Сёння вiртуальна — заўтра рэальна

Кругозор

Праграма “Сямейны капітал” у Беларусі – асаблівая сістэма матэрыяльнай падтрымкі шматдзетных сем’яў. Гэта знакавая доўгатэрміновая мера існуе з 2015 года і фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту. З самага пачатку яе дзеяння ў краіне было адкрыта 11 тысяч рахункаў, на якія налічаны па 10 тысяч долараў ЗША. Найбольш зваротаў па гэтым пытанні зарэгістравана ў 2016 годзе – 19 тысяч. Апошнія гады лічба вагаецца між 15-ю і 16-ю тысячамі.

У нашым раёне субсідыя налічана на дэпазітныя рахункі каля 400 сем’ям. За апошнія тры месяцы свае правы на яе рэалізавалі 12 сем’яў. Сярод уладальнікаў сямейнага капіталу – Надзея Мордас, Людміла Азарэвіч, Настасся Навіцкая і Юлія Гісіч з Валожына, Кацярына Бандарэвіч і Анжэла Навіцкая з Івянца, Вольга Кашуба і Любоў Навуменка з Паморшчыны, Таццяна Міхайлоўская з Каменя, Святлана Шыдлоўская з Сівіцы, Юлія Сцяпанава-Бірукова з Дораў. У сем’ях жанчын зараз выхоўваецца па трое дзетак. Алеся Сцепаненка з Каштаноўкі аформіла сямейны капітал пасля нараджэння пятай дачкі.

Як паведамілі ў аддзеле матэрыяльна-бытавога забеспячэння ўпраўлення па працфы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, скарыстаць пакуль што віртуальныя грошы сям’я зможа толькі пасля таго, як дзіця, на якое аформлены сямейны капітал, дасягне 18-годдзя. У аддзеле пільна сочаць, каб ніводная ячэйка грамадства, якая мае права быць удзельніцай праграмы, не марудзіла са зваротам у службу “Адно акно”.

Няцяжка падлічыць, што зрасходаваць сямейны капітал на вырашэнне пытанняў, звязаных з будаўніцтвам жылля, адукацыяй ці лячэннем, першым атрымальнікам можна будзе толькі праз 13 гадоў. Тым не менш, матулі і таты – удзельнікі праграмы – настроены аптымістычна. Большасць з іх разважаюць наступным чынам: “Дзяцей нарадзілі для сябе. Сёння, пакуль маладыя, можам шмат і плённа працаваць дзеля дабрабыту сваёй сям’і, самастойна вырашаць усе пытанні. Пазней, калі пасталеем, гэтыя сродкі будуць вельмі дарэчы”.

Спецыялісты ўпраўлення нагадваюць: 2019 год – завяршаючы для праграмы, што дзейнічае згодна з Указам Прэзідэнта № 572 “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сям’яў, якія выхоўваюць дзяцей”. Але хутчэй за ўсё яна будзе падоўжана яшчэ як мінімум на пяць гадоў, аб чым неаднойчы паведамлялася ў СМІ.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *