Шарая гадзінка

Культура

Жывучы на хутары ў глухім лесе ў Налібоцкай пушчы, непадалёк вёскі Вуглы Івянецкага сельсавета, у пасляваенны час давялося спазнаць шмат і сумных, і радасных, вясёлых хвілін. Тры старэйшыя браты-падлеткі карчавалі лес, каб вырабіць зямлю, нарыхтоўвалі дровы, ламалі яловыя лапкі на подсціл жывёле, вязалі з карэння прыгожыя белыя кошыкі, плялі лапці на ўсю вялікую сям’ю, шылі “хадачкі” з кірзы і гумы… Абавязкаў было шмат. Мы ж, дзве малодшыя сястрычкі, дапамагалі матулі пячы хлеб, праснакі, умелі заварыць саладуху, бегалі ў пушчу правяраць звярыныя пасткі. А доўгімі зімовымі вечарамі ўсе разам слухалі пад акном, як трашчаць маразы ды выюць галодныя ваўкі. Але гэта ўсё – проза жыцця, паэзія ж адбывалася прыкладна з пяці да сямі гадзін вечара, падчас шарай гадзінкі. Як мы ўсе яе чакалі! Пяцёра дзетак залазілі на гарачую печ, у цэнтры садзілася чараўніца-мама. Спачатку маліліся, дзякавалі Богу за пражыты дзень, за хлеб на стале, зычылі здароўя бацькам і сваякам. Хлопцы расказвалі розныя здарэнні, страшныя гісторыі, небыліцы, складалі казкі. А потым – пелі. Запальвалі свечку на печы, кіравалі ўсімі здольная галасістая маці і я. Сёння, стаўшы дарослай, я зразумела, што тыя песні складала сама мама, бо іх мала хто ведаў тады і тым больш цяпер. Гэта яна, наша галубка шызакрылая, пакінула свой песенны скарб для нас, дзяцей, унукаў, праўнукаў і вяскоўцаў. І складаецца ён з дзесяткаў мілагучных песень. Дзве з іх і дасылаю на праект.

СЯГОННЯ СУБОТА, А ЗАЎТРА НЯДЗЕЛЯ
. – Сягоння субота, а заўтра нядзеля,
Чаму ў цябе, міленькі, кашулька нябела?
– А як жа яна будзе бела,
Дзевята нядзеля, як міла яе мыла?..
Сястра маладая, а маці старая, няма каму мыці,
Міленька на Украіне, няма кім перадаці.
Пашлю я зязюленьку, хай яе пакліча,
Памые, пакачае ды гузічкі прышые.
Досыць табе, мілая, мыці і качаці,
Бяры серп у рукі, ідзі пшаніцу жаці.
– А я дома не жала, і тут не буду,
Купі, мілы, чаравічкі, пахаджаці буду.
Купі, мілы, пышны сарафанчык, пахаджаці буду.
Купі, мілы, пышны сарафанчык,
Танцаваць я лёгка буду!
Купі чырвону ярку стужачку,
Ох, спяваць я звонка буду!
Сягоння субота, а заўтра нядзеля,
Ужо ў майго мілага кашулька бела!

ВЫХАДЗІЛА КАСЕНЬКА
Выхадзіла Касенька каля дворца,
Напаткала Касенька чарнаморца.
Чарнаморац, маменька, чарнаморац
Вывеў мяне, босую, ды на дворац.
Вывеў мяне, босую, і пытае:
– А ці ёсць марозік, Касенька маладая?
– Ой, няма марозіку, толькі роса,
А я, маладзенькая, стаю боса…
Прастаяла ночаньку, яшчэ столькі,
Бо я чарнаморчыка люблю толькі!
За гарою Касенька жыта жала,
Дробныя снапочкі павязала.
Захацела Касенька панаваці,
Чаравічкі з ножачак не скідаці.
Чаравічкі з ножачак не скідаці,
Пайсці ў адпачываленку, легчы спаці.
Пайсці ў адпачываленку, легчы спаці,
Свайго чарнаморчыка ўспамінаці!

Юзэфа БІБІК, вёска Вуглы.



Добавить комментарий