Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

8 маладых лейтэнантаў папоўнілі афіцэрскую сям’ю воінскай часці № 30695 у Валожыне.
Большасць новаспечаных афіцэраў – выпускнікі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, сярод іх – ураджэнец нашага раёна Мікалай Таўгень. Некалькі маладых спецыялістаў скончылі ўстановы ваеннага профілю Расійскай Федэрацыі: Чарапавецкае вышэйшае ваенна-інжынернае вучылішча радыёэлектронікі і Ваенна-касмічную акадэмію імя Мажайскага. Пасля заканчэння Чарапавецкага вучылішча на службу ў Валожын прыбыў Аляксей Галіеў, які працягвае афіцэрскую дынастыю: яго бацька Сяргей Вячаслававіч Галіеў некалькі гадоў быў камандзірам валожынскай часці.

На бягучы год па спецыяльнай дзяржаўнай праграме на выкананне работ па забеспячэнні супрацьпажарнай бяспекі нашаму раёну было выдаткавана 6000 рублёў.
Па даных на 1 жніўня, асвоена 5999,37 рубля. Бюджэтныя сродкі пайшлі на рамонт альбо замену электраправодкі ў домаўладаннях адзінокіх пажылых грамадзян, інвалідаў I і II груп, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама на набыццё аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і пярвічных элементаў харчавання да іх. Такім чынам за бюджэтныя грошы адрамантаваны электраправодкі ў 12 домаўладаннях і ў 8 устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі. Для забеспячэння пажарнай бяспекі ў жніўні дадаткова выдзелена 2,5 тысячы рублёў бюджэтных сродкаў.

2 жніўня адбылося свята вёскі Міхайлоўшчына Ашмянскага раёна “Пад покрывам Святога Іллі”. На сваю малую радзіму ў якасці ганаровага госця была запрошана кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч.
Сустрэча з землякамі – заўсёды вялікая радасць для паэткі, крыніца натхнення. Многа вершаваных радкоў прысвяціла яна таму месцу, дзе нарадзілася і вырасла, дзе напісала першыя вершы, адкуль выйшла ў самастойнае жыццё. На гэты раз падарыла аднавяскоўцам новы вялікі верш “Маёй малой радзіме”.

Многія магазіны райспажыўтаварыства на працягу некалькіх гадоў па розных прычынах стаяць закрытыя і паступова прыходзяць у заняпад. Асабліва шмат такіх будынкаў у сельскай мясцовасці. І добра, калі для іх знаходзіцца новы гаспадар.
Тры гады пуставала памяшканне магазіна прамтавараў у пасёлку Багданаў, што насупраць чыгуначнай станцыі. А ўжо месяц там працуе прыватная крама, якую адкрыў былы мясцовы жыхар Міхаіл Абрамовіч. У арандаваным будынку размясціліся магазін будаўнічых матэрыялаў, дзе таксама можна набыць мыючыя і чысцячыя сродкі бытавой хіміі, і сэканд-хэнд. За прылаўкам стаіць маці гаспадара – вопытны работнік Галіна Станіславаўна Абрамовіч. Дарэчы, аналагічныя магазіны плануюць адкрыць у Вішневе і Гародзьках. Для іх падбіраюцца адпаведныя памяшканні.

У выдавецтве ДУ “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” ўбачыў свет новы зборнік івянецкага паэта Дзмітрыя Краскоўскага “Жыццё вы не ўспрымайце ўсур’ёз”.
Праўда, на вокладцы можна ўбачыць творчы псеўданім паэта – Зміцёр Вольскі. Гэта даніна памяці свайму дзядулю. У зборніку сабраны гумарыстычныя вершы і пародыі на творы паэтаў з абласнога творчага аб’яднання “Жывіца”, членам якога таксама з’яўляецца аўтар.

У першыя выхадныя жніўня ва ўрочышчы Міхалова ля Ракава пад дэвізам “Мы – нашчадкі Вялікай Перамогі” праходзіў рэспубліканскі турыстычны злёт супрацоўнікаў ДАІ.
Культурную праграму арганізавалі работнікі нашага раёна. Народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца” тэматычна аформіла пляцоўкі ў стылі “Партызанскага лагера” з выкарыстаннем экспанатаў раённага краязнаўчага музея, раённай бібліятэкі і пакоя “Родам з СССР”, фотазоны. Тэматычную праграму падрыхтаваў і народны ансамбль народнай песні “Сваякі”.

У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў райцэнтры ідзе бягучы рамонт кабінета польскай мовы. Работы вядуцца за пазабюджэтныя сродкі сіламі сваіх работнікаў.
Зараз фарбуюцца сцены, якія папярэдне былі атынкаваны. Заменены дзверы, на падлозе будзе пакладзены ламінат. Зроблена падвясная столь, на якой з’явяцца новыя свяцільні.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Рубрики

  • Новости БЕЛТА

  • Свежие записи

  • Архивы

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Курсы валют


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars