Жывёл гадуем згодна з правiламi

Официально

Часта на нумар “гарачай лініі” тэлефануюць жыхары раёна і цікавяцца правіламі ўтрымання свойскай жывёлы. За тлумачэннямі мы звярнуліся да кампетэнтнага спецыяліста, выконваючага абавязкі галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Уладзіміра ПЯТРОВА.

– Уладзімір Іванавіч, давайце пачнём гутарку з хатніх любімцаў. Раскажыце, што неабходна зрабіць, каб жаданне мець чатырохногіх сяброў не ішло ў разрэз з правіламі іх утрымання?

– Перш чым прывесці жывёлу ў дом ці кватэру, неабходна вызначыцца з пародай, прачытаць усё, што тычыцца яе прадстаўнікоў. Трэба мець на ўвазе: ёсць моцна агрэсіўныя сабакі, а гэта небяспечна. Ці, напрыклад, бываюць каты, ад якіх шмат поўсці, што можа выклікаць алергічную рэакцыю. Розныя пароды па-рознаму харчуюцца і хварэюць таксама па-рознаму. Параіў бы цвяроза ацаніць уласныя магчымасці і задаць сабе наступныя пытанні: наколькі шмат часу магу ўдзяліць гадаванцу, хто будзе яго выгульваць, ці знайду сродкі на яго лячэнне, калі захварэе? Можа атрымацца, што вы не гатовы на практыцы ажыццяўляць неабходны догляд, а тады што рабіць – на вуліцу? Да таго ж хатнія гадаванцы часта становяцца прычынамі “суседскіх войнаў”. Таму вельмі ўважліва прачытайце нарматыўны дакумент пад назвай “Правілы ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнагляднай жывёлы ў населеных пунктах Рэспублікі Беларусь”. Згодна з ім у любой кватэры шматпавярховых дамоў можна трымаць не больш за дзве жывёлы. Прычым, калі гаспадароў жылля некалькі, – не больш за аднаго гадаванца на сям’ю пры ўмове згоды кожнага нават паўналетняга жыхары кватэры. Таксама ў трохдзённы тэрмін неабходна ажыццявіць рэгістрацыю жывёлы і абавязкова правесці вакцынацыю. Зазначу: за парушэнне правілаў грамадзяне нясуць адказнасць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

– Наколькі актыўна жыхары Валожыншчыны рэгіструюць сваіх любімцаў?

– На вялікі жаль, зусім не актыўна. Моладзь – часцей. Пажылыя ж людзі аргументуюць наступным чынам: мы ўсё жыццё трымалі катоў, і ніколі ніхто не ставіў іх на ўлік. Сапраўды, раней было так. Але ж час мяняецца. Заканадаўства ўдасканальваецца. Людзям неабходна разумець, што некаторыя яго палажэнні існуюць для іх жа бяспекі, а таксама для абароны правоў тых людзей, якім апантаная любоў да фаўны асобных грамадзян не павінна ўскладняць жыццё. Ніхто без выключэння не мае права ставіць пад пагрозу эпідэміялагічную сітуацыю як ва ўласнай кватэры, так і ў ва ўсім доме і, тым больш, у населеным пункце ці ўвогуле на тэрыторыі раёна.

– Рэгістрацыя – справа клапотная?

– Гэта простая і бясплатная працэдура. Вяскоўцы звяртаюцца ў сельвыканкам, гараджане – у жылкамунгас. У дзень падачы заявы (прыходзіць трэба з пашпартам) вы атрымаеце пасведчанне і жэтон на свайго выхаванца. Рэгістраваць неабходна толькі катоў і сабак. Згодна з правіламі, пра факт набыцця хатняй жывёлы ў трохдзённы тэрмін патрэбна паведаміць аб гэтым у ветэрынарную службу. Калі жывёле тры месяцы, яе неабходна прышчапіць ад шаленства. І паўтараць гэту працэдуру штогод.

На шаленстве хацеў бы затрымаць увагу чытачоў. Гэта небяспечнае інфекцыйнае захворванне. Таму не раю выпрабоўваць лёс тым, хто сутыкнуўся з неадэкватнымі паводзінамі жывёлы і атрымаў укусы. У гэтых выпадках як мага хутчэй звяртайцеся за медыцынскай дапамогай. Не забывайце: хварэюць як дзікія жывёлы, так і свойскія. У мінулым годзе на тэрыторыі раёна былі зарэгістраваны 33 выпадкі шаленства. У спісе – каровы, лісіцы, сабакі, каты, конь і лось. Вельмі асцярожна трэба ставіцца да бадзяжнай жывёлы – менавіта яны часта становяцца пераносчыкамі мікраспарыі, стрыгучага лішаю, шаленства і іншых захворванняў.

– Адносна бадзяжных катоў думка ў людзей розная. Адны іх падкармліваюць, іншыя “звоняць ва ўсе званы”, патрабуючы прыняць адпаведныя меры.

– Як выконваючы абавязкі галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна настойваю: бадзяжнай жывёлы быць не павінна. Аматары коцікаў робяць дрэнную справу, калі іх кормяць. Лепш было б, каб забралі дадому і правялі неабходныя працэдуры ці знайшлі новага гаспадара. Увогуле, каб выправіць сітуацыю – пазбавіць райцэнтр і сельскія населеныя пункты ад гэтай праблемы, павінен паклапаціцца жылкамунгас. Інакш рост нічыйных катоў і сабак можа стаць мінай запаволенага дзеяння. Дамашніх гадаванцаў пажадана стэрылізаваць. Каштуе гэта невялікіх грошай – думаю, што на такую справу 35 рублёў можна знайсці. Дарэчы, на ўзроўні вобласці ў нас расцэнкі – адны з самых нізкіх. Таму, паважаныя валожынцы, звяртайцеся ў раённую ветэрынарную станцыю.

– Што тычыцца гадоўлі жывёлы, ад якіх гаспадары маюць карысць, – кароў, свіней і інш. На якія нюансы неабходна звяртаць тут увагу?

– Кожны, хто жадае мець падсобную гаспадарку, павінен весці яе згодна з Ветэрынарнымі правіламі ўтрымання прадукцыйнай жывёлы ва ўласных падсобных гаспадарках грамадзян. Яны ўстанаўліваюць шэраг патрабаванняў і з’яўляюцца абавязковымі для кожнага гаспадара. Напрыклад, згодна з правіламі тэрыторыя падсобных гаспадарак павінна быць агароджана з мэтай недапушчэння кантакту з дзікімі жывёламі, а розныя віды жывёлы ўтрымлівацца асобна. Правіламі рэгламентуецца парадак кармлення і догляду жывёлы, забеспячэнне ветэрынарнай дапамогі, пахавання. Маецца шмат асобных рэкамендацый для гаспадароў, якія гадуюць свіней.

– Якія пакаранні чакаюць тых, хто дапускае парушэнні?

– Частка першая артыкула 15.47 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за парушэнне правілаў утрымання сабак, катоў і (ці) драпежнай жывёлы ў выглядзе папярэджвання ці накладання штрафу ў памеры ад адной да пятнаццаці базавых адзінак. Артыкул 15.38 прадугледжвае штраф у памеры ад дванаццаці да пяцідзесяці базавых велічынь. Парушэнне правілаў каранціну ці іншых каранцінных арганізацый, скіраваных на барацьбу з заразнымі захворваннямі жывёлы, ці нясвоечасовае альбо няпоўнае правядзенне мерапрыемстваў па ліквідацыі ачагоў заразных захворванняў жывёлы прадугледжавае штраф у памеры да пяцідзесяці базавых велічынь.

– І яшчэ адно пытанне: ці захоўваецца ў нашым раёне пагроза распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней?

– Уся тэрыторыя краіны адносіцца да другой зоны па гэтым захворванні. У нашым раёне апошнія ачагі былі зарэгістраваны ў 2018 годзе (адзін выпадак у прыватным сектары, другі – у дзікай прыродзе). АЧС – востразаразная захворванне, якое выклікае гібель усёй заражанай жывёлы. Інфекцыя паражае свойскіх і дзікіх свіней усіх узростаў. Вірус устойлівы да тэмпературнага рэжыму, уключаючы высушванне, замаражванне і гніенне. У мясе інфіцыраваных свіней і вэнджаным мясе ён захоўваецца на працягу 5-6 месяцаў. Галоўная крыніца інфекцыі – хворыя і загінуўшыя свінні. Нават тыя жывёлы, якія выжылі пасля хваробы, доўгі час застаюцца носьбітамі віруса, які перадаецца праз корм, подсціл, гной, кляшчоў, прадукты забою свіней.

– Нагадайце, калі ласка, прыкметы АЧС.

– Павышэнне тэмпературы цела да 41,5-42.0 градусаў, адсутнасць апетыту, павышаная смага, парушэнне стрававання, прыгнечаны стан. Назіраецца таксама крывацёк з носу. На скуры, вушах, унутранай паверхні сцягна ўзнікаюць барвовыя плямы, якія не блякнуць пры націсканні. Для людзей АЧС небяспекі не ўяўляе, затое пагражае знішчэннем усяму пагалоўю свіней, а гэта – велізарныя эканамічныя страты. На жаль, вакцына ад афрыканскай чумы свіней пакуль не распрацавана.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий