Горшки для цветов и кашпо любых размеров, вазы, декоративные панно и тарелки, сувениры, посуду производит ООО «Ивенецкий завод художественной керамики»

Аграрный сектор и промышленность

Всё это вы можете приобрести в магазинах республики. Сталіцай ганчарства называлі ў пачатку ХХ стагоддзя Івянец. Не страціў ён гэты статус і сёння, у пачатку ХХІ.

Івянецкі завод мастацкай керамікі, які за больш чым стогадовы перыяд ператварыўся з арцелі ў сучаснае буйное прадпрыемства, праславіў пасёлак далёка за межамі раёна. Па-ранейшаму здзіўляюць сваімі формамі, аздабленнем, колерамі і малюнкамі шматлікія гліняныя вырабы, якія прызваны не толькі радаваць вока аматараў народных промыслаў на выставах, конкурсах, у музеях, але і здольны ўпрыгожыць любы сучасны інтэр’ер кватэры або дома. Рамантычныя і адначасова зручныя, каляровыя і стрыманыя ў фарбах і тонах, яны задаволяць густы самых патрабавальных спажыўцоў. Сённяшнія майстры, паслядоўнікі сваіх таленавітых продкаў, унеслі ў старадаўні народны промысел сучасныя ноткі, іх распрацоўкі ўпэўнена крочаць у нагу з часам. Вельмі арыгінальная прадукцыя, на якую нанесены так званы ангоб. Гэта пакрыццё з вадкай гліны, яно распыляецца на выраб перад абпалам. Высакароднае матавае адценне, карпатліва падабраныя колеры і малюнкі дазваляюць стварыць сапраўдныя ўзоры мастацтва.

Каб кавалак пругкай гліны ператварыўся ў прыгожае кашпо або вытанчаную вазу, сыравіна праходзіць апрацоўку праз восем участкаў цэха: масанарыхтоўчы, фармоўкі вырабаў (прасаванне і ганчарны), участак шлікернага ліцця ў гіпсавыя формы, сушкі, глянцавання, малявання, абпалу, сартыроўкі і ўпакоўкі. Восем пар рук чаруюць над ёй, саграваюць сваім цяплом і пяшчотай, надзяляюць прыгажосцю і канкрэтнымі абрысамі.

На прадпрыемстве выкарыстоўваюцца тры метады вырабу прадукцыі:

– метад пластычнага фармавання, пры якім гіпсавыя прэсы і формы дазваляюць стварыць дакладныя, правільныя формы высокай якасці;

– метад выточвання на ганчарным крузе, дзе прадукцыя вырабляецца ўручную высакакласнымі майстрамі;

– разнастайныя віды глянцавання і пакрыцця малюнкамі, напрыклад, непаўторны выгляд вырабам надае пакрыццё маёлікавымі палівамі, такія вырабы па восем гадзін абпальваюць у спецыяльных печах пры тэмпературы 900-1000 градусаў.

Зараз прадпрыемства выпускае шырокі асартымент прадукцыі разнастайных форм і аб’ёмаў: прыкладна 80 працэнтаў вырабаў складаюць вазоны для кветак і кашпо ёмістасцю ад 0,5 да 12 літраў, астатняе – вазы розных памераў, дэкаратыўныя вырабы (пано, талеркі), сувенірная прадукцыя (падсвечнікі, чаравічкі), посуд (міскі, кубкі, гаршкі для тушэння). Прадукцыя штогод абнаўляецца на 85 працэнтаў, узнікаюць новыя формы, дызайнерскія рашэнні.

І хоць на дапамогу людзям сёння прыйшлі машыны, сапраўдная прыгажосць ствараецца толькі чалавечымі рукамі. Як і сто гадоў назад, асноўныя няхітрыя прылады працы – ганчарны круг і рукі майстра.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Сёння на заводзе працуюць 92 чалавекі, непасрэдна ў цэху – 56 рабочых. Зменшылася колькасць работнікаў з-за частковай механізацыі вытворчасці, змяншэння аб’ёмаў ручной працы (60 працэнтаў – механізаваная, 40 – ручная праца). Сярэдні ўзрост работнікаў – 35-40 гадоў.

Гатовая прадукцыя мае тры ступені якасці, якія залежаць ад розных фактараў: чалавечага, якасці сыравіны, тэмпературных рэжымаў і інш. Першай, найвышэйшай, ступені адпавядае каля 80 працэнтаў вырабаў.

Асноўная сыравіна – гліна – паступае на завод з кар’ера “Гайдукоўка”, што каля Радашковічаў. За месяц выкарыстоўваецца 70 тон сыравіны. Палівы (празрыстую, белую, матавую) вараць на сталічным прадпрыемстве “Керамін”. А вось маёлікавую – каляровую – набывае прадпрыемства ў расійскім пасёлку Дулёва, фарбавальнікі ж пастаўляе Кітай.

У мінулым годзе аб’ём вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 3337 мільёнаў рублёў, аб’ём агульнага тавараабароту ў супастаўных цэнах – 32,5 мільёна. На экспарт прадукцыі рэалізавана на агульную суму 814,3 мільёна рублёў, а выручка ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг састаўляе 3108 мільёнаў.

Сярэдняя заработная плата на прадпрыемстве – 978 тысяч рублёў.

Новую назву – ААТ “Івянецкі завод мастацкай керамікі” – прадпрыемства атрымала ў працэсе акцыяніравання ў 1999 годзе. За невялікі прамежак часу была праведзена значная работа па рэарганізацыі і рэканструкцыі. Набыты новыя электрычныя печы для абпалу керамічных вырабаў, якія дазволілі знізіць спажыванне электраэнергіі ў два разы, абноўлена і ацяпляльная сістэма завода, устаноўлена новае абсталяванне, якое не патрабуе абслугоўвання персаналу, падключаны прыродны газ. З 2000 года ўся мадэрнізацыя вытворчасці вядзецца за ўласныя сродкі і сродкі асноўнага інвестара.



Добавить комментарий