На очередном заседании райисполкома рассмотрен вопрос о борьбе с пьянством

Общество

    Адно з сацыяльна значных пытанняў было абмеркавана на сакавіцкім пасяджэнні райвыканкама – работа арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, камісіі райвыканкама па барацьбе з п’янствам, па папярэджанню і пераадоленню алкагалізму. Дарэчы, у рабоце пасяджэння ўдзельнічаў і начальнік УУС аблвыканкама І. А. Саўчыц.

     Сёння многія пагодзяцца з такім песімістычным вывадам, што ў аснове бед і праблем маральнага і вытворчага характару ляжыць менавіта алкагалізм. Гэта навала хваля за хваляй усё мацней захліствае грамадства. Злоўжываюць не толькі мужчыны, але і некаторыя жанчыны, у гэты парок уцягваюцца і падлеткі.

    Зразумела, што толькі комплексна можна вырашыць такую вострую праблему, паказаць разбуральны ўплыў алкаголю на здароўе чалавека, на яго генетычную спадчыну.

    Трывожны час прабіў даўно, таму і быў запушчаны ў дзеянне механізм барацьбы з гэтым вялікім сацыяльным злом. Аднак, на жаль, чакаемага выніку сумесная работа пакуль не дае. Дзе ж недапрацоўваем? Якія звёны аказаліся найбольш слабыя? У чым першааснова многіх бед і трагедый? Дэталёва яшчэ раз разабрацца ў сітуацыі і паставіў задачу райвыканкам, праводзячы ў сакавіку сваё чарговае пасяджэнне. Лічбы, якія назваў у сваім дакладзе начальнік РАУС І. У. Шакун, не маглі не ўстрывожыць. У агульнай крымінальнай статыстыцы ўдзельная вага злачынстваў, учыненых грамадзянамі ў алкагольным ап’яненні, сёлета склала 37,5 працэнта, два чалавекі памерлі ад алкагольнага атручэння. У гэтым годзе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 132 жыхары раёна, якія распівалі спіртное ў грамадскіх месцах, 48 з іх ужывалі гарэлку непасрэдна на рабочых месцах. У час рэйдавых мерапрыемстваў міліцыя канфіскавала 30 самагонных апаратаў, 440 літраў саматужнай гарэлкі і 11 тон брагі. Прыводзілася і іншая красамоўная статыстыка, якая сведчыла, што работы наперадзе яшчэ шмат.

    Усе, хто ў той дзень удзельнічаў у абмеркаванні ўзнятай праблемы, былі аднадушныя: трэба больш наступальнасці, умелай каардынацыі дзеянняў усіх структур і фарміраванняў, больш эфектыўным павінен быць і рэальны выхаваўчы працэс. Людзі, якія п’юць цяпер у сталым узросце, у крызісныя 90-я гады не прайшлі адпаведную школу выхавання, бо тады ўсе кінуліся зарабляць грошы, у тым ліку і гандлёвымі паездкамі ў Польшчу. А некаторыя ўвогуле разгарнулі даходны самагонны бізнэс. Матэрыяльны бок тады выйшаў на першы план, і цяпер дапушчаныя агрэхі ў выхаваўчай рабоце бумерангам вяртаюцца ў нашу сённяшнюю рэальнасць.

    Дзе ж шукаць выйсце? Як спыніць наступ такога сацыяльнага зла, як п’янства? А праблемы крыюцца і ў наступным. Яшчэ далёкая ад дасканаласці і дзеючая сістэма рэалізацыі спіртных напіткаў. Дзе-нідзе, на жаль, вельмі вольна адчуваюць сябе самагоншчыкі. Не дастаткова актыўныя і камісіі па барацьбе з п’янствам у сельвыканкамах, не дае чакаемага выніку і каардынацыя дзеянняў шматлікіх грамадскіх фарміраванняў, якія прызваны спыніць наступ п’янства. Не заўсёды проста накіраваць хворага чалавека і ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

    Па выніках абмеркавання гэтай важнай тэмы прынята рашэнне райвыканкама. Хочацца, каб яго рэалізацыя стала важкай лептай у паляпшэнні сацыяльнага, вытворчага, дэмаграфічнага мікраклімату грамадства.

Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий