НА КАРЫСЦЬ АГУЛЬНАЙ СПРАВЫ

Официально

    Калі гаворка заходзіць пра ўзвядзенне новых сацыяльна значных аб’ектаў ці жылля, мы часцей за ўсё ўспамінаем будаўнікоў, забываючы пра тое, што іх работа – бачны бок складанай справы. А, між іншым, перш чым будаўнічая арганізацыя прыступіць да непасрэднага ўвасаблення таго ці іншага праекта, праводзіцца вялікая папярэдняя работа структурай, якая выступае заказчыкам. І менавіта ад кампетэнтнасці яе спецыялістаў залежыць поспех у агульнай справе. Гаворка ідзе пра Дзяржаўнае прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Валожынскага раёна”. Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся і пагутарылі з выконваючым абавязкі дырэктара Дзмітрыем ХАРКОВІЧАМ.

     – Дзмітрый Уладзіміравіч, патлумачце, калі ласка, за якія моманты падчас будаўніцтва адказваюць спецыялісты ўпраўлення?

     – Мы нясём адказнасць за ўвесь працэс, пачынаючы ад ідэі, заканчваючы здачай у эксплуатацыю. Нашы спецыялісты ажыццяўляюць кантроль за ходам будаўніцтва кожнага з аб’ектаў на тэрыторыі раёна. Да функцый упраўлення адносяцца: збор зыходных даных для распрацоўкі праекта; выбар падрадчыка як для стварэння праекта, так і для выканання будаўнічых работ; тэхнічны нагляд за правядзеннем будаўніцтва незалежна ад ступені яго складанасці. Мы ўдзельнічаем у здачы ўзведзеных будынкаў, кантралюем якасць работ на здадзеных аб’ектах. Без нашага дазволу амаль ніводзін будынак не будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Кантроль за расходаваннем бюджэтных сродкаў, выдзеленых на будаўніцтва, – таксама наша задача.

   Што тычыцца супрацоўніцтва з прыватнымі асобамі, аказваем паслугі па падрыхтоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі для індывідуальнага будаўніцтва. У асноўным бяром на сябе падрыхтоўку пакета дакументаў “пад ключ”, але разглядаем і гатовыя праекты, з якімі да нас звяртаюцца жыхары раёна ці асобныя арганізацыі.

    – Як ідуць справы на асноўных будоўлях раёна?

    – Адзін з буйнейшых аб’ектаў, на якіх сёння праводзяцца работы, – аддзяленне дзённага наведвання інвалідаў ТЦСАН. Стары будынак на вуліцы Набярэжнай поўнасцю рэканструецца: замены дах і парушаныя канструкцыі, дабудавана новае крыло, устаноўлены ліфт, вядуцца іншыя работы. Да таго ж у бліжэйшы час там пачнецца будаўніцтва новай кацельні, запланавана сур’ёзнае добраўпарадкаванне тэрыторыі. На этапе завяршэння – работы па стварэнні сістэмы водазабеспячэння ў вёсцы Стары Ракаў.

    – Будаўніцтва якіх новых аб’ектаў запланавана на бліжэйшы час?

    – Яшчэ ў бягучым годзе плануецца пачаць будаўніцтва новага сацыяльнага дома на 50 кватэр, а таксама працягваць пашырэнне інжынернай сеткі на ўчастках для забудовы індывідуальнымі жылымі дамамі. Усё гэта – у новым мікрараёне за магазінам “Еўраопт” у райцэнтры. Ёсць надзея, што хутка распачнецца будаўніцтва новага дзіцячага сада ў г. п. Івянец. Зараз праект знаходзіцца на экспертызе. Пры добрым заключэнні работы на адведзеным участку (насупраць школы) распачнуцца ў бліжэйшыя месяцы. На 2020 год запланавана ўзвядзенне двух 40-кватэрных дамоў у Валожыне і па адным 60-кватэрным у Валожыне, Ракаве і Паморшчыне. 

   – Як лічыце, што патрэбна для таго, каб будаўнічая галіна на Валожыншчыне выйшла на новы ўзровень?

    – Для таго, каб усе нашы праекты былі ўдалымі, разлікі – дакладнымі, планы – рэальнымі, а будынкі – прыгожымі, утульнымі і надзейнымі, неабходна як мага больш граматных, з выдатнай прафесіянальнай падрыхтоўкай людзей. У кожнага з іх павінна быць сваё, добра акрэсленае кола абавязкаў і ўзровень адказнасці.

   – Ваша пажаданне супрацоўнікам УКБ, спецыялістам іншых арганізацый, для якіх Дзень будаўніка – прафесіянальнае свята.

    – Кожны, хто шчыруе ў нашай галіне, пачынаючы са спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і заканчваючы рабочымі, варты таго, каб зарабляць добрыя грошы. І не дзіва – ад нашых агульных намаганняў залежыць якасць жыцця грамадзян. Таму адназначна жадаю прафесіяналам ад будоўлі годнай аплаты іх намаганняў, выдатнага здароўя, бадзёрасці і настрою на плённую працу.

Гутарыла

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *