Маем тысячу тон!

Аграрный сектор и промышленность

На Валожыншчыне ўшанавалі першы камбайнавы экіпаж, які намалаціў больш за тысячу тон зерня. Героямі жніва сталі старшы камбайнер Павел ПАЛЯШЧУК і камбайнер Аляксандр СМОЛІК з КСУП “Валожынскае”.

Віншаваць тысячнікаў прыехаў старшыня райвыканкама. Яўген Круковіч другі дзень, як прыступіў да выканання сваіх абавязкаў у якасці кіраўніка раёна, але знайшоў час, каб асабіста ўручыць лепшым хлебаробам ліст з падзякай і падарункі. Яўгеній Міхайлавіч адзначыў, што намаганні працавітага дуэта цяжка пераацаніць – з 28 тыс. тон агульнараённага наматолу іх асабісты ўклад складае 1012 тон, а гэта значны працэнт. Такой работай можна і патрэбна ганарыцца.

З падарункамі прыбылі таксама старшыня Валожынскага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Уладзімір Ціханоўскі. Яны прывезлі механізатарам, якія да таго ж з’яўляюцца маладзёжным экіпажам, узнагароды за перамогу ў абласной акцыі “Маладая Міншчына – за ўраджай”. Да віншаванняў далучыліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гідлеўскі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, член раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Вікенцій Адамовіч. На жаль, Аляксандр Смолік не змог прысутнічаць на ўрачыстасці. Віншаванні з перамогай за яго прыняў яшчэ адзін камбайнер гаспадаркі Яўген Паляшчук.

Многа цёплых слоў прагучала ў гэты дзень у гонар працавітых маладых людзей. Некалькі канцэртных нумароў падарылі прысутным заслужаны аматарскі калектыў “Гасцінец” з Ракава, дуэт РЦК – салістка Вольга Дзедуль і баяніст Антон Таўгень.

Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ

Браты Павел і Яўген ПАЛЕШЧУКІ.



Добавить комментарий