ЗРАБІЦЬ УСЁ АДРАЗУ НЕМАГЧЫМА

А вось тое, што не патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў, пастараемся па магчымасці вырашыць”, – паабяцаў старшыня райвыканкама Яўген КРУКОВІЧ падчас сустрэчы, якая прайшла ў сераду з жыхарамі мікрараёна Сельгастэхніка ў райцэнтры.

    Сход адбыўся ў актавай зале райаграпрамтэхнікі: у людзей мелася магчымасць не толькі задаць хвалюючыя пытанні, але і пазнаёміцца з новым кіраўніком раённай вертыкалі. І трэба адзначыць, што ў памяшканні было досыць шматлюдна. Як высветлілася з геаграфіі пытанняў, прыйшлі не толькі мясцовыя насельнікі і работнікі прадпрыемства, але і жыхары з цэнтра горада. Яўген Міхайлавіч адразу настроіў усіх прысутных на адкрыты і сумленны дыялог – у выніку за няпоўную гадзіну было ўзнята каля 20 болевых кропак.

    Жыхарку шматкватэрнага дома № 55 па вуліцы Чапаева хвалююць перабоі з гарачай вадой: яна то ёсць, то няма, то ледзьве цёплая. Бывае даводзіцца паўгадзіны спускаць ваду, каб нарэшце з крана і сапраўды пайшла гарачая. Таму, пражываючы ўдваіх у кватэры, за месяц яны расходуць па 12 кубоў, а гэта немалыя грошы для пенсіянераў.

    Больш за 10 гадоў чакаюць пракладання цэнтральнай каналізацыі гаспадары ўласных дамоў па вуліцы Савецкай у Валожыне: у 2011 годзе нават быў зроблены праект на адпаведныя работы, аднак з-за недахопу сродкаў справа так і не зрушылася з месца. Многія з уласнікаў не супраць стварыць кааператыў, але ім трэба садзейнічанне і кансультацыя з боку адпаведных службаў.

   Ад імя аўтаўладальнікаў выступіла жанчына, якую непакоіць стан дарог у горадзе: мала таго, што выбоіна на выбоіне, дык і ямачны рамонт камунальнікі праводзяць няякасна: здаецца, залатаюць, а праз месяц-другі яшчэ большая яма ўтвараецца.

    Адразу некалькі пытанняў задаў старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Міхаіл Невядомскі. Яго бацькі пражываюць у аграгарадку Пяршаі, непадалёк іх дома ўстаноўлена калонка, з-пад якой цячэ вада. Пажылыя хворыя людзі звярталіся ў розныя інстанцыі, але вырашыць так нічога і не ўдалося. Нядаўна ў адным з былых жылых дамоў па вуліцы Чапаева адкрыўся новы камерцыйны магазін: гандлёвую кропку ацанілі добра, аднак гаспадар не паклапаціўся аб тым, каб сюды маглі зайсці і людзі з інваліднасцю. Узнікае пытанне: чаму ўлада, даючы дабро на адкрыццё сацыяльна значнага аб’екта, не прадугледзела стварэнне безбар’ернага асяроддзя? Таксама Міхаіла Аркадзьевіча турбуе дрэнны стан аўтавакзала, расклад руху гарадскога аўтобуса – пасля 18 гадзін даехаць, асабліва з паліклінікі, якая, дарэчы, працуе да 20.00, няма на чым: даводзіцца выклікаць таксі.

     Пытанне абсталявання дзіцячай пляцоўкі ўзняла адна з прысутных. Па яе словах, былі арэлі, але камунальная служба іх вывезла, нічога так узамен і не паставіўшы. Некуды зніклі і лаўкі, таму пасядзець няма на чым. Ніхто не звяртае ўвагі і на пясочніцы, пясок куды не завозіўся, напэўна, з моманту іх устаноўкі.

   Не так даўно быў зроблены капітальны рамонт у доме № 33, але парогі пры ўваходзе ў пад’езд залілі адрэзкамі. Жыхары гатовыя купіць плітку за ўласныя грошы, але просяць накіраваць да іх спецыяліста, які б яе паклаў.

    У шматпавярхоўцы № 27 жылкамунгас правёў замену даху, а вось рамонт у пад’ездах людзі зрабілі самі. Пры гэтым ім паабяцалі, што вокны на лесвічных пляцоўках установяць новыя. Прайшлі тры гады, а ў адказ – адны абяцанні. Яшчэ адна праблема – перапоўненасць грамадскага транспарту: у гадзіны пік трэба моцна пастарацца, каб уціснуцца ў аўтобус.

    Нядаўна ў мікрараёне закрылі аддзяленне банка, цяпер збіраюцца закрыць і пошту. Пенсіянеры ды і большасць мясцовых насельнікаў пастаянна тут атрымліваюць пенсіі, аплачваюць камунальныя паслугі, кладуць грошы на мабільны тэлефон, карыстаюцца іншымі паслугамі. Зараз жа нават па невялікай патрэбе давядзецца ехаць у горад. Было таксама ўзнята пытанне абсталявання невялікіх павільёнаў на прыпыначных пунктах у горадзе, бо схавацца ад непагадзі, чакаючы транспарт, няма дзе.

   Прагучала пажаданне і ў адрас раёнкі: чытаючы жадаюць, каб пра ўсе мерапрыемствы, што будуць праходзіць у раёне, паведамлялася загадзя. Людзі хочуць прымаць удзел у святах, бываць на канцэртах, сустрэчах.

    Падводзячы вынікі адкрытага дыялога, старшыня райвыканкама Яўген Круковіч адзначыў, што зрабіць усё адразу немагчыма. А вось тое, што не патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў, пастараюцца па магчымасці вырашыць. Яўген Міхайлавіч звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што ўсе мы жывём у адным горадзе, і кожнаму хочацца, каб ён быў чысты, прыгожы, уладкаваны. Аднак пра гэта павінна дбаць не толькі ўлада, але і яго жыхары. Кіраўнік раёна прывёў у прыклад горад Барысаў, дзе сёлета пройдуць абласныя дажынкі. Рыхтуючыся да маштабнага свята, там кожны тыдзень праходзяць суботнікі – парадак наводзяць усе разам. Уключаецца ў работу і насельніцтва, бо, калі чалавек уласнымі рукамі прыб’е дошку на лаўцы, пафарбуе плот ці прыбярэ ля пад’езда, ён зусім па-іншаму будзе ставіцца да таго, што сам зрабіў. Што тычыцца добраўпарадкавання тэрыторый ля шматкватэрных дамоў, то мяркуецца, што іх, як калісьці было, замацуюць за прадпрыемствамі – такое меркаванне выказаў і Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, назначаючы новых кіраўнікоў раёнаў. Калі гаварыць пра рамонт дарог, то патрабуюцца каласальныя грашовыя ўліванні. У раённай казне ёсць грошы, атрыманыя ад продажу праз аўкцыён зямельных участкаў у Ракаве і Івянцы, сродкі, выдзеленыя на азеляненне. У райвыканкаме паспрабуюць пераразмеркаваць артыкулы расходаў, але сёлета плануецца зрабіць добрае пакрыццё на адрэзку дарогі ад воінскай часці да касцёла, а таксама ўздоўж Дома быту і кінатэатра ў райцэнтры. Шмат увагі будзе нададзена адраджэнню прамысловых прадпрыемстваў: “Нічога закрываць не будзем, – падкрэсліў Яўген Міхайлавіч. – Паспрабуем укараніць новаўвядзенні, каб пазбіраць калектывы”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Рубрики

  • Новости БЕЛТА

  • Свежие записи

  • Архивы

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Курсы валют


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars