На мінулым тыдні адбыўся сход Івянецкага гарпасялковага аддзела грамадскай арганізацыі “Саюз палякаў на Беларусі”. Са справаздачай аб праведзенай рабоце за мінулы год і планах на 2011-ы выступіў старшыня аддзела С. І. Бурачэўскі.
Сваё членства ў грамадскай арганізацыі пацвердзілі 86 івянчан. У парадак дня сходу было ўключана пытанне аб прыёме ў рады новых членаў. Была пададзена 21 заява. Усе жадаючыя сталі паўнапраўнымі членамі арганізацыі, якая на цяперашні момант налічвае 107 чалавек. У пераважнай большасці навічкі – людзі 40-50-гадовага ўзросту, ёсць і больш маладыя, і пенсіянеры.
Выбраны цалкам новы састаў праўлення, у якое ўвайшлі 5 чалавек. Паміж імі размеркаваны абавязкі: нехта канкрэтна адказвае за правядзенне і арганізацыю культурна-масавых мерапрыемстваў, нехта – за паездкі і экскурсіі, работу з вучнямі Івянецкай сярэдняй школы і сродкамі масавай інфармацыі. Быў абраны рэвізор, які будзе сачыць за правільнасцю вядзення і афармлення дакументацыі, расходваннем членскіх узносаў і грашовых сродкаў.
На сходзе прапанавана асвойваць іншыя накірункі культурна-асветніцкай дзейнасці. Больш актыўна наладжваць цеснае супрацоўніцтва з польскім бокам, з горадам-пабрацімам. Акрамя таго, як і раней, будуць адзначацца ўсе каталіцкія святы, а таксама каляндарныя святы краіны-суседкі.
У рабоце справаздачнага сходу прынялі ўдзел намеснік старшыні ГА “Саюз палякаў на Беларусі” М. Ч. Лысы і старшыня Івянецкага гарпасвыканкама С. В. Рэут.
Наталля ШТЭЙНЕР