«Факір» на хвіліну

Общество

Сваю «хвіліну славы» ліцэіст Кірыл Макарэвіч атрымаў у Навагоднюю ноч, калі яму дазволілі прадэманстраваць землякам свае недзіцячыя гульні з агнём.
Зразумела, валожынскае шоу значна адрознівалася ад тых ультранумароў, якія дэманструюць удзельнікі тэлевізійнай «Хвіліны славы». Але і гэтага было дастаткова, каб убачыць, што юнак па-сапраўднаму захоплены тым, што робіць, што ён не збіраецца заспакойвацца на дасягнутым. Выступленне К. Макарэвіча доўжылася ўсяго 3-4 хвіліны. Фігуры былі, як лічыць сам выканаўца, простыя, некаторыя «кветкі», «кола», ды і не ўсё атрымалася. З адкрытым агнём увогуле не дазволілі працаваць. Аднак першае слова сказана…
Небеспадстаўна ўзнікла пытанне, адкуль узялося рэдкае захапленне, дзе можна навучыцца мастацтву гульні з агнём?
А «заразіўся» фаерыстыкай (у перакладзе з англійскай мовы «фаер» – агонь) Кірыл мінулым летам, калі з сябрамі адпачываў у палатачным гарадку «Надзея» на Вілейшчыне. Разам з беларусамі былі іх равеснікі з Расіі, і вось там адзін юнак паказваў фокусы з вогненнай стыхіяй і адразу стаў суперпапулярным. Спачатку «загарэлася» ўся валожынская кампанія, астывалі паступова і паасобку, а ў выніку Кірыл застаўся адзін. Напэўна, такое незвычайнае ўменне яго зачапіла больш за іншых.
Падтрымалі хлопца бацькі, якія не толькі зацікавіліся захапленнем сына, але і не пашкадавалі грошай на разнастайныя прыстасаванні, неабходныя фаерам. А рэквізіт, трэба сказаць, нятанны. Прыстасаванні для нумароў называюцца поі. Набыць іх складана, бо робяць іх майстры ўручную, выкарыстоўваецца трывалы матэрыял кяўлар. Некаторыя поі Кіруша спрабаваў рабіць сам, напрыклад, тэнісныя шарыкі на шнурках, дапамагалі Інтэрнет-урокі. Увогуле, на сённяшні дзень Інтэрнет – яго лепшы і адзіны настаўнік. Бацькі засталіся першымі гледачамі і ацэншчыкамі. Два самыя першыя, базавыя, элементы «матылёк» і «васьмёрку» асвоіў хутка, але хацелася больш складаных. Для гэтага, як паспеў пераканацца, мала аднаго толькі жадання. Правільна круціць поі – таксама навука. Над тэхнікай патрабавалася шмат працаваць, адточваць да найменшых дробязей. Трэніроўкі ў большасці праводзіць перад вялікім люстэркам, каб бачыць пралікі. А яшчэ пры рабоце з агнём трэба захоўваць тэхніку бяспекі. Фаершчык выступае абавязкова ў бандане і ў пальчатках.
Навучэнец групы 12-16 Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя, будучы вадзіцель, электрык, электраманцёр, вольны час траціць з розумам, надзвычай цэніць яго, бо не толькі шліфуе майстэрства, а мае і іншыя захапленні. Кірыл марыць выступіць летам на Купаллі і яшчэ на Дні горада, а для гэтага трэба падрыхтаваць не проста асобныя вогненныя нумары, а завершанае прадстаўленне. Пажадаем яму поспехаў!

Наталля ШТЭЙНЕР.
Фота Сяргея САДОЎСКАГА.



Добавить комментарий