Што паставiм на стол узiмку?

Летам з кухняў даносяцца такія дзівосныя пахі: гаспадыні вараць варэнне, марынуюць агародніну, сушаць грыбы і лекавыя травы. Традыцыя рабіць запасы на зіму ідзе з глыбокай даўніны, а заквашаная па старадаўніх рэцэптах капуста, мочаныя яблыкі ці салёныя рыжыкі і сёння запатрабаваны як для прыгатавання хатніх стаў, так і ў дарагіх рэстаранах.

Асаблівы росквіт “закатак” выпаў на эпоху дэфіцыту ў савецкі час. Менавіта тады людзі навучыліся не толькі гатаваць смачную ежу “з нічога”, але і апрацоўваць яе для доўгатэрмінвага захоўвання. Памятаеце варэнне з кветак адуванчыка, кансерваваныя часночныя стрэлкі, аджыку з зялёных памідораў і кабачковы кампот? Паліцы кладовак і скляпоў “ламаліся” (нярэдка ў прамым сэнсе) ад рознакаляровых слоікаў. Ствараліся новыя рэцэпты салатаў: з рысам, фасоляй, грыбамі і нават рыбай і мясам. Бывала, што ўся работа прападала дарэмна – закаткі мутнелі, узрываліся. І гэта яшчэ не самы дрэнны варыянт. Куды горш, калі атручваліся цэлыя сем’і, а бывала, што няправільна перапрацаваныя прадукты выводзілі са строю гасцей на балях, “падкошвалі” сватоў на вяселлі.

Аднак перажыўшы нападкі медыкаў і дыетолагаў, ганенні з боку праціўнікаў і праціўніц кабалы ў выглядзе хатніх спраў, “закаткі” выжылі і застаюцца запатрабаванымі. Больш таго, дзякуючы Інтэрнэту ў ход ідуць усё новыя рэцэпты. Аказваецца, меркаванне наконт таго, што еўрапейскія гаспадыні не ўмеюць і не займаюцца кансерваваннем – памылковае. Яны таксама не ігнаруюць гэты від кулінарыі.

Пабываўшы ў мінулы чацвер на валожынскім кірмашы, магу сказаць, што для прыхільнікаў дамашняга кансервавання тут сапраўдны “кландайк”. Здаецца, тут прадаецца ўсё, што толькі можна пажадаць. Ягады: ажыны, чарніцы, дурніцы, агрэст, чорныя парэчкі, маліны. І нават духмяныя трускаўкі. Цэннікі нятанныя, але калі ёсць вострая патрэба прыгатаваць цуда-канфіцюр, то абмежаванняў няма. Асартымент садавіны і агародніны таксама ўражвае. Агуркі прадаваліся коштам ад 50 капеек і вышэй, бульба – ад рубля. У разрад танных тавараў трапілі буракі, морква, капуста, цыбуля. Патаннелі баклажаны – 2 рублі за кілаграм. На 20 капеек за іх даражэйшыя перцы і памідоры. Цэны на яблыкі і грушы новага ўраджаю вагаюцца ў памеры 2 рублёў, абрыкосы можна набыць па 3 рублі 30 капеек. Самы дарагі тавар – часнок айчыннай гадоўлі па 6 рублёў.

Прадстаўнікі прыватнага сектару таксама маюць чым парадаваць пакупнікоў. У іх можна купіць свежыя грыбы, яйкі, спаржавую фасолю, базілік і іншую зеляніну. Пчаляры прадаюць мёд па 7 рублёў за паўлітровы слоік. У мясным павільёне бойка ішоў гандаль свінінай, ялавічынай, субпрадуктамі. Свіная разрубка рэалізоўвалася па 6 рублёў 99 капеек, ялавічына ў залежнасці ад катэгорыі – ад 7 да 13 рублёў за кілаграм.

Попыт на ўсе тавары харчовай групы быў відавочным. Наведвальнікі рынку вярталіся дадому з нагружанымі сумкамі і пакетамі. Нешта з гэтых пакупак будзе перапрацавана на зіму.

Людміла ШЧАРБАЧЭВІЧ, жыхарка Саланой:

– У былыя гады людзі ставілі куды больш розных закатак, варылі вёдрамі” варэнні, бочкамі салілі агуркі, капусту, мачылі антонаўкі. Грыбоў імкнуліся паболей насушыць. Цяпер ні то апетыты змяніліся, ні то патрэба ў такой колькасці загатовак адпала. Паглядзіце – у магазінах круглы год усё свежае прадаецца. У апошнія часы і ў мяне асартымент загатовак памяняўся. Амаль адмовілася ад марынаваных салатаў, затое шмат стаўлю вінаграду. Вырасціла яго сама з маленькіх парасткаў, маю некалькі сартоў. Гатую віно, наліўкі, кампоты. А закатаныя ў трохлітровыя слоікі гронкі вельмі любяць унукі. Трымаем дома гаспадарку. Лічу, што бройлерных курэй трымаць выгадней, чым свіней. У пачатку лета купіла дваццаць птушак. Яны ўжо нагулялі мяса, нараблю тушонкі, каб хапіла на ўсю зіму. Не разумею людзей, якія ў сезон нарыхтовак нічым не заклапочаны. Гэта неяк не па-гаспадарску…

Тэрэза БІТЭЛЬ, жыхарка Вішнева:

– Не магу аднесці сябе да тых гаспадынь, якія апантаныя на закатках. Урэшце, як кажуць, не хлебам адзіным жыве чалавек. Аднак не ў маім характары бузаваць прадукты. Таму, калі здараецца вялікі ўраджай агуркоў ці памідораў – абавязкова папарадкую. Хутчэй за ўсё гэта будзе даўнейшы, традыцыйны метад засолкі без выкарыстання воцату і цукру. Калі наступае сезон – абавязкова квашу капусту. Гэта, пэўна, самая папулярная загатоўка ва ўсіх беларускіх сем’ях.

Часам магу спакусіцца на нейкі цікавы рэцэпт, падказаны вопытнай гаспадыняй. Лічу, што ў кожным доме павінен быць стратэгічны запас варэнняў: малінавага, парэчкавага, вішнёвага, яблычнае павідла для піражкоў. Так як жыву ў вёсцы, то не маю патрэбы несці з базару бульбу ці цыбулю. Але ж і вырасціць у агародзе ўсё немагчыма. Таму ў сезон стараемся абавязкова паласавацца кавунамі, дынямі, персікамі. Свежае куды карысней, чым перапрацаванае! Дарэчы, цэны на дары паўднёвых краін на рынку ўжо невысокія. Абавязкова нешта з гэтага сёння набуду.

Тэрэза ПАЗНОВІЧ і Ірэна КЕТРЫС, жыхаркі Валожына:

– “Закаткі” – не толькі работа, але і палёт фантазіі, своеасаблівая творчасць. Таму жанчыны заўсёды будуць імі займацца. Магчыма, не ў такіх аб’ёмах, як гэта рабілася раней. Пагадзіцеся, нягледзячы на вялікую колькасць марынаваных кансерваў у магазінах, цяжка адшукаць сярод іх нешта па-сапраўднаму смачнае, канкурэнтнае дамашнім агурочкам ці памідорчыкам. Ды і магчымасць з’эканоміць вялікую ролю адыгрывае. Шмат вітаміннай прадукцыі мы вырошчваем на дачы. Караняплоды наогул ніколі не купляем. У апошнія часы вельмі папулярным стаў такі від сезонных загатовак як замарозка. Выкарыстоўваць холад можна без абмежаванняў. І гэта значна прасцей, чым поркацца з дазіроўкай солі, воцату, цукру, стэрылізаваць слоікі. Сёлета мы толькі варэнне зварылі з алычы і трускавак, а таксама ўжо паставілі трохі агуркоў. Усё іншае ляжыць у маразілцы.

Павел МАЛЯЎКІН, жыхар Валожына:

– Многа дзе чытаў, што кансерваваць і марынаваць у дамашніх умовах небяспечна, а прадукты і наогул становяцца шкоднымі за кошт утрымання вялікай колькасці воцату, солі, цукру. Таму разумею, чаму ў некаторых сем’ях “закаткамі” не займаюцца. Але калі я вучыўся, мая мама перадавала мне розныя слоічкі з дамашнімі прысмакамі, то імі ніхто з маіх суседзяў па пакоі не грэбаваў. Нават тыя, хто агітаваў за здаровае харчаванне. Я вельмі люблю ўсё, прыгатаванае мамай. І не толькі таму, што смачна. “Закаткі” – гэта яшчэ і вельмі зручна. Зварыў бульбы, а то і проста адрэзаў лусту хлеба і хутка перакусіў. У дзяцінстве дык і наогул лепшай яды не было, чым батон, намазаны варэннем, і малако. Вядома, сам я нічога з прадуктаў доўгатэрміновага захоўвання прыгатаваць не магу, але маме заўсёды ахвотна дапамагаю. Ведаю, што кансерваванне патрабуе шмат намаганняў. Ды і грошай…

Анастасія БЯЛЯЎСКАЯ, жыхарка Валожына:

– Як толькі масава пачынае ісці садавіна і агародніна, наша кухня ператвараецца ў міні-завод па вытворчасці кансерваў. Ставім агуркі рознымі спосабамі засолкі і марынаду, салаты з рэзаных агуркоў і асарці. Выкарыстоўваем правераныя гадамі рэцэпты, але любім і самі прыдумваць нешта новае. Дзеці і ўнукі абажаюць маё фірменнае жэле з чырвоных парэчак. А сёлета паставілі ажыны ў соку чорных парэчак. Думаю, што гэта будзе нешта надзвычай смачнае. Не ігнаруем кабачкі. На зіму паставілі 16 паўлітровых слоічкаў ікры. А на штодзённы стол гатуем з іх шмат цікавых страў. З улікам таго, што на перапрацоўку ідзе вырашчаны самастойна ўраджай, атрымліваецца танна і карысна. Успамінаючы часы распаду Савецкага Саюза, калі на прылаўках магазінаў прапалі ўсе прадукты, мы выжылі толькі дзякуючы дачнаму ўчастку і хатнім нарыхтоўкам. А яшчэ ўменню майго мужа, Льва Вадзімавіча, збіраць і марынаваць грыбы.

Падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Рубрики

  • Новости БЕЛТА

  • Свежие записи

  • Архивы

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Курсы валют


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars