы асаблівую ўвагу павышэнню заработнай платы. Узяць на асобы кантроль сітуацыю з вырашэннем складанай сітуацыі на рынку працы ў раёне». «Гэта задачы не толькі для старшыні райвыканкама, але і для ўсяго актыву Валожыншчыны. Іх вам і прадстаіць вырашаць разам з новым старшынёй», – сказаў Анатоль Ісачанка.

І, зразумела, выказаныя патрабаванні будуць няўхільна выконвацца. Яўген Міхайлавіч у першы ж дзень пачаў падрабязна знаёміцца з сітуацыяй і праблемамі рэгіёну, абазначыў галоўныя прыярытэты дзейнасці службам на бліжэйшую перспектыву. У інтэрв’ю журналістам ён паведаміў, што адным з даручэнняў Прэзідэнта Беларусі яму з’яўляецца разгляд зваротаў грамадзян, вывучэнне праблем людзей, па магчымасці – усямерная падтрымка і дапамога. І работа ў названым кірунку ўжо стартавала.

У падтрымку Яўгена Міхайлавіча выступілі паважаныя і аўтарытэтныя ў раёне людзі.

Першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Сяргеевіч ЧЫЧКІН:

– Не сакрэт, што ў сельскай гаспадарцы працуюць людзі мэтанакіраваныя і адданыя сваёй справе. Яўген Міхайлавіч – адзін з такіх. Ён прафесіянал, які ўмее дабівацца пастаўленых задач. Упэўнены, у яго атрымаецца згуртаваць калектыў раёна і дасягнуць значных вынікаў па ўсіх напрамках.

Дырэктар СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» Генадзь Уладзіміравіч БЫЧКОЎСКІ:

– Я аддаў усё жыццё сельскай гаспадарцы і для мяне немалаважна, што кіраўніком раёна сёння становіцца чалавек «ад зямлі». Ён дэталёва ведае пытанні аграпрамысловага комплексу, курыраваў гэты напрамак. А значыць, зможа дастойна павесці раён да новых вышынь.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

 



Добавить комментарий