Королём Воложинского футбола называют Александра Латышева, в память о нём вручается переходящий кубок

Культура

Напэўна, вам, дарагія чытачы, хаця б раз даводзілася чуць аб правядзенні ў нашым раёне турніру па футболу на кубак Латышава. У футбол гуляюць па ўсёй краіне, але не ў кожным раёне знойдзецца той, у памяць аб кім будуць арганізоўвацца спартыўныя спаборніцтвы. Хто ж быў чалавек па прозвішчу Латышаў, як ён жыў і чым заслужыў такую вялікую павагу і памяць нашчадкаў?

Вялікі чорна-белы партрэт у рамцы пад шклом. Спакойны, упэўнены, з гарэзлівай іскрынкай погляд маладога чалавека, валасы трохі завіваюцца, мяккія славянскія рысы твару. З маленькай кішэннай фотакарткі гэты партрэт перазняў і павялічыў трэнер-метадыст фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Надзея” Мікалай Мікалаевіч Рабцаў, у мінулым старшыня спарткамітэта Валожынскага райвыканкама. Менавіта ён прыйшоў у рэдакцыю і расказаў мне пра чалавека на партрэце – Аляксандра Сяргеевіча Латышава, які некалі прывёз з Масквы ў наш раён самы папулярны і масавы від спорту, што не ведае сабе роўных сярод спартыўных гульняў, – футбол. 160 краін удзельнічаюць у розыгрышах міжнародных кубкаў і першынстваў.

– А. С. Латышаў быў маім настаўнікам і трэнерам у ДЮСШ. Ён даў мне “пуцёўку ў жыццё”: я захапляўся яго працай, захацеў стаць спартсменам, паступіў у Магілёўскі тэхнікум фізічнай культуры.

Аляксандр Сяргеевіч ніколі не павышаў на каго-небудзь голас, я не чуў, каб з яго языка зляталі брыдкія словы. Для нас, правінцыяльных хлапчукоў, ён быў прыкладам выхаванасці і сціпласці. Сапраўдны інтэлігент. Але спуску нам не даваў. Вызначаўся строгасцю. Не цярпеў, калі на трэніроўках займаліся “спусціўшы рукавы”. І мы вельмі стараліся, хацелі, каб валожынская футбольная каманда лічылася лепшай у краіне.

Мячы тады былі са шнуроўкай, і калі такі прадмет у вяровачнай “кальчузе” выпадкова падчас гульні трапляў у твар, то пакідаў чырвоныя пісагі і сінякі. Але гэта не спыняла энтузіястаў, мы ведалі, што сіняк – нікчэмная дробязь у параўнанні з тым, што давялося перажыць нашаму настаўніку, – дзеліцца ўспамінамі М. М. Рабцаў.

А іх настаўнік з падмаскоўнага горада Купаўна хлопцам у васемнаццаць гадоў пайшоў на фронт. Спазнаў усе выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Змагаўся за вызваленне горада Кёнігсберга. Ён ведаў цану сваім баявым узнагародам, і нават ні адзін прэстыжны залаты спартыўны кубак не змог бы зацьміць бляску яго воінскіх заслуг.

Праз год пасля заканчэння вайны юнага Латышава накіравалі на звыштэрміновую службу ў Валожынскую воінскую часць. У тыя часы кожнаму камандзіру часці было дадзена заданне стварыць спартыўную каманду. Вучыць вайскоўцаў гуляць у “маскоўскі” футбол даверылі Аляксандру Сяргеевічу, які ў гэтай справе быў майстрам. Так і “пасяліўся” на Валожыншчыне самы папулярны від спорту.

З гісторыі вядома, што гуляць у мяч дзеля забавы першымі пачалі старажытныя грэкі. Для Латышава ж спартыўныя гульні былі не проста баўленнем вольнага часу, а сталі галоўным заняткам у жыцці – прафесіяй. Доўгі час ён узначальваў дабравольнае спартыўнае таварыства “Ураджай”, быў інструктарам па спорту на Валожынскім масласырзаводзе. А. С. Латышава часта запрашалі абслугоўваць абласныя і рэспубліканскія першынствы па футболу.

Ён аддана клапаціўся пра развіццё спорту на вёсцы, вельмі перажываў, што калектывы фізкультуры некаторых гаспадарак былі арганізацыйна слабыя. Аляксандр Сяргеевіч, як рымскі паэт Ювенал, заўсёды паўтараў: “У здаровым целе здаровы дух!” Не выпадкова, што і ўраджай узнагарод са шматлікіх спаборніцтваў каманда па футболу горада Валожына сабрала немалы. Нездарма некалі яна лічылася адной з мацнейшых каманд у Беларусі. Але, на жаль, з 2000 года замест вялікага футбола ў раёне стаў праводзіцца толькі міні-футбол…

Футбол вельмі дынамічная гульня. Яна патрабуе зладжаных дзеянняў ігракоў, умення дакладна і своечасова перадаваць мяч. Такая гульня развівае «пачуццё локця». А калі ёсць “локаць” – значыць ёсць надзейны таварыш, падтрымка, апора. Латышаў вучыў сваіх падапечных не толькі ўзаемавыручцы, але, сам таго не ведаючы, пасеяў у іх душах зярняты павагі і памяці да мінулага. Нездарма яго вучань М. М. Рабцаў у 1995 годзе звярнуўся да былога старшыні райвыканкама В. І. Малішэўскага з просьбай аб заснаванні турніру па футболу на кубак А. С. Латышава, у памяць пра гэтага незвычайнага чалавека. Прапанову адобрылі. І цяпер кожны раз падчас спаборніцтва на судзейскі стол выстаўляецца і партрэт маладога чалавека з гарэзлівай іскрынкай у вачах як галоўнага рэферы гульняў.

Аляксандр Сяргеевіч Латышаў любіў алегарычна зазначаць: “Жыццё – гэта футбол”. І сапраўды, людзі заўсёды спаборнічаюць адзін з адным, намагаюцца “забіць гол” праціўніку. Выступаюць то абаронцамі, то нападаючымі і панічна баяцца стаць аўтсайдарамі. Мячы і шары, як і людзі, трапляюцца самыя розныя: цвёрдыя ў більярдзе, пустацелыя – у настольным тэнісе, пругкія – у футболе або апераныя – як валан у бадмінтоне. У большасці лёс незайздросны: па іх стукаюць, штурхаюць нагамі, ганяюць па пляцоўцы. Але асабліва ўдачлівыя экзэмпляры ўкладваюць на паліцу, як дарагі падарунак з аўтографам на памяць.

Гульні з мячом узніклі ў глыбокай старажытнасці як частка рэлігійных абрадаў. Людзі верылі, што палёт мяча можа змяніць кірунак ветру або падоўжыць лета. Толькі, на жаль, не здольны зрабіць жыццё даўжэйшым.

Мяч Аляксандра Сяргеевіча Латышава спыніў свой палёт на 64 годзе з лікам 1:0. Памяць перамагла забыццё…

ЛЕГЕНДАРНЫ КУБАК

Спачатку кубак Латышава пераходзіў ад адной каманды-пераможцы да другой. Ён меў вышыню адзін метр і быў выраблены па спецыяльнаму заказу на заводзе мастацкай керамікі ў Івянцы. Пазней памятныя прызы закуплялі ў Валожынскім універмагу. Кубкам тады была ваза з крышталю. Сучасны кубак – “элегантны” бліскучы металічны трафей.

ФАКТ СА СПАРТЫЎНАГА ЖЫЦЦЯ

Быў выпадак, калі адным спякотным летам Валожынская каманда па футболу знаходзілася на спартыўных спаборніцтвах у Дзяржынску. Частку спартсменаў размясцілі начаваць на кватэру да мясцовай бабулькі. Спякота стаяла невыносная, нават ноч не ратавала ад гарачага дыхання зямлі. Заснуць было цяжка. Адзін хлопец не вытрываў, пайшоў на агарод, нарваў вялікі ахапак бульбянога бацвіння, якое паклаў сабе на ложак замест падушкі…

Раніцай бабка падняла плач, што ёй госці ўсю бульбу знішчылі.

– Не хвалюйся, бабуля, трэнер разлічыцца за страту, – супакойваў яе футбаліст.

Латышаў разлічыўся. Што не зробіш для сваіх падапечных. Як кажуць, не па службе, а па дружбе.

ФАКТ СА СПАРТЫЎНАГА ЖЫЦЦЯ

У 1998 годзе на стадыёне ў райцэнтры адбыўся таварыскі матч па футболу Валожын-Вялікабрытанія. Змагацца з ігракамі легендарнага англійскага клуба “Ліверпуль” было вельмі складана. Валожынцы хоць і прайгралі, але дастойна, з лікам 1:2. Галкіперам нашых варот тады быў сын А. С. Латышава Віталій. Англічане падарылі мясцовай ДЮСШ 50 выдатных мячоў.

Пасля матча ўсіх жадаючых частавалі півам з бочкі. Адна бабулька нават дадумалася стаць у чаргу з вядром: піва ж было бясплатнае. Замежныя госці нашага менталітэту не разумелі і, рагочучы, здымалі яе на камеру…

Алена ПАШКЕВІЧ.

ЗА ГАЗЕТНЫМ РАДКОМ

“…У нашым раёне яшчэ мала спартыўных збудаванняў. Кожнай брыгадзе – футбольнае поле, спартыўную пляцоўку – менавіта так стаіць цяпер пытанне. І шкада, што некаторыя кіраўнікі забываюць аб выкананні рашэння бюро райкама партыі, у якім ставілася задача аб будаўніцтве спартыўных пляцовак. Да дня 50-годдзя Савецкай улады мы павінны пабудаваць на сяле 105 футбольных палёў з бегавымі дарожкамі, 164 валейбольныя, 97 баскетбольных, 92 гарадошныя пляцоўкі, 92 стралковыя ціры. Такое ў нашых сілах. А каб з поспехам ажыццявіць намечаныя мерапрыемствы, патрэбна напружаная работа ўсіх калектываў, усёй моладзі.

Сельскаму спорту – шырокі прасцяг».

А. С. Латышаў, старшыня райспарттаварыства «Ураджай».

“Працоўная слава”, 1966 г.



Добавить комментарий