Воложинская иешива имеет богатую историю. Туристы с большим интересом посещают этот объект

Культура

    Першыя звесткі пра яўрэяў у Валожыне адносяцца да сярэдзіны XVI стагоддзя. Па перапісу 1766 года ў кагале было 383 яўрэі. У 1847 годзе валожынская яўрэйская супольнасць мела 590 душ. Па перапісу 1897 года ў нашым мястэчку і суседніх вёсках было 4534 жыхары, з якіх 2452 – яўрэі.

    Вядомыя вышэйшыя іешывы ў тым выглядзе, у якім яны склаліся ў XIX стагоддзі, вянчалі сабой шматвекавую традыцыю вывучэння Торы, разам з тым былі сведчаннем сацыяльных змен. Яны сталі свайго роду «закрытымі інстытутамі», у якіх студэнты знаходзіліся практычна бесперапынна на працягу некалькіх гадоў.

    Мадэллю для большасці вышэйшых іешыў паслужыла іешыва, створаная ў Валожыне ў пачатку XIX стагоддзя. Яна вядома таксама як «Эм Ха-Ешивот» (іўр. «Маці іешыў»). Была адкрыта ў 1803 годзе. У перыяд росквіту тут вучылася больш за 400 слухачоў.

    Бацькі, пасылаючы дзяцей ва ўстановы закрытага тыпу, якой і з’яўлялася іешыва, тым самым у значнай меры страчвалі кантроль над іх рэлігійнай сацыялізацыяй. Па-першае, дзеці знаходзіліся ў іешыве дваццаць чатыры гадзіны пад пільным наглядам. Па-другое, у іх дастаткова хутка развівалася пачуццё перавагі над бацькамі – хатнімі гаспадарамі, якіх яны абганялі ў сваіх ведах па розных навуках.

    Практычна кожны вучань іешывы, ажаніўшыся, пераходзіў у калель (рэлігійны інстытут для жанатых людзей), дзе працягваў вучыцца яшчэ як мінімум сем-восем гадоў (а многія заставаліся там і на больш працяглы перыяд, часам – на ўсё жыццё).

    Іешывы не былі часткай мясцовых абшчын, але існавалі паралельна і дастаткова незалежна ад іх. Гэта былі таварыствы маладых людзей, сярод якіх свядома выхоўвалася адчуванне прыналежнасці да рэлігійнай эліты. Таму адной з асноўных характарыстык таварыства лічылася адасобленасць ад бытавых і эканамічных праблем. Рэлігійныя нормы чэрпаліся не з паўсядзённага рэлігійнага жыцця, а з галахічнай этычнай літаратуры. У выніку для выпускніка іешывы галахай стала толькі напісанае ў кнізе, а не агульнапрынятыя звычаі і нормы.

    Некаторым рабінам удавалася ўнесці ў дагавор з яўрэйскай суполкай пункт пра ўтрыманне іешывы. Ён гарантаваў, што члены суполкі будуць карміць пэўную колькасць вучняў. Не ўсе сем’і маглі дазволіць сабе кожны дзень запрашаць да стала яшчэ аднаго едака, таму кармілі па чарзе. Вучань ведаў, што ў нядзелю ён абедае ў адной сям’і, у панядзелак – у іншай, і так увесь тыдзень. Пра сняданкі і вячэру ў дагаворах нічога не гаварылася.

    Хаім Іцхак нарадзіўся ў 1749 годзе ў мястэчку Валожын Віленскай губерні. Памёр тут жа ў 1821 годзе. Праславіўся як заснавальнік і кіраўнік Валожынскай (1803 год) іешывы, «прарадзіцельніцы» ўсіх наступных іешыў.

    Займаў пасты галоўнага рабіна спачатку ў Вількаміры, затым у Валожыне. Але кола яго дзейнасці не абмяжоўвалася вырашэннем унутрыабшчынных праблем. Ён лічыўся прызнаным аўтарытэтам па ўсіх пытаннях наконт расійскага яўрэйства. З ім раіліся ўсе рабіны яго пакалення, да яго звярталіся па дапамогу з іншых краін, важнасць ролі гэтага кіраўніка прызнавала нават царская адміністрацыя.

    Народ яго любіў. Многія прыязджалі ў Валожын, каб «убачыць два цуды» — іешыву і яе рабіна. Прывядзём адно з яго выказванняў: «У адносінах да сябе чалавек павінен  задавальняцца малым: з’еш кавалак хлеба і благаславі Усявышняга. У адносінах да іншых чалавек павінен быць шчодрым: накармі іншых удосталь».

   Уплыў рабі Хаіма на яўрэяў быў моцным — асабліва на літоўскіх.

    У спрэчках паміж хасідамі і іх праціўнікамі ён займаў антыхасідскую пазіцыю, але і тут змог праявіць мяккасць сваёй цудоўнай душы, ніколі не выходзячы за рамкі спрэчкі. У яго іешыве вучыліся дзеці з хасідскіх сем’яў, якія вярталіся дадому, не здрадзіўшы сваім перакананням, атрыманым у дзяцінстве. Рабі Хаім вучыў іх Торы, а не «перавучваў у іншым накірунку».

    Рав Хаім з Валожына быў самым блізкім вучнем віленскага Гаона, вядомага па абрэвіятуры Агра. Гаон – значыць геній. І сапраўды, ён быў адным з самых таленавітых і разумных людзей ва ўсёй яўрэйскай гісторыі. У маладосці яму называлі слова на вызначанай старонцы канкрэтнага трактата, не адкрываючы гэтай старонкі, потым прапаноўвалі праткнуць у думках іголкай першую, скажам, літару названага слова і цікавіліся, праз якія яшчэ літары будзе праходзіць іголка на іншых старонках. Адказ быў беспамылковы!

    Усё сваё жыццё ён задавальняўся самай сціплай ежай: два кавалкі хлеба раніцай і два вечарам, якія запіваў вадой.

    Рав Хаім таксама праславіўся як геніяльны аналітык. Расказваюць, што, прагартаўшы некалькі старонак любой складанай кнігі па даследаванню Талмуда, ён схопліваў ход думкі і метад разваг аўтара і мог дакладна прадказаць, якім будзе працяг прачытанага на наступных старонках.

    Рабі Хаіма Валожынскага на пасту кіраўніка іешывы змяніў яго сын рабі Іцэле (рабі Іцхак), які выхаваў затым такіх славутых вучоных, як іерусалімскі рабін рабі Шмуэль Салант і рабі Йосеф Дов Салавейчык (1820-1892).

    Пры іешыве, у доме рабі Іцеле, у адной з ім сям’і жыў яго зяць Анецыў. Расказваюць, што на працягу дваццаці гадоў ён вучыўся, амаль не выходячы з пакоя і не сустракаючыся з людзьмі. Цесць выпадкова выявіў яго перапіску са знакамітымі рабінамі таго пакалення і зразумеў, які незвычайны талент ёсць у яго доме. Не раздумваючы, ён загадаў зяцю пачаць весці ўрокі ў іешыве нароўні з такім славутым вучоным таго часу, як рабі Йосефам Салавейчыкам.

    Пасля смерці рабі Іцыле вучні Валожынскай іешывы раздзяліліся на два лагеры: адны патрабавалі, каб іешыву ўзначаліў Анецыў, іншыя аддавалі перавагу Салавейчыку. Арбітраж з чатырох старэйшых рабінаў Літвы прыняў рашэнне на карысць Анецыва. Аднак у выніку «саперніцтва» ніякай асабістай варожасці паміж гэтымі людзьмі не ўзнікла.

    Амаль сорак гадоў кіраваў Анецыў славутай Валожынскай іешывай, падтрымліваючы ў ёй яркі агонь Торы. Адзін літаратар пасля наведвання ім Валожына напісаў наступнае: «Галоўным цудам, якое я тут убачыў, было тое, што ў зімовыя маразы іешыва траціць вельмі мала грошай на дровы для печаў, таму што ў яе сценах горача і без дроў…»

    Праз некалькі гадоў пасля таго, як Анецыва выбралі кіраўніком Валожынскай іешывы, рав Йосеф Салавейчык быў запрошаны на месца галоўнага рабіна Брэста. Там ён выхоўваў свайго сына Хаіма. Калі той падрос, рабі Йосеф паслаў яго ў Валожын, дзе здольны юнак адразу ж трапіў у першыя рады самых лепшых вучняў. Хутка ён ажаніўся з унучкай Анецыва і, пасяліўшыся побач з іешывай, працягваў заняткі з падвоенай энергіяй.

    Рабі Хаіму прарочылі вялікую будучыню, ён меў востры і тонкі аналітычны розум, для яго, здавалася, не існавала нявырашаных праблем. Прагартаўшы першыя дзесяць старонак любой кнігі, ён мог сказаць, да якіх вывадаў прыйдзе яе аўтар у канцы. Зразумеўшы логіку разваг, ён без цяжкасцей працягваў ход аўтарскай думкі, дабіраючыся часам да вынікаў больш глыбокіх, чым у аўтара.

    У 1892 годзе расійскі ўрад запатрабаваў абмежаваць працягласць вучобы ў іешыве да 10 гадзін, а таксама ўвесці свецкія заняткі ў праграму навучання.

    У першую чаргу рускую мову: элементарны курс аб’ёмам у некалькі гадзін у тыдзень. Аднак Анецыў не спяшаўся яго выконваць, бо хацеў, каб яго вучні маглі цалкам паглыбіцца ў мора рэлігіі, ні на хвіліну не адрываючыся ад засяроджанай і напружанай вучобы. Толькі такім чынам можна было вырасціць сапраўдных мудрацоў!

    Пасля доўгіх угавораў і тлумачэнняў у 1892 годзе ўказам генерал-губернатара іешыва была закрыта. Праз некалькі дзён Анецыў сабраў у Вільні з’езд рабінаў, каб вырашыць, як быць: пайсці з пакаяннем, згадзіўшыся на ўсе патрабаванні, і тым самым захаваць іешыву — ці пакінуць ўсё, як ёсць. За гады існавання Валожынскай іешывы астатнія цэнтры Торы ў Літве аслабелі, таму што Валожын адусюль збіраў лепшыя розумы. Іншых іешыў на такім высокім уроўні проста не было. Што будзе цяпер, калі не стане і Валожынскай?!

    Рабі Йосеф Салавейчык, на той час брэсцкі рабін, устаў і са слязамі на вачах сказаў: «Не наш з вамі клопат думаць пра тое, што будзе з Торай. Наш клопат захаваць яе ў чысціні, у тым выглядзе, у якім мы яе атрымалі. Вы цікавіцеся, што будзе з Торай? Той, хто даў яе, паклапоціцца і пра яе! А мы сваю справу зрабілі!» Так і было вырашана. У выніку іешыву закрылі.

    Дэ-факта іешыва існавала аж да 1939 года.

    Да вайны колькасць вышэйшых іешыў была нязначнай, і большасць маладых людзей ніколі не пераступалі іх парога, перш за ўсё з-за неабходнасці вывучаць рамяство ці гандлёвую справу, каб мець магчымасць утрымліваць сваю сям’ю.

    Як сведчыць гісторыя, Тора не пацярпела ад закрыцця Валожынскай іешывы. Аднак яе кіраўнік, Анецыў, не перанёс удару: менш чым праз год пасля закрыцця гэтай культавай установы ён памёр у Варшаве па дарозе ў Эрец Ісраэль, куды даўно марыў пераехаць. Неўзабаве памёр і рав Йосеф Салавейчык, галоўны брэсцкі рабін.

    Матэрыял да друку

па Інтэрнэт-звестках падрыхтавала

Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий