Маркоце тут не месца

Общество

“Чамусьці многія лічаць, што маладым патрэбны толькі забаўляльныя мерапрыемствы. Але ж мы не кормім дзіця аднымі цукеркамі ці марожаным, каб дагадзіць яго апетыту! Выхаваўчая работа ў нашай школе даказвае, што і без таннага папулізму можна “дастукацца” да душы вучня, прыцягнуць яго да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, – гаворыць педагог-арганізатар Багданаўскай сярэдняй школы Яніна Баляславаўна Аляшкевіч. – Нават калі арганізуем адпачынак, то і тады не забываем несці нешта пазітыўнае і стваральнае: патрыятычны фактар, агульначалавечыя каштоўнасці, здаровы лад жыцця…”
Магчыма, што такі падыход і стаў складаемым поспеху выхаваўчай работы: пярвічка ГА БРСМ Багданаўскай СШ з году ў год застаецца адной з самых актыўных у раёне. Зараз у ёй налічваецца 26 бээрэсэмаўцаў і 10 “кандыдатаў”, якія імкнуцца далучыцца да маладзёжнага руху. Сярод членаў грамадскага аб’яднання – ні аднаго “ўмоўнага”, удзел якога пацвярджаўся б толькі на паперы. Ды што там старшакласнікі, нават бацькі з ахвотай удзельнічаюць у школьных мерапрыемствах! Напрыклад, традыцыйна дзеці і дарослыя разам арганізоўваюць “Провады зімы”. Старэйшыя не толькі рупяцца каля мангала ці грыля, але і карагоды водзяць, набываюць сувеніры, вырабленыя вучнямі на ўроках працы, удзельнічаюць у конкурсах і гульнях. Летам няма адбою ад жадаючых прыняць удзел у падарожжы на радзіму Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессе. Гэты маршрут ужо добра адпрацаваны і вядомы не аднаму пакаленню багданаўскіх школьнікаў, але тым не менш працягвае спакушаць і тых, хто там ужо пабываў, і навічкоў. Рамантыка кастра, турыстычная экіпіроўка вабяць юнакоў і дзяўчат і з’яўляюцца добрым стымулам падцягнуцца ў вучобе, выправіць паводзіны. Бо ў паход бяруць толькі лепшых, тых, хто не ўхіляецца ад пасадкі лесу і добраўпарадкавання могілак, аказвае шэфскую дапамогу піянерам і ветэранам, старанна вучыцца і падтрымлівае прэстыж школы на розных конкурсах і алімпіядах.
“Мы жывём весела і цікава, – уступае ў размову сакратар пярвічкі БРСМ, важак па натуры Алёна Аль, – нават на канікулах, калі можна “забіць” на вучобу, мы ахвотна збіраемся ў школе. Тут кожнаму знойдзецца справа па душы: можна папрацаваць у “кніжнай лякарні” пры бібліятэцы, заняцца спортам ці проста пагутарыць з сябрамі. Што дома сядзець перад тэлевізарам? Мы любім нашу родную школу і стараемся, каб яна заставалася такой жа ўтульнай. Вось адзінаццацікласнік Міхаіл Кашча зрабіў чароўны дамок на курыных ножках, які зараз упрыгожвае школьны двор, і няма наведвальніка, які б не супыніўся каля гэтага дамка, каб не падзівіцца…”
Да гутаркі далучыліся і сяброўкі Алёны, якія наперабой пачалі расказваць, колькі цікавых мерапрыемстваў праходзіць штогод у іхняй школе. Расповяд суправаджаўся фотаздымкамі. Разглядаючы іх, дзяўчаты як бы зноў акуналіся ў шчаслівыя моманты жыцця:
– Памятаеце, як лісце зграбалі, а потым ныралі ў залатыя стагі? А вось той дуб, які мы ўшасцярых ледзь абхапілі!
Успаміны перасыпаліся ўсплёскамі смеху і, бы кавалачкі пазлаў, складвалі цэласны малюнак школьнага жыцця, у якім няма месца маркоце і суму.
Гэту яркую мазаіку дапоўніла намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Тарэса Чаславаўна Гіль: “У наладжаным выхаваўчым працэсе не можа быць прастояў і збояў. Да актыўнага ўдзелу ў калектыўных мерапрыемствах школьнікі прыцягваюцца з першага класа. Пошукам ідэй, якія маглі б аб’яднаць і зацікавіць, захоплены ўсе педагогі. З’явіўся новы від экскурсій – веласіпедныя, калі дзеці па выхадных, асядлаўшы сваіх двухколавых “коней”, едуць на магілу Рушчыца ці ў Андрывонж, паглядзець на аленяў. Бачыце, як нам пашэнціла з радзімай? Багатая гісторыя і славутыя землякі таксама спрыяюць выхаваўчаму працэсу.
Як і ў кожнай школе, у нас таксама самыя актыўныя вучні, адначасова і самыя паспяховыя ў вучобе. Нядаўна парадаваліся за адзінаццацікласнікаў Ганну Барысевіч, Сяргея Крымоўскага, Максіма Жвірко, якія сталі дыпламантамі алімпіяд па беларускай мове, гісторыі і геаграфіі…”
Прафесіяналізм, памножаны на мэтанакіраванасць, нязменна прыводзіць да добрага выніку. І выхаваўчая работа ў Багданаўскай школе гэта якраз і даказвае.

Алена ЗБІРЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий