Фабрика корпусной мебели успешно конкурирует на рынке Беларуси

Аграрный сектор и промышленность

ООО “Фабрика корпусной мебели (директор Галина Васильевна Киселева) успешно конкурирует на рынке Беларуси, России. Изысканный вкус плюс натуральные материалы, в основном дуб, обеспечивают продукции этого Ивенецкого предприятия хороший имидж

Гэты будынак па вуліцы Прамысловай у гарпасёлку пуставаў на працягу многіх гадоў. Спрыяльны клімат, створаны для развіцця малога бізнэсу ў нашай рэспубліцы, нарэшце ўдыхнуў у яго новае жыццё. Сталічны прадпрымальнік выкупіў памяшканне, з улікам спецыфікі будучай вытворчасці правёў рэканструкцыю. Сучаснае абсталяванне з камп’ютарнай аснасткай і кваліфікаваныя кадры паспрыялі таму, што  цяпер у вытворчых цэхах выпускаецца корпусная мэбля, якая на рынку збыту ў Беларусі, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Архангельску, Мурманску, іншых гарадах блізкага замежжа карыстаецца высокім попытам.

Тут робяць мэблю на любы густ і любой дызайнерскай складанасці. Асвоена больш за тысячу модуляў. Асноўны матэрыял для выпуску мэблі – дуб  і іншая неабходная сыравіна. Вызначальны стыль – класіка. На прадпрыемстве аднолькава ўмела вырабляюць модныя сучасныя гарнітуры і ствараюць каларыт загадкавай старыны, асвоіўшы тэхніку паціны. Выпушчаная прадукцыя апраўдана прэтэндуе стаць эталонам тонкага густу і элегантнасці. Узначальвае ТАА «Фабрыка корпуснай мэблі «Стыль» Галіна Васільеўна КІСЯЛЁВА.

З  натуральнага дрэва на фабрыцы робяць, як сказала, не мэблю, а сапраўдныя мастацкія творы для любога вытанчанага інтэр’ера дома, кватэры.

Магчымасці шматфункцыянальнага абсталявання і дызайнерскай фантазіі не абмежаваны. Не выпадкова, дырэктар, расказваючы пра цуда-аснашчэнне фабрыкі, смела марыць: калі б купіць сканар за 25 тысяч еўра, то на гэтым станку за некалькі хвілін можна выразаць з дрэва нават і партрэты любой складанасці…

…Высокапрадукцыйныя станкі сусветнага лідара ў галіне дрэваапрацоўкі – італьянскай фірмы  “SCM”, абсталяванне па распілоўцы  ДСП,  гільяціна, якая  бездакорна “наразае” танюсенькі шпон, лінія  ўльтрафіялетавай сушкі вырабаў, шматлікія вакуумныя помпы і многія іншыя “навароты”, без іх нельга ўявіць сёння сучасны выпуск мэблі, размешчаны ў карпусах фабрыкі, якая пакуль знаходзіцца ў перыядзе свайго станаўлення.

Нават кароткая экскурсія па прадпрыемству, спецыяльна наладжаная для раённых журналістаў, пераканала, што тут па-сапраўднаму заклапочаны іміджам сваёй таварнай маркі. Устаноўлена дарагое італьянскае абсталяванне, адпаведныя станкі і тэхналагічныя лініі. Цяжкая ручная праца зведзена да мінімуму.

Станаўленню і перспектывам гэтага івянецкага прадпрыемства і прысвечана наша гутарка з намеснікам дырэктара ТАА “Фабрыка корпуснай мэблі “Стыль” Юрыем Міхайлавічам ЛАМАНІКАМ.

–  Пачнём  нашу гутарку з традыцыйнага пытання: як усё пачыналася?

–  Мэбляй займаюся ўжо амаль 20 гадоў. У прыватным бізнэсе я з 1987 года. Раней працаваў у Мінску, быў заснавальнікам падобнага прадпрыемства. Неўзабаве з’явілася ідэя прадаць ранейшую фірму і заняцца новай расшыранай вытворчасцю. Рыэлтары падабралі пустуючы будынак у Івянцы, зыходзячы з таго, што гэта не так далёка ад сталіцы, да таго ж аб’ект незавершанага будаўніцтва падыходзіў па сваіх размерах пад нашы будучыя аб’ёмы работ.

Тэхналагічны аспект справы ўзяў на сябе, займаўся  неабходнымі распрацоўкамі, “касцяк” людзей запрасіў са старога прадпрыемства. Пры продажы ранейшай фірмы дамовіліся, што колішнія мадэлі больш не будзем выкарыстоўваць на новым прадпрыемстве. Распрацавалі цалкам новыя ўзоры будучай прадукцыі. Акцэнт зрабілі на сучасную праграму, яна мае шмат модуляў, з якіх і выстройваюцца любыя кампазіцыі.

Абсталяванне на фабрыцы ў асноўным італьянскае, прадстаўнікі замежнай фірмы кансультуюць нас па эксплуатацыі станкоў і механізмаў, займаюцца гарантыйным абслугоўваннем.

– А што было самым складаным у арганізацыі вытворчага працэсу?

– Найбольш працаёмка на этапе станаўлення было запусціць непасрэдна саму вытворчасць. Куды прасцей гэта зрабіць, калі асартымент нязначны і аднатыпны, а калі выпускаеш, напрыклад, сорак шафаў і ўсе яны розныя, сітуацыя зусім іншага кшталту. Прыйшлося распрацоўваць асобную камп’ютарную праграму для ўкаранення ў вытворчасць нашых модуляў, а іх на сёння больш за тысячу. Затое цяпер мы практычна ўсе запыты пакупнікоў можам задаволіць. Нашай мэбляй можна да лагічнага завяршэння абставіць прыхожую, а вось гасціную пакуль толькі часткова. Выпускаем мэблю  і для дамашняга кабінета, а таксама гарнітуры для спальні, пакоі для падлеткаў. Зрэшты, наша модульная праграма па сваіх функцыях надзвычай універсальная.

– Сёння нават на ўнутраным беларускім рынку даволі багаты асартымент мэблі, у тым ліку і імпартнай. Таму, здаецца, у навічкоў увогуле няма ніякіх шанцаў заняць сваю ўстойлівую нішу ў гэтым сегменце прамысловай вытворчасці. Наколькі канкурэнтаздольнай аказалася ваша прадукцыя?

– Мінулы год паказаў, што прадукцыя ТАА  ФКМ «Стыль» карыстаецца добрым попытам. Мы ўжо пачалі атрымліваць сур’ёзны пакет заказаў. Мэбля, якую выпускаем, мае багатую гаму – выкарыстоўваецца 9 колераў, што істотна расшырае магчымасці продажу прадукцыі. Нават самыя патрабавальныя пакупнікі могуць падабраць мэблю патрэбных колеравых адценняў, якая б арганічна і стыльна ўпісалася ў  інтэр’ер іх кватэры, дома.

– Юрый Міхайлавіч, раскажыце, калі ласка, што сабой уяўляе сёння працоўны калектыў фабрыкі?

– Цяпер у нас трыццаць асноўных работнікаў і дваццаць дапаможных. Шчыра скажу, не вельмі добрыя суадносіны. Плануем працаўладкаваць яшчэ мінімум дваццаць чалавек, патрэбны нам і тэхнолагі, і механікі, бо вытворчасць будзе развівацца. На дадзеным этапе дадаткова набіраем людзей, каб на прадпрыемстве склаўся паўнацэнны  лагічны цыкл вытворчасці. Ведаеце, калі сёння людзі пілуюць, а заўтра яны ж працуюць за прэсам, то гэта адмоўна адбіваецца і на тэмпах, і на якасці. Абсталяванне павінна функцыянаваць з улікам поўнай паэтапнай загрузкі, і тады фабрыка будзе ўспрымацца як адзіны вялікі і лёгка кіруемы механізм.

– Наколькі пасільным на старце арганізацыі вытворчасці быў для вас фінансавы бок ажыццяўлення задуманага бізнэс-праекта?

– Большую частку абсталявання ўзялі ў лізінг, дзякуючы паслугам Белінвестбанка. Зразумела, карысталіся і крэдытнымі рэсурсамі.

І ў далейшым, каб дабіцца росту вытворчасці, будзем ісці шляхам укаранення сучасных тэхналогій, скарачэння ручной працы, а не дзякуючы пашырэнню штатнай колькасці працуючых.

Каб купіць гэты пустуючы будынак у Івянцы  і нязначнае абсталяванне, нам хапіла грошай ад продажу чатырохпакаёвай кватэры ў Мінску. Сродкі, выручаныя ад продажу ранейшай фірмы,  таксама ўклалі ў гэты камерцыйны праект. Асноўнае абсталяванне, як я ўжо казаў, набыта ў лізінг. Першапачатковыя расходы склалі больш за 300 тысяч долараў. На сённяшні дзень пагашана толькі трэцяя частка лізінгу. Але мы не страчваем аптымізму.

– Юрый Міхайлавіч, раскажыце, наколькі паспяхова ўдаецца вашаму прадпрыемству адпавядаць шматлікім перыпетыям рынку, як вы  фарміруеце сваю маркетынгавую палітыку?

– Мы пастаянна ўважліва адсочваем сітуацыю з рэалізацыяй мэблі. У час крызісу, на жаль, на рынку збыту няма гарантаванай устойлівасці.

Можна замахнуцца на вялікі абарот, набраць людзей, а потым не знайсці заказаў…

–      У якіх гандлёвых кропках прадстаўлена прадукцыя ТАА “Фабрыка корпуснай мэблі “Стыль”?

–  На  гандлёвым рынку ў “Ждановічах” у “Градзе” на трэцім паверсе знаходзіцца экспазіцыя  нашай мэблі. Узоры выстаўлены і ў спецыялізаваных магазінах Брэста, Масквы, Санкт-Пецярбурга.

Раскручвалі сваю прадукцыю амаль год. Гэта быў складаны перыяд. Цяпер наступіў другі этап маркетынгавай палітыкі. Можна з упэўненасцю сказаць, што наша мэбля ўжо заняла сваю нішу сярод тавараў аналагічнай прамысловай групы. Мадэлі карыстаюцца добрым попытам. А каб рухацца наперад, патрэбны і новыя распрацоўкі.

Выпрацаваны дакладны механізм збыту прадукцыі. Дзелавыя партнёры фабрыкі павінны пераканацца, што мэбля, якую мы ім прапануем, перспектыўная, ды і іншыя ўзоры мэблі, якія ўжо стаяць у магазіне, салоне, трэба прадаць, каб паставіць, напрыклад, нашу прадукцыю. Заўсёды бывае шмат камандзіровак, дзелавых перамоў і сустрэч.

Да таго ж мэбля, як гавораць эканамісты, – гэта твар “адкладзенага попыту”. Чалавек жа не купляе шафы, канапы, ложкі так часта, як каўбасу. Ён абавязкова плануе такую пакупку на будучае, нягледзячы, што яна яму спадабалася. Адкладвае, напрыклад, да заканчэння рамонту дома, да набыцця кватэры, да запланаванай змены мэблі і г. д. А пакуль ты будзеш чакаць, што тваю мэблю людзі купяць, на рынку ўжо з’явяцца новыя мадэлі, так што трэба заўсёды, як кажуць, трымаць нос па ветры…

Мы раіліся з дылерамі наконт таго, якая мэбля цяпер больш запатрабавана ў пакупнікоў. Каб вытрымаць вялікую канкурэнцыю, стараліся, каб наша фірменная прадукцыя мела прэзентабельны выгляд. Распрацавалі ўніверсальную праграму, але яна аказалася такая складаная, што для яе рэалізацыі спатрэбілася заказаць яшчэ і камп’ютарную праграму. Уручную дакладна разлічыць усё немагчыма, бо корпусная мэбля складаецца са шматлікіх фрагментаў…

Размясціць узоры ў салонах і магазінах таксама  няпроста. У разлік бярэцца і цана аналагічнай мэблі іншых вытворцаў. Калі кошт занадта высокі, то трэба ўбіраць усялякія прыгожыя “излишества”, інакш яе ніхто не купіць, хаця мы можам зрабіць і выключна іміджавую рэч.

Ды і кантакт з гандлярамі, як паказвае практыка, таксама павінен быць пастаянным.

– Які стыль з’яўляецца вызначальным у асартыменце прадукцыі фабрыкі корпуснай мэблі?

–      Мы выпускаем прадукцыю ў класічным стылі. Асноўны матэрыял – натуральнае дрэва, цяпер гэта дуб. Знешнія сценкі шафаў, камодаў, гарнітураў для гасцінных аздоблены драўлянымі канструкцыямі рознай геаметрычнай канфігурацыі. Заднія сценкі робім не з тэкстурнай паперы, як многія, а выкарыстоўваем больш рэспектабельны матэрыял. Стыкі злучаем не балтамі, а так званым “ластаўчыным хвастом” – калі бакавыя фрагменты замацоўваюцца паміж сабой, дзякуючы канфігурацыі, выразанай на краях зборных канструкцый той жа шуфлядкі і г. д. Працуем пераважна з беларускай сыравінай і матэрыяламі – гэта шпон, ДСП, дуб. А вось лакі, фарбавальнікі ў асноўным завазныя.

– Юрый Міхайлавіч, многія прадпрымальнікі нярэдка скардзяцца на  праяўленне рознага роду цяганіны, бюракратычных перашкод. Ці абмінуў вас гэты няўдзячны лёс?

– Мы адкрыліся, а дакладней будзе сказаць, зарэгістраваліся ў 2007 годзе. А першыя ўзоры  мэблі сышлі з вытворчага канвеера толькі ў снежні 2009 года. Шмат часу спатрэбілася, каб наладзіць партнёрскія сувязі з дылерамі, на гэта пайшло амаль паўгода. Самае цяжкае – упэўнена ўвайсці ў рынак, дабіцца таго, каб прадукцыя была запатрабавана пакупнікамі.

У перыяд станаўлення прадпрыемства цяжкасці ў асноўным былі з афармленнем будынка. Будынак ужо ў нашай прыватнай уласнасці, але і цяпер аформіць яго менавіта як мэблевую фабрыку аказалася не такой простай задачай. Ёсць нюансы з праектам, яшчэ пакуль незавершана рэканструкцыя аб’екта. Трэба, напрыклад, выканаць шматлікія патрабаванні экспертызы, а спецыяліста, які мог бы ўхіліць заўвагі па ўдасканаленню праектнай дакументацыі, у нас у штаце, на жаль, няма.

Калі куплялі будынак, то ніхто не думаў, што, каб атрымаць адпаведнае заключэнне экспертызы для рэгістрацыі мэблевай фабрыкі, прыйдзецца яшчэ абавязкова ўлічыць і месцазнаходжанне лесанасаджэнняў. Амаль сем месяцаў доўжылася перапіска паміж намі і эколагамі, камунальнікамі, пажарнымі і іншымі службамі.

– Раскажыце, у якой меры ваша прадпрыемства можна назваць безадходным?

– Наўрад ці мы падыдзем для такога вызначэння, бо не працуем з круглым лесаматэрыялам, а закупляем гатовыя дошкі. У нас такія вытворчыя адходы, што іх ужо немагчыма выкарыстаць у далейшым для нейкай малагабарытнай прадукцыі. У нас свая кацельня. Працуе яна ў тым ліку і на вытворчых адходах. Электрычнасці, праўда, цяпер значны расход, а цэны на яе, як вы ведаеце, непамерна высокія. Пры праектаванні вытворчых цэхаў, у мэтах эканоміі электраэнергіі ўстанавілі мясцовыя пылаадсосы. Калі працуе мала станкоў, то ўключаем іх, калі ж задзейнічана шмат абсталявання – уключаецца цэнтральная выцяжка, яна ж выкарыстоўваецца і для выкарыстання мясцовых адходаў. Вытворчы працэс у нас  даволі хуткі, усе тэхналагічныя аперацыі ідуць у строгай паслядоўнасці адна за адной. Расход электраэнергіі ў агульным аб’ёме затрат складае цяпер 10 працэнтаў, ды і то ў асноўным з-за таго, што цэны на электраэнергію падскочылі ў апошні час амаль у два разы, а раней мы і ў пяць працэнтаў укладваліся…

–  Цікава даведацца, якія задачы вы звязваеце з бліжэйшай перспектывай?

– У нас ёсць стабільныя заказы, спадзяюся, яны будуць павялічвацца і ў перспектыве. Мы яшчэ не сталі працаваць з максімальнай нагрузкай, вырашаем некаторыя кадравыя пытанні, забяспечанасць тэхналагічным абсталяваннем складае 95 працэнтаў. Вытворчы абарот на сёння не такі ўнушальны: ён пакуль што на ўзроўні каля 160 мільёнаў беларускіх рублёў у месяц. Гэтых сродкаў хапае, каб закрыць заработную плату,  набыць матэрыялы і пагасіць невялікую частку крэдытаў. Абарот у 160 мільёнаў беларускіх рублёў у месяц – гэта толькі першая наша прыступка ў развіцці прадпрыемства. У будучым разлічваем выйсці на тавараабарот у 240-250 мільёнаў беларускіх рублёў. Далей аб’ёмы, безумоўна, будуць планамерна расці.

Пройдзе яшчэ нямала часу, пакуль акупяцца ўсе расходы, звязаныя са станаўленнем вытворчасці.

– Дзякуй за прадастаўленую інфармацыю.  Спадзяюся, што не толькі івянчанам было цікава даведацца пра тое, як можна было рызыкнуць адкрыць сваю справу і потым пра гэта ніколі не пашкадаваць. Поспехаў вам на ніве бізнэсу!

Гутарыла Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Яўгена БАШАРКЕВІЧА і з архіва прадпрыемства.



Добавить комментарий