Пісьмо ў маладосць

Культура

Прывітанне, мамачка! Дзякуючы любімай “Працоўнай славе”, маю магчымасць сёння з табой пагаварыць, успомніць цябе маладой, прыгожай, працавітай – шэравокай зязюлькай Ганечкай. Цябе ў нашых Дубках усе так калісьці называлі, бо была ты незвычайная…
Ты ўмела і лён прасці, на нашых кроснах вучыла мяне прасці посцілкі, ходнічкі, вязаць кручком кружкі пад ногі, адбельваць палатно на лужку каля болотца. Любіла казаць: “Усё вучыся рабіць, за плячамі насіць не будзеш…” Спявала сама і мяне вучыла пець. Да гэтай пары памятаю кожную нашу песню.
Каму ты спяваеш на небе? Можа, песня, якую сёння даслала ў газету, прыляціць да цябе на крылах, можа, блакітнай хмаркай падымецца да цябе і раскажа пра дачку, унукаў… Яны вельмі галасістыя, любяць даўніну, спяваюць мае і твае песні. А як спяваюць твае праўнукі – Сяргей і Наташка! Толькі ты магла б гэта ацаніць, бо гэта – твае карані.
А сёння давай разам праспяваем нашу любімую “Чаму ж не прыйшоў?”.
Марыя БІБІК, вёска Сівіца.

ЧАМУ Ж НЕ ПРЫЙШОЎ?

Чаму ж не прыйшоў, як месяц узышоў?
Я ж цябе чакала.
Ці каня не меў, ехаць не хацеў,
Ці маці не пускала?
І каня я меў, і ехаць хацеў,
Мамка выпраўляла.
Малодшая сястра, каб не ўзрасла,
Сядзельца схавала.
Старшая сястра сядзельца знайшла,
Каня засядлала.
– Едзь жа, братка мой, да дзяўчыны той,
Што цябе чакала.
Цячэ рэчанька, цячэ быстрая:
Скочу-пераскочу.
Аддай, мамачка, аддай, родная,
За каго я хочу!
Мамка аддала, шчэ й наказ дала
Сем год не бываці,
– А як вернешся, дочка родная,
То выганю з хаты.
Не была гадок, не была другі,
На трэці захацела…
Абярнулася шэрай зязюляй,
У сад прыляцела.
Прыляцела ў сад, села на сучок,
Стала кукаваці.
Стала кукаваць, жалю надаваць,
Каб пачула маці.
Сядзіць мамачка, сядзіць родная,
Ручнік вышывае.
Па дварэ ходзіць родны брацейка,
Ружжо зараджае.
– Пусці, мамачка, пусці, родная,
У сад пагуляці,
Пазволь, мамачка, пазволь, родная,
Ту зязюлю ўбіці.
– Не пазволю я, не пазволю я
Ту зязюлю ўбіці,
Бо дачцэ маёй, як зязюлі той,
Вельмі цяжка жыці…



Добавить комментарий