ТПЧУП «Шаг-плюс» выпускает упаковку и является деловым партнером многих крупных и малых предприятий в Беларуси, а также в ближнем и дальнем зарубежье

Аграрный сектор и промышленность

Івянецкае гандлёва-вытворчае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Шаг-плюс” на рынку паслуг з 1999 года і выпускае папяровую тару для самых розных тавараў: ад піцы да шклопакетаў. Кардон для будучых скрынак і каробак закупляецца ў Шклове, Светлагорску. А гатовая прадукцыя з Івянца разыходзіцца ў самыя розныя рэгіёны СНД і далёкае замежжа.

Спачатку была ідэя. Узнікла яна ў івянчаніна В. М. Паплаўскага. Яшчэ ў пару перабудовы ён займаўся дастаўкай высакаякасных сурвэтак з Калінінграда ў Беларусь. Па прычыне недахопу ўпаковачнай тары пастаўкі нярэдка зрываліся. Тады і задумаўся Віктар Мечыслававіч, што калі арганізаваць вытворчасць па выпуску кардоннай тары, то з яе збытам праблем не ўзнікне. Так пачалася доўгая дарога па ўзыходжанню на ўпаковачны алімп…

Першы станок адшукалі ў Мінску, узялі яго ў арэнду і распачалі справу. Але як апетыт прыходзіць у час яды, так расце і інтарэс да вытворчасці. Хіба можа вытворцу ці пакупніка спакусіць звычайная скрынка? Віктар Мечыслававіч стварае канструктарскае бюро, дае спецыялістам заданне прыдумаць скрынкі складаных канфігурацый і наладзіць адпаведна пад іх выпуск станкі. Вытворчасць увачавідкі развівалася, але на змену белай паласе прыйшла чорная. Спачатку атрымалі адмову ў арэндзе памяшкання, потым ударыў крызіс, ды і недасканаласць нарматыўных актаў адносна прадпрымальніцкай дзейнасці давялося зведаць неаднойчы. Напрыклад, толькі аформілі лізінг на станок, як высветлілася, што лізінгавая кампанія набыла станок з парушэннем нейкіх там нормаў. Выйсце толькі адно – плаціць яшчэ раз.

Час патрабаваў ад прадпрыемства па выпуску ўпакоўкі развіцця, магутнасці, мабільнасці, і талент кіраўніка здолеў усё гэта забяспечыць. Найперш – вытворчасць перавезлі ў Івянец. Дома, як гаворыцца, і сцены дапамагаюць, ды і да сталіцы недалёка, у наяўнасці – танная рабочая сіла і пустуючае памяшканне.

Безумоўна, добра, што на бліжэйшыя пяць гадоў арэнда на памяшканне зацверджана, але ж хіба можа быць бочка мёду без лыжкі дзёгцю? ГВПУП “Шаг-плюс”, у склад якога ўваходзяць тры даччыныя фірмы, сёння мае патрэбу ў складскіх памяшканнях і гатова іх будаваць гаспадарчым спосабам. Але няма гарантыі, што праз пяць гадоў арандатар верне затраты…

Сёлета ў краіне аб’яўлены Год прадпрымальнасці, значыць, людзі, якія генерыруюць ідэі (а такім, несумненна, з’яўляецца В. М. Паплаўскі) павінны адчуць, што развіццю “малога” бізнэсу дадзена зялёнае святло.

Кардонная ўпакоўка выкарыстоўваецца практычна ва ўсіх галінах вытворчасці. Яркая, каляровая, зручная і функцыянальная абалонка прыцягвае ўвагу пакупніка.

Спецыялістамі ГВПУП “Шаг-плюс” распрацавана вялікая колькасць розных канструкцый скрынак. Сучасная ўпакоўка не абавязкова павінна быць квадратнай ці прамавугольнай формы. Усё залежыць ад фантазіі дызайнера, а незвычайная тара дапамагае выдзеліць тавар на прылаўку.

Абсталяванне ГВПУП “Шаг-плюс”дазваляе вырабіць упакоўку любой канфігурацыі і нанесці шматколерную афарбоўку.

Асноўным накірункам вытворчасці прадпрыемства з’яўляецца выраб УПАКОЎКІ:

для аўтазапчастак;

для харчовай прамысловасці;

для электронікі і электратэхнічных тавараў;

для бытавой хіміі;

падарачная;

для алкагольнай прадукцыі;

фармацэўтычная.

КАРОБКІ:

для абутку і тэкстыльных вырабаў;

для кандытарскіх вырабаў.

СКРЫНКІ для агародніны са шпону.

Рамкі для вуллёў.

Старонку падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА.

Фота Сяргея САДОЎСКАГА.



Добавить комментарий