ЖНІВЕНЬ

Кожная хата ў жніўні багата.

    Жнівень сее, жне і косіць – на сталах багацця досыць.

    У жніўні сярпы грэюць, ды вада халодзіць.

    Што ў поле ўродзіць, жнівень знаходзіць.

    У жніўні панамі сярпы – маруды тады не цярпі.

    Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае.

    У жніўні і верабей піва варыць.

    У жніўні да абеда – лета, а пасля абеда – восень.

    У жніўні восень з летам барукаецца.

ЖНІВО

(урывак з паэмы “Новая зямля)

Ітак, заціхлі сенажаці,

Пайшла каса адпачываці,

Да часу звісшы над страхою,

Каб быць заўсёды пад рукою

На ўсякі выпадак, патрэбу.

Цяпер увагу дайце хлебу:

Сярпок крывенькі просіць дзела,

Жытцо падходзіць, пабялела,

Саломку выгнуўшы дугою,

Звісае колас над зямлёю,

А спела-поўныя зярняткі

Глядзяць, як снопкі-вачаняткі,

Нібы ім хочацца хутчэй як

Спаткаць-убачыць мілых жнеек.

                               Якуб КОЛАС

 

    Сучасная беларуская назва восьмага месяца года – жнівень, таксама як і старабеларускі серпень, адлюстроўвае прыродныя асаблівасці гэтай пары. Дарэчы, найменне серпень захавалася ва ўкраінцаў, чэхаў, палякаў.

    Жнівень – апошні месяц лета. Пасля ліпеньскай спёкі, грукату грому і навальніц ціхія дні жніўня асабліва прыемныя. У гэтага месяца больш спакойны стан надвор’я, у паветры пахне мёдам, яблыкамі, свежым іржэўнікам (іржышчам), кменам, кропам, агуркамі.

З’ЯВЫ ПРЫРОДЫ

    Здаецца, і лета яшчэ як лета: у лесе і на лузе ўся трава зялёная, і кветак на лясных палянах і лугах дастаткова, і сонца як быццам грэе па-ранейшаму шчодра і горача. Але ўсяму свой час. З першымі жнівеньскімі днямі адчуваецца набліжэнне восені. Ночы становяцца вільготнымі, даўжэйшымі і цёмнымі, на небе з’яўляецца шмат зорак, дні паступова скарачаюцца і ўжо халаднейшыя. Вечарам гусцеюць над нізінамі туманы – яны вызначаюцца не парнасцю, а добрай сцюдзёнай зябкасцю, ад вады цягне холадам, а раніцай амаль марозам дыхае густая серабрыстая раса. Падоўжаныя ночы нясуць прахалоду вадаёмам. Усё часцей на іх выпадаюць халодныя туманы. “Цвіценне” вады спыняецца. Яна становіцца чыстай і празрыстай. У гэты час рыба хоча “нагуляць” тлушч і становіцца больш актыўнай. Надыходзіць перыяд добрага клёву.

    У жнівеньскія дні ўсе колеры і пахі лета і восені змешваюцца. Лес пачынае пахнуць грыбніцай. Праз зялёную лістоту бяроз прабіваюцца жоўтыя лісткі. На змену звычайнай летняй ружова-фіялетавай афарбоўцы квітнеючых раслін паступова прыходзяць залаціста-жоўтыя колеры. На лужках, каля дарог, на выганах цвітуць жоўты лаганец, палын, жоўтым факелам палымнеюць піжмы. Цвітуць астра рамонкавая, урочнік, дробныя лімонна-жоўтыя галоўкі кмену, сухія бяссмертнікі. Большай жаўтлявасцю пакрываецца лістота кучаравых бяроз, жоўты дыванок пад бярозамі павялічваецца. “Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілля – апалі два”, – трапна прыкмячалі ў народзе. Паступова губляюць звычайную зялёную афарбоўку кусты арэшніку, пачынае блукаць лёгкая барвовасць у дрыготкіх прычосках асін. З кожным днём колькасць яркіх фарбаў прыбывае, мазаіка лісця і траў змяняецца.

    На змену ліпеньскаму ягаднаму багаццю прыходзяць ярка-чырвоныя гронкі брусніц і талакнянкі, на імшыстых балотцах напаўняюцца вішнёвым бляскам пацеркі журавін. У нізінах наваколле запаўняецца пахам спелай чаромхі. Быццам распаленыя вугольчыкі, зіхацяць сярод зелені галін гронкі бузіны. Нельга адарваць позірк ад ярка-чырвоных ягад каліны. Такую ж прыгажосць набывае і рабіна. У жніўні дастаткова сонечнага цяпла, каб наліліся сокам брусніцы. На ўзлесках, уздоўж палявых і лясных дарог спеюць плады шыпшыны. Жнівень вельмі шчодры на грыбы: усім вядомыя баравікі (белыя), падасінавікі і падбярозавікі, лісічкі і рыжыкі, ваўнянкі і грузды, маслякі і махавікі з’яўляюцца сапраўдным кладам расліннага мяса.

    Не лянуюцца ў гэты час дзікія жывёлы і птушкі, якія застаюцца зімаваць: усе спяшаюцца напоўніць свае кладоўкі зімовымі прыпасамі. Пакрысе крадуць з палёў і цягнуць зерне ў свае глыбокія норкі мышы і землярыйкі. Снуюць паўсюдна вавёркі, збіраючы арэхі, жалуды, грыбы, і разносяць іх па сваіх схованках. Нават сойкі перастаюць крычаць, а займаюцца “сумленнай” працай – збіраюць ягады, арэхі, жалуды.

    Усё менш і менш становіцца ў паветры насякомых. Знікаюць матылі – крапіўніцы, капусніцы, лімонніцы. Пчолы спяшаюцца зрабіць апошнюю важкую ношу асноўнага медазбору.

    Падраслі, умацаваліся і падняліся на крылы ўчарашнія птушаняты. Птушкі ўжо збіраюцца ў чароды і рыхтуюцца да адлёту ў вырай. Першымі ў далёкі шлях адпраўляюцца ластаўкі, стрыжы, за імі – зязюлі, івалгі, гарыхвосткі.

    У некаторыя гады ў канцы лета ці на пачатку восені можа стаць сведкай цікавай з’явы – паўторнага цвіцення раслін. Прычын гэтаму многа: засуха, познія замаразкі ў канцы вясны ці на пачатку лета, абломліванне галінак дрэў падчас моцнага ветру ці граду. Іншы раз надараецца масавае і густое цвіценне раслін. Такое адбываецца ў выпадках, калі спажыўныя рэчывы вясной застаюцца нявыкарыстанымі; акрамя таго, ад засухі ападае лісце, у выніку чаго абуджаюцца пупышкі будучага года.

СВЯТЫ І АБРАДЫ

    Жніво было і ёсць галоўнай і адказнай падзеяй у жыцці беларуса-хлебароба, здабыткам яго працы і спадзяванняў на працягу года. Пачатак жніва, як і яго заканчэнне, у нашым краі суправаджаецца старадаўнімі земляробчымі абрадамі. Іх скіраванасць і змест падзяляюцца на тры часткі: агледзіны і пакрыванне поля, зажынкі і дажынкі (талака).

    На пачатку жніва, напярэдадні Іллі (2 жніўня), існаваў вядомы паўсюдна на Беларусі звычай  агледзін жытнёвага поля. На агледзіны выходзіў сам гаспадар. Ён абыходзіў вакол поля, зрываў у розных месцах па каласку, спрабаваў на смак і цвёрдасць зярняткі, правяраючы іх спеласць, уважліва прыглядаўся да збажыны: ці не зрабіла ведзьма заломы? Калі іх заўважаў, то на поле запрашаў знахароў для “адробу” ведзьміных спраў. Акрамя таго, вызначаў, на які дзень выпраўляць жанчын на зажынкі і дзе з якога боку поля пачынаць жаць: вядома, бо жыта паспявала на полі неадначасова.

    Абрад зажынак, які добра вядомы і ў наш час, пачынаўся найчасцей у суботу ці нядзелю. Гаспадар аглядаў гумно і рыхтаваў месца і ток пад “новае жыта”. Жанчыны пачыналі ўборку ў хаце і рабілі рытуальны абед з рознымі стравамі і абавязкова з караваем ці круглым боханам хлеба. Затым зажыналі першы сноп, перавязвалі жытнёвым перавяслам з уплеценымі ў яго васількамі – снапок абвязвалі чырвонымі ніткамі, прыносілі дамоў і ставілі на кут пад абразы, дзе ён стаяў да Спаса (19 жніўня). На Спаса снапок абціралі і сабранае зерне насілі ў царкву асвяціць. Гэтым зернем у час сяўбы засявалі новую ніву пад будучы ўраджай.

    Заканчэнне жніва ці, дакладней, апошні яго дзень, суправаджаўся дажыначнымі абрадамі, у аснове якіх ляжаць рытуалы, што праводзіліся ля апошніх каласоў. Жнеі дажыналі жыта, пакідалі на полі невялічкую колькасць нязжатых жытніх сцяблінак з каласамі, якія ў народзе называюцца “барада”: гэтыя каласы па павер’ю пакідалі “на бараду Богу”. Затым жнеі палолі “бараду”, сярод калоссяў расцілалі чыстае палатно, на якое клалі кавалак хлеба і соль з малітвамі і паклонамі да зямлі. Абрад меў скіраваную старажытную магічную аснову, каб аддзячыць Духаў поля і Ніву за “новае збожжа і новы хлеб”.

    Згодна з народным календаром, 6 жніўня  святкуецца Барыс – адзін з апекуноў земляробства. “Святы Барыс снапы возіць”, “На Барыса хлеба напарыся і бярыся за раллю”, – казалі людзі. 7 жніўня – Ганны (прысвятак). У каляндарных песнях паказваецца як дбайная жняя, апякунка жніва і жней, праслаўляюць гаспадыняй-жняёй: “Святая Ганна снапы кладзе”. 10 жніўня – Лаўрын: прысвятак дазваляў селяніну малоць першае жыта на муку. Казалі: “На Лаўрына спяшай да млына”.

    На заканчэнне жніва ў многіх вёсках збіралі талаку. Яна – апякунка жніва і ўрадлівасці. У яе гонар ладзіцца ўрачыстае свята падчас уборкі ўраджаю і на дажынках.

Падрыхтаваў Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Рубрики

  • Новости БЕЛТА

  • Свежие записи

  • Архивы

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Курсы валют


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars