Ивенецкий завод «Нептун» ООО «Союзпищепром» выпускает литые банки для пищевой промышленности. Предприятие лидирует в республике по выпуску жестяной тары

Аграрный сектор и промышленность

Хочаце ведаць, што звязвае англічаніна Пітэра Дзюрана і Івянец? Аб гэтым трохі ніжэй, а спачатку заглянем у глыб стагоддзяў…

Здаўна людзей турбавала пытанне, як зберагчы прадукты харчавання ад псавання. Пры раскопках грабніцы фараона Тутанхамона былі адшуканы засмажаныя і забальзаміраваныя ў аліўкавым алеі качкі. Знаходзіліся яны ў гліняным посудзе, вытрымалі выпрабаванне і нават захавалі свае смакавыя якасці.

Рымскі сенатар Марк Порцый Катон Старшы ўвайшоў у гісторыю як адзін з першых “кансерваўшчыкаў”. Вось якую параду ён дае ў сваёй кнізе “Аб сельскай гаспадарцы”: “Калі хочаш мець круглы год свежы вінаградны сок, то ўлі яго ў амфару, засмалі корак і спусці амфару ў басейн. Праз 30 дзён дастань. Сок прастаіць цэлы год…”

У 1763 годзе М. В. Ламаносаў займаўся арганізацыяй экспедыцыі ў палярныя шыроты і вывучэннем паўночнага марскога шляху. Вось які заказ зрабіў вучоны: “Згатаваць сушанага супу з прыправамі і без прыпраў па паўтара пуда кожнага сорту…” Выходзіць, што ўжо два стагоддзі таму назад канцэнтрат супу “падарожнічаў” па Расіі да Ледавітага акіяна і Камчаткі.

Збіраючыся заваяваць усю Еўропу, Напалеон Банапарт аб’явіў, што повар, які знойдзе спосаб захоўваць ежу доўгі час свежай, атрымае ўзнагароду ў памеры 12 тысяч франкаў. Далёкі ад навукі кандытар Нікола Франсуа Апера рашыў, што прадукты неабходна герметычна закрыць, а потым падвергнуць апрацоўцы высокімі тэмпературамі. Вынаходніцтва тут жа паставілі на паток для патрэб напалеонаўскага войска. А Апер атрымаў у 1809 годзе дзяржаўную прэмію і званне “Дабрадзей чалавецтва”. Пазней гэты прадпрымальны француз адкрыў у Парыжы магазін “Розная ежа ў бутэльках і бляшанках”.

А вось самы значны крок у кансервацыі ўдалося зрабіць англічаніну Пітэру Дзюрану. Менавіта ён здагадаўся вырабіць бляшанку. Праўда, тую бляшанку даводзілася разбіваць малатком і долатам – такая яна была моцная.

Толькі вось у хуткім часе не Англія, а Амерыка стала сусветным цэнтрам кансервавай вытворчасці. У Балтыморы пачалі выпускаць разнастайныя станкі для аўтаматызаванага вырабу бляшанак. Пачынаючы з 1819 года, у ЗША з’явіліся ў продажы кансервы з тунца, амара, кукурузы. А ў 1860 годзе паўночнаамерыканскія інжынеры прыдумалі кансервавы нож.

Думаю, што на пытанне, пастаўленае ў пачатку артыкула, вы ўжо можаце і самі адказаць: Пітэр Дзюран быў піянерам у вырабе бляшанак, а івянчане працягваюць яго справу.

Завод “Нептун” – адно з буйнейшых прадпрыемстваў рэспублікі, на якім наладжаны выпуск літых бляшанак і накрывак для патрэб харчовай прамысловасці Беларусі, Расіі, Украіны і Фінляндыі. Сёння магутнасці завода дазваляюць выпускаць у суткі 150-180 тысяч штук бляшанак і 200 тысяч накрывак. Не прастойваюць, працуюць у дзве змены некалькі цэхаў, 7 прэсаў, 5 прэс-аўтаматаў.

А пачыналася ўсё ў 1999 годзе з набыцця аднаго станка. Памяшканне ж вытворцам дасталося ад былога Івянецкага хлебазавода. Новым гаспадарам давялося добра папрацаваць, каб прывесці яго ў належны стан.

Галоўны інжынер вытворчасці Міхаіл Дамінікавіч Новік трохі сумуе па тых “залатых” часах, калі ля варотаў завода стаяла чарга аўтафургонаў. Цяпер канкурэнцыя вырасла, і “Нептун” ужо не з’яўляецца манапалістам. Каб трымацца на плыву і не страціць рынкі збыту, даводзіцца ставіць на першае месца высокую якасць прадукцыі.

Сыравіну для бляшанак пастаўляюць прадпрыемствы Расіі і Казахстана. Метал прапускаецца праз выцяжны прэс, які фармуе чашы. На наступным этапе сценкі чашы выцягваюцца і набываюць форму кансервавай бляшанкі.

Сёння на Івянецкім заводзе “Нептун” працуюць 45 чалавек. Усе яны маюць гарантаваны сацыяльны пакет, выплаты за шкоднасць.

Набываючы ў магазіне бляшанку рыбных кансерваў, мы і не здагадваемся, які доўгі гістарычны, а таксама геаграфічны шлях прайшла яна, перш чым трапіць нам у рукі…

Старонку падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА.

Фота Сяргея САДОЎСКАГА.



Добавить комментарий