Любимым лакомством коня Буяна стали конфеты

Культура

Невядома, адкуль вучоныя гэта ўзялі, аднак яны ўпэўнены, што коні бачаць каляровыя сны. За ўсіх няпарнакапытных сцвярджаць не буду, але Буян, які служыць у Івянецкім дзіцячым садку “Лесавічок”, напэўна, сніць фігуркі дзяцей у квяцістым адзенні, што мільгаюць на гульнявых пляцоўках.

…Калі дзівацкі і дэспатычны рымскі імператар Калігула зрабіў свайго каня сенатарам, то пакорлівага і цярплівага Буяна, напэўна, можна было б аформіць на «пасаду» грузчыка альбо механізатара. Ён заслужыў.

Шмат гадоў конь быў верным памочнікам у Валожыскай школе-інтэрнаце. Пасля яе расфарміравання Буяна падарылі Івянецкай дашкольнай установе. Тут жывёліна на сваёй спіне цягне самую складаную работу. Напрыклад,  разам з возчыкам дастаўляе прадукты з магазіна, а іх нямала, бо трэба ж накарміць 180 дашкалят. Расчышчае снег зімой, вывозіць смецце, арэ прысядзібныя ўчасткі.

Зімой для дзяцей тут ладзяцца забаўкі. Малых катаюць на так званым “санным поездзе”, галаўны “вагон” якога – конь. Яго запрагаюць у вялікія сані, да іх ланцужком мацуюцца некалькі маленькіх, і дзеці з радасцю катаюцца на жывым атракцыёне. Балазе мянушку сваю Буян не апраўдвае, нораў у яго спакойны.

Конь спакойны, бо заўжды сыты. «Меню» ў яго багатае і разнастайнае: сена, авёс і мноства харчовых астаткаў з дашкольнай сталовай – жывёла непераборлівая. Але любімы ласунак у яго іншы…

За Буянам даглядае конюх С. С. Янушэвіч, які працуе ў садку дзесяць гадоў. Яго пільнае вока прыкмеціла, як часта каняка цягне галаву да кішэні, дзе ў Станіслава Станіслававіча ляжаць цукеркі. Нюх у працавітага гадаванца вельмі востры, а губы адчувальныя: імі конь можа расшпіліць гузік на адзенні чалавека. А калі, напрыклад, у кармушку засыпаць некалькі кілаграмаў аўса і тры гарошыны, то жывёла выбера ўвесь авёс, а гарошыны пакіне на дне.

Вось і прызвычаіўся хітры Буян атрымліваць за працу мятныя цукеркі. А Станіслаў Станіслававіч і рады яму дагадзіць, бо конь у нейкім сэнсе аберагае яго здароўе. Ёсць меркаванне, што шансы людзей, якія працуюць з гэтымі грацыёзнымі няпарнакапытнымі, захварэць дыябетам на 50 працэнтаў ніжэйшыя, чым у астатніх.

Да таго ж конюх прыкмеціў: калі Буян фыркае ў дарозе – чакай радаснай сустрэчы. Па каню можна вызначаць і надвор’е: калі ён спіць стоячы – будзе холадна, калі ляжа – хутка пацяплее.

С. С. Янушэвіч упэўнены: машына ніколі не заменіць каня, які можа праехаць і прайсці там, дзе машына не ўпішыцца. Хіба могуць гэтыя, поўныя сціплай велічы, працавітыя і маўклівыя спадарожнікі чалавечага жыцця зраўняцца з грукочучай тэхнікай. Бо хоць трактар магутны і жалезны, але ўсё ж такі конь – самы надзейны транспарт.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий