Месца сустрэчы змяніць нельга

Общество

Глухая восень не скупіцца на маркотныя колеры: шэрае, нізкае неба, пачарнеўшыя ствалы і голле, набрынялыя вільгаццю, зрудзелыя палі і агароды. “Не самы лепшы час для знаёмства з вёскай”, – думалася мне па дарозе ў Войштавічы. Між тым інспектары па асноўнай дзейнасці ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Алена Іванаўна Гаспарэвіч і Алена Бенядзіктаўна Ліштван ехалі з яўным задавальненнем. Ды і місія іх была прыемная – правесці святочнае мерапрыемства для вяскоўцаў з нагоды адкрыцця Дома сацыяльных паслуг. На заднім сядзенні стаялі сумкі, напакаваныя рознымі прысмакамі, якія супрацоўнікі Цэнтра набылі за грошы, выручаныя за аказанне платных паслуг.
Да таго дня я думала, што самая дрэнная дарога ў раёне – паміж Подбераззю і Вішневам. Аказваецца, і ў Войштавічы зазірнуць можа хіба што экстрэмал ці той, хто не шкадуе падвескі свайго аўтамабіля. Гравійка сюды – тры кіламетры калдобін і ям. Магчыма, па гэтай прычыне ў Войштавічы не даходзіць грамадскі транспарт, а прыватнікі часцяком пакідаюць свае легкавушкі ў Багданаве, а далей шыбуюць “на сваіх дваіх”. Адзінаццаць вучняў штодзень пехатой дабіраюцца ў школу, а меншых у садзік бацькі возяць, пасадзіўшы на багажнік веласіпеда. Нырнуўшы пад чыгуначны мост і пераадолеўшы вялізную лужыну, наш мікрааўтобус нарэшце ўязджае ў вёску і быццам трапляе ў іншае вымярэнне… Цэнтральная вуліца заасфальтавана, а замест цьмяных восеньскіх колераў – яркія фарбы дамоў, агароджаў, вуллёў на падворках. Такая метамарфоза адразу падняла настрой, як бы выдаўшы авансам частку прыемных сюрпрызаў, падрыхтаваных на той дзень.
У будынку былога вясковага клуба завіхаліся сацыяльныя работнікі Яніна Клімовіч, Алеся Сініцкая і Гелена Чарнова. Яны накрывалі сталы, ставілі лаўкі і чакалі шматлікіх гасцей. На адкрыццё новага сацаб’екта запрасілі ўсіх жыхароў вёскі Войштавічы, старшыню Багданаўскага сельвыканкама М. І. Тарасевіч, настаўнікаў і вучняў Багданаўскай СШ, а таксама самадзейных артыстаў з Вішнеўскага і Дзесятнікаўскага сельскіх клубаў.
“Большасць нашых вяскоўцаў – людзі паважанага веку, але цікавасці да розных культурных мерапрыемстваў не трацяць. Хіба што сёння не ўсе прыйдуць, бо пост пачаўся. Нядаўна адзначалі “Дзень маці”, “Дзень пажылых людзей”, то ніхто дома не застаўся, нават нямоглыя, – расказвае, рассцілаючы белыя, вышываныя абрусы, Яніна Іосіфаўна Клімовіч, якая шмат гадоў была загадчыцай Войштавіцкага клуба. – А як любілі жанчыны спяваць у вакальнай групе, што працавала пры клубе! Вяскоўцы вельмі перажывалі, калі закрылася наша культурная ўстанова, але звычка прыходзіць сюды засталася. Плануем, што ў хуткім часе зможам тут каплічку адкрыць, прынамсі, падтрымкай новага старшыні сельвыканкама М. І. Тарасевіч ужо заручыліся…”
Не прайшло і гадзіны, як Дом сацыяльных паслуг напоўніўся прыгожа прыбранымі бабулямі і дзядамі, а таксама людзьмі маладымі, дзецьмі.
Неаднойчы даводзілася пераконвацца, што не толькі нацыі і народнасці паддаюцца апісанню па характэрных, уласцівых толькі ім рысах, але і невялікія соцыумы, такія, як асобная вёска. Кожны жыхар Войштавічаў вылучаецца прыроднай шляхетнасцю ў паводзінах, правільнымі, прыгожымі рысамі твараў, дружалюбнасцю і гатоўнасцю да дыялогу. Яны ўсе надзвычай цікавыя суразмоўцы. Думаю, шоу-мэн Андрэй Малахаў лопнуў бы ад зайздрасці, калі б пабачыў, як лёгка гэтыя людзі ідуць на кантакт, ахвотна дзеляцца думкамі, не перабіваючы пры гэтым адзін аднаго… З задавальненнем бралі ў рукі мікрафон і расказвалі пра сябе Я. І. Казлоўская, І. Ч. Камінская, А. А. Сініцкі, К. І. Калала, Г. А. Васілеўскі і іншыя.
Як сказала старшыня Багданаўскага сельвыканкама М. І. Тарасевіч, “людзі кожнага ўзросту павінны мець прычыну для радасці і адчуваць сябе адзінасутнымі грамадству”… Гэта і было на адкрыцці Дома сацыяльных паслуг у Войштавічах. І тыя, хто выходзіў на сцэну выступаць ці проста сказаць некалькі цёплых слоў землякам, і тыя, хто ўважліва глядзеў і слухаў, атрымлівалі аднолькавую асалоду ад добразычлівай атмасферы. Дык няхай жа яна застаецца такой у Войштавіцкім Доме сацыяльных паслуг і надалей, залог гэтаму – шчырая адданасць сваёй справе работнікаў сацыяльнай сферы.

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий