Обычный учитель физкультуры Артём Борисович Балабан стал директором Чеховщинской вспомогательной школы-интерната

Общество

    З Арцёмам Барысавічам Балабанам давялося сустракацца некалькі разоў, падставай яго прыходу ў рэдакцыю былі спаборніцтвы па пляжнаму валейболу, якія ён арганізоўваў. Прапагандай і папулярызацыяй гэтага віду спорту, што  неўзабаве стаў алімпійскім, сам ён займаецца даўно. Пры знаёмстве падкупілі яго нетаропкасць, разважлівасць, а больш за ўсё – інтэлігентнасць і далікатнасць, якія кідаюцца ў вочы і вельмі выдзяляюць гэтага чалавека сярод мужчынскага насельніцтва Валожына. Было прыемна, што А. Б. Балабана заўважыла і кіраўніцтва раёна, прызначыўшы дырэктарам Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната. Ён з кагорты самых маладых прадстаўнікоў кіраўніцкага корпусу: сёлета споўніцца толькі 35.

    – Арцём Барысавіч, як самі ўспрынялі прапанову ўзначаліць такую спецыфічную ўстанову? Як рашыўся на гэта просты настаўнік фізвыхавання?

    – Крыху часу на роздум было, але вагаўся нядоўга. Напэўна, на той момант я ўжо, як гаворыцца, “паспеў”. Было жаданне самарэалізавацца, і такую магчымасць мне прадставілі. А ўвогуле, не баюся ніякай работы, і многа чаго ўмею. Магу зямлю капаць, машыны рамантаваць, дамы будаваць. Але хацелася б такую пасаду, каб бачыць канкрэтныя вынікі. І ў Чэхаўшчыне я іх бачу.

   – Да работы вернемся крыху пазней. А пачнём з вытокаў, бо для большасці нашых чытачоў вы чалавек абсалютна невядомы. Якім чынам апынуліся ў Валожыне?

    – Жонка мяне прывезла. З Інай Макоскай разам вучыліся ў Акадэміі фізвыхавання, яна курсам ніжэй, хаця мы і равеснікі. А я на той момант год ужо адвучыўся ў Санкт-Пецярбургскім фізкультурным істытуце імя Лесгафта, перавёўся на другі курс у Мінск. У студэнцкія гады ажаніліся і пры размеркаванні выбралі яе родны горад – Валожын.

   – Наколькі ведаю, вы доўгі час пражылі не ў Беларусі. І такая нетаропкасць, немітуслівасць у вас адтуль, з дзяцінства. Маглі быць “гарачым эстонскім хлопцам”.

    – Калі пачынаць здалёк, то трэба сказаць, якім чынам мае бацькі апынуліся ў Эстоніі. У Нарве бацька служыў тэрміновую службу і пасля дэмабілізацыі вырашыў там застацца. Ад токара ён дарос да дырэктара завода, меў дзве вышэйшыя адукацыі. Але да 34 гадоў быў нежанаты. У 1970 годзе завод выдзеліў яму пуцёўку ў санаторый на Нарачы. Там і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, нашай з братам маці. Яна родам была з суседняга Вілейскага раёна, працавала на той момант на заводзе “Прамень” у Мінску і таксама адпачывала ў тым санаторыі. На 7 лістапада бацька прыехаў знаёміцца з будучымі сваякамі, прасіць рукі дачкі, а іх, доўга не вагаючыся, распісалі ў сельсавеце. Вяселле было ў снежні.

    Нарадзіўся я ў Нарве ў 1976 годзе. Горад дастаткова вядомы і вялікі, было 15 сярэдніх школ.

    – А як вучыліся ў школе?

    – Добра даваліся матэматыка, фізіка, гісторыя, геаграфія. Вывучаў і эстонскую мову. У старэйшых класах нават падзарабляў, выкладаў у сваёй школе геаграфію. Мне прарочылі тэхнічную ВНУ. У школьныя гады я ўжо паказваў добрыя спартыўныя вынікі – іграў за зборную Эстоніі ў валейбол. Мяне прыкмецілі на Усесаюзных спаборніцтвах і запрасілі ў інстытут імя Лесгафта. Старэйшы брат да таго часу якраз яго скончыў.

    – Чаму ў такім разе перабраліся ў Мінск?

   – Гэта былі складаныя гады, развал СССР. Калі памятаеце, прыбалтыйскія рэспублікі адны з першых выйшлі з яго саставу. У 1993 годзе я паступіў у інстытут, а бацькі пераехалі ў Беларусь, на Вілейшчыну. Мама страціла работу, у бацькі таксама пачаліся праблемы, ён хацеў адкрыць уласнае прадпрыемства. А тут яшчэ пастаянныя сутычкі карэннага насельніцтва з рускамоўным… Адным словам, жыць стала невыносна. У Беларусі – лепш, спакойна. А мне цяжка было вучыцца без бацькоўскай падтрымкі. Днём заняткі, вечарам трэніроўкі, па начах – работа. Пачаў засынаць на лекцыях. Вось і ўзнікла думка перабрацца бліжэй да сям’і.

    – Дарэчы, у дзяцінстве кім марылі стаць? Няўжо настаўнікам фізкультуры?

   – Пасля кожнага паходу ў кінатэатр і новага фільма, мары мяняліся. У 14 гадоў загарэўся стаць трэнерам. Хаця бацькі марылі, каб стаў урачом. Нядрэнна атрымлівалася рабіць масаж, рукі былі моцныя, гаварылі, што з мяне атрымаўся б добры хірург. Але я свае веды не пераацэньваў. У медінстытут заўсёды было складана паступіць, і калі з біялогіяй я сябраваў, то хімія давалася цяжка, з-за пастаянных спаборніцтваў прапускаў урокі. У далейшым бацькі пагадзіліся з маім выбарам і не настойвалі.

   – Арцём Барысавіч, дзе было ў Валожыне ваша першае працоўнае месца і, увогуле, дзе паспелі папрацаваць за гэты час?

    – Пачынаў настаўнікам у СШ № 2. Потым на два гады наша сям’я выязджала ў Маладзечна. Я нават у міліцыі папрацаваў. Але абяцаным інтэрнатам не забяспечылі. Пяць месяцаў пражыў у гасцініцы, гэта было дарагое задавальненне, асабліва, калі жонка сядзіць у дэкрэце. Потым прапанавалі месца начальніка ведамаснай аховы ў прадпрыемстве электрычных сетак. Там, дарэчы, выдзелілі службовае жыллё, але я разумеў, што дах часовы і значыць – ненадзейны. Карацей кажучы, “кватэрнае пытанне мяне сапсавала”. 

    А тут якраз памерла жончына бабуля і пакінула нам дом у Ганчарах. Вырашылі вярнуцца назад.

    –  Пра жыллё і хацела спытацца. Думала, што дом набылі ці будавалі, а вам аказваецца ён дастаўся ў спадчыну.

    – Дом быў у незайздросным стане. Мяркуйце самі: пабудаваны ў 1918 годзе. Калі абклалі яго сайдынгам, патынкавалі ўнутры, то прыняў іншае аблічча. Усё рабіў сваімі рукамі. Адзін сусед сказаў, што я сквапны, не хачу заплаціць людзям за работу. Ён не ведаў, што мы лічым кожную капейку, бо жонка з аднаго дэкрэта пайшла ў другі, а на мне віселі крэдыты. Каб лягчэй было выжываць, нават набылі карову. Так-так, не здзіўляйцеся. Таму і сена косім, і дровы нарыхтоўваем, газ у нас пакуль што балонны. Стараюся да фізічнай работы прывучаць сына.

    – А дзе знайшлася работа, калі вярнуліся?

    – Год адпрацаваў у СШ № 1, потым зноў перацягнулі ў СШ № 2, пяць гадоў там. Затым прапанавалі месца кіраўніка фізвыхавання ў ПТВ. Адтуль ужо пайшоў у дырэктары.

    – Вы амбіцыйны чалавек?

   – Не сказаў бы. Да ўлады не рваўся. Але калі за што бяруся, то стараюся рабіць якасна, прафесіянальна. Я нікому не даю парад, бо ўвесь час сумняваюся. Па натуры самаед, рэдка бываю задаволены сабой.

    – Хацелася б даведацца пра адносіны з беларускай мовай.

    – Ужо нармальныя. Размаўляць смешна атрымліваецца. Не выходзіць у мяне беларускае “г”. А так усё разумею, чытаю.

   – Доўгі час над установай, бы дамоклаў меч, вісела пытанне аб закрыцці. Гэта адбівалася і на адносінах людзей да справы.

    – Я пра гэта ведаю. На сённяшні дзень у нас 69 выхаванцаў. Гэта мала, у савецкія часы даходзіла да 120. Але аб закрыцці размова не ідзе. Закрываюцца сіроцкія інтэрнаты, а наша школа такая, што ў дзяцей ёсць бацькі, якія – ужо іншая справа. У Мінскай вобласці 22 тысячы дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Большасць займаецца ў інтэграваных класах і пакутуе. Нашы дзеці – роўныя сярод роўных, ніхто над імі не смяецца, калі нешта не атрымліваецца. Ім патрэбны любоў і дабрыня.

    Змянілася матэрыяльна-тэхнічная база. Зрабілі капітальны рамонт душавых, у спальным корпусе з’явіліся новыя гардэробныя шафы. 8 мільёнаў рублёў спонсарскіх грошай пайшлі на дапаможнікі па дэфекталогіі, наглядную агітацыю. Школьную кацельню перадалі на баланс ЖКГ. Шмат планаў і на бягучы год. У прыватнасці, сябры з Італіі абяцалі зрабіць капітальны рамонт сталовай.

    Адпаведна, калі над работнікамі перастала вісець пагроза закрыцця школы і пошуку работы, людзі сталі раскрывацца, працаваць па-іншаму.

    – Пачуццё гумару дапамагае ў рабоце?

    – Магу сказаць, што гумару многа не бывае. Люблю трапны анекдот. Некалі сам іграў у гарадскім тэатры, і гэта цяпер дапамагае. Любую складаную сітуацыю стараюся разрадзіць дасціпным жартам.

    – У вашай сям’і ёсць традыцыі? Як займаецеся выхаваннем дзяцей?

    – Ніколі не забываем дату вяселля. А цяпер з’явілася яшчэ адна традыцыя: адзначаем дзень нараджэння дома – у другі выхадны красавіка, па дакументах устанавілі, што нашы продкі засяляліся менавіта ў гэтым месяцы.

     Сваім дзецям стараюся “паднесці патроны”, стрэльнуць ці не – яны вырашаюць самі. Заахвочваем самастойнасць. Калі хочуць чым-небудзь займацца, даём такую магчымасць. Сын ужо ў 7 класе. Трэба вызначацца з прадметамі, якія спатрэбяцца ў далейшым.

   – Вы дамасед ці падарожнік?

   – У душы я, напэўна, падарожнік, але рэальна станаўлюся дамаседам. Праўда, стараемся з дзецьмі выехаць у сталіцу, у музеі, тэатры, на хакей, футбол, бываем у Маладзечне ў басейне. Калі сумленна, шмат часу і сіл забірае работа, дома іншы раз нават размаўляць не хочацца. І ехаць некуды – таксама.

   – Ці добра вы ведаеце густы сваёй жонкі?

    – Думаю, што ведаю добра. Люблю рабіць падарункі. Былі і кветкі, і білеты на канцэрт, на выставу. На 8 Сакавіка сабраў сваіх жанчын і зрабілі сумесную вылазку за падарункамі. А мы з сынам у той дзень гатавалі святочны абед, мылі посуд.

   – З кнігамі сябруеце?

   – Люблю гістарычную літаратуру, асабліва пра канкрэтных асоб. У апошні час шмат чытаю біблейскай літаратуры.

   – Адносіны да рэлігіі, як часта бываеце ў храме?

   – У валожынскай царкве мы вянчаліся, тут хрысцілі дзяцей. Стараюся як мага часцей наведваць храм. Усёй школай восенню выязджалі ў Жыровічы. Пару манастыроў наведаў асабіста.   

БЛІЦ-АПЫТАННЕ:

    – Любімае месца на зямлі?

    – Там, дзе мой дом.

    – Любімы кінафільм?

    – “Достучаться до небес”.

    – Любімы колер?

    – Сіні.

    – Любімая кветка?

    – Люблю палявыя, лугавыя кветкі: васількі, рамонкі, званочкі.

   – Любімая пара года?

   – Залатая восень. Верасень. Магчыма, таму, што ў гэтым месяцы нарадзіўся.

    – Любімая страва?

    – Я ўсёедны.

    – Любімы напітак?

    – Чорны чай. Са спіртнога – гарэлка.

    – Жаўрук ці сава?

    – Я жаўрук, магу ўстаць у любы час.

Гутарыла Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий