ЯК АДПАЧЫВАЮЦЬ ВАЛОЖЫНЦЫ

Лета – сезон адпускоў. Як правесці свой адпачынак, кожны вырашае для сябе сам. У апошні час модным стала здзяйсняць падарожжы ў розныя заморскія краіны, асабліва прыцягальнымі здаюцца паездкі на мора. У шматлікіх турагенцтвах абавязкова падбяруць тур на любы густ і кашалёк. Нехта ж застаецца верным ранейшым традыцыям і бавіць час дома і на дачы. Мы паспрабавалі даведацца, якому адпачынку аддаюць перавагу валожынцы.

 

Святлана ШАКУН

Святлана ШАКУН, жыхарка Валожына:

    – У водпуску бываю кожнае лета, бо працую настаўнікам. У час адпачынку аддаю перавагу занятку любімымі справамі. Прыемна пабыць дома, калі не трэба нікуды спяшацца, бегчы, хапацца за ўсё на хаду. Пра нейкія там мора, падарожжы, курорты, санаторыі і думаць не хачу. Лепш, чым дома, лічу, мне не будзе нідзе. Асаблівае задавальненне адчуваю ад працы на свежым паветры. Вельмі люблю кветкі і ім адводжу шмат месца на падворку ўласнага дома. Высаджваю так, каб з вясны да восені ва ўсіх куточках было цвіценне. Прыемна вечарам адпачываць на тэрасе, любавацца калейдаскопам кветак і ўдыхаць іх водар. У дажджлівае надвор’е знаходжу занятак у хаце. Займаюся рукадзеллем, радую блізкіх рознымі прысмакамі. Для іх прыгатавання выкарыстоўваю садавіну і гародніну са свайго падворка.

 

Ігар БАЗЫК

Ігар БАЗЫК, жыхар Валожына:

    – Адпачынак – справа сур’ёзная. І, праўду кажучы, на гэта не асабліва хапае часу. Але, калі з жонкай вырашаем, што пара перадыхнуць, адпраўляемся на мора. Некалькі разоў наведваліся ва Украіну, былі ў Егіпце. У такіх паездках абавязкова адкрываеш для сябе нешта новае, цікавае. Канешне, у фешэнебельным гатэлі вельмі камфортна, і маёй другой палавінцы на гэты час можна забыцца пра гатаванне ежы і іншыя хатнія справы. Яшчэ я з’яўляюся заўзятым аматарам мотаспорту. У мінулым годзе ў камандзе байкераў здзейсніў падарожжа ў Пецярбург. За суткі праехалі 1870 кіламетраў, гэта было для мяне першым дасягненнем. Колькі атрымаў станоўчых эмоцый, словамі не перадаць. Сёлета мае аднадумцы пабывалі аж за Мурманскам. На будучае запланавалі аб’ехаць на байках Крым. Такі від адпачынку прыносіць мне найвялікшае задавальненне.

 

Наталля ДРАГУНОВА

Наталля ДРАГУНОВА, жыхарка Валожына:

    – Адпачываю па-рознаму. Люблю і дома ў спакойнай абстаноўцы пабыць, а калі ёсць магчымасць, то і на мора з’ездзіць. Некалькі разоў была ва Украіне, наведвала Егіпет, але найбольш даспадобы прыйшлася Турцыя. Наогул, падарожжы ў іншыя краіны ўзбадзёрваюць, ажыўляюць, падымаюць настрой. Заўсёды цікава пазнаёміцца з чужой культурай, здзейсніць экскурсіі, сваімі вачамі пабачыць славутасці, наведаць цікавыя месцы і паспрабаваць стравы нацыянальнай кухні. Асобнай падставай для размовы з’яўляецца мора. Аздараўленчае ўздзеянне салёнай вады і гарачага пяску адчуваю на сабе кожны раз пасля паездкі. Здароўе адразу паляпшаецца, павышаецца працаздольнасць. Наогул, жыццё набывае новыя яркія колеры.

 

Таццяна Барэйша

Таццяна БАРЭЙША, жыхарка Валожына:

    – Да арганізацыі свайго адпачынку падыходжу вельмі сур’ёзна. Хочацца за час водпуску паправіць здароўе і набрацца сіл. Таму загадзя звяртаюся з заявай у камісію па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Пуцёўкі ў санаторыі не танныя, але частку кошту аплачвае прафсаюз. Час водпуску падбіраю адпаведна заезду. Адпачывала ў “Парэччы” Гродзенскай вобласці, “Нарачы” – на Мядзельшчыне, сёлета — у “Сасновым бары”, што ў Радашковічах. Успаміны заўсёды застаюцца толькі станоўчыя. Кваліфікаваныя спецыялісты падбіраюць неабходныя менавіта для майго арганізма працэдуры. Добразычлівыя медсёстры пунктуальна выконваюць усе назначэнні ўрача. У пакоях цёпла, светла і ўтульна. У дадатак да гэтага – збалансаванае 5-разовае харчаванне.

 

Наталля КЛІМЕНАК

Наталля КЛІМЕНАК, жыхарка Каштаноўкі:

    – Жыву ва ўласным доме, таму асабліва часу на адпачынак не маю. Наогул, без справы сядзець не люблю і не ўмею. Хочацца, каб і ў хаце, і на падворку, і ў агародзе парадак быў. А для гэтага трэба шмат працаваць. Затое якое задавальненне атрымліваеш, калі глядзіш на прыгожыя дагледжаныя клумбы, што радуюць буйствам фарбаў, збіраеш добры ўраджай і ўзімку частуеш блізкіх разнастайнымі саленнямі і варэннямі ўласнага прыгатавання. Пасля таго, як у мяне з’явіўся ўнук, жыццё стала больш падпарадкоўвацца яго патрэбам. У мінулым годзе ездзілі на мора ва Украіну, каб аздаравіцца. Малы часта пакутаваў ад прастудных захворванняў. Салёнае марское паветра, цёплая вада, гарачы пясок далі станоўчыя вынікі. Сёлета адпачывала дома. Займалася дарагім сэрцу ўнукам і любімымі справамі.

 

Ірына Трач

Ірына ТРАЧ, жыхарка Валожына:

    – Нячаста здараецца пабыць у водпуску, таму выкарыстоўваю гэты час для сям’і. Больш увагі ўдзяляю дзецям. Разам з імі наведваем разнастайныя забаўляльныя мерапрыемствы, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Сапраўднай цырымоніяй становяцца паходы ў бібліятэку. Старэйшая дачка сама выбірае кнігі, хаця, бывае, пытаецца і маёй парады. Сыну, які яшчэ толькі закончыў першы клас, стараюся нешта падказаць, параіць. Пасля дома чытаем уголас і разам абмяркоўваем. Калі ёсць вольная хвілінка, люблю заняцца вязаннем. Гэта мяне заспакойвае, дае зарад станоўчых эмоцый. Жывём з сям’ёй ва ўласным доме, таму хапае работы і на двары, і на агародзе. Спадзяюся, што некалі атрымаецца з’ездзіць на мора, хочацца папесціцца ў яго лагодных хвалях.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Рубрики

  • Новости БЕЛТА

  • Свежие записи

  • Архивы

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Курсы валют


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars