Лучший лесничий республики работает в Вишневе

Общество

Ляснічы Вішнеўскага лясніцтва Пётр Міхайлавіч БАЛДОЎСКІ не раз адзначаўся рознымі дзяржаўнымі ўзнагародамі за добрасумленную працу. У 1988 годзе ў Маскве атрымаў Ганаровы прыз імя Героя Сацыялістычнай Працы СССР Пятра Рыгоравіча Анціпава. Гэта ўзнагарода ў асаблівай пашане ў работнікаў лясной гаспадаркі, таму што Анціпаў – легендарная асоба: без рук і ног ён працаваў ляснічым у Ленінградскай вобласці. Па святах грудзі Пятра Міхайлавіча ўпрыгожваюць медаль “За працоўныя заслугі” і нагрудны знак “Ганаровы лесавод” – такога не мае больш ніхто ў калектыве лясгаса. А па выніках мінулага года П. М. Балдоўскі названы лепшым ляснічым рэспублікі.

– Пётр Міхайлавіч, па якіх крытэрыях ацэньваецца работа ляснічага?

– Крытэрыяў – хоць адбаўляй: пасадка лесу, работы па высечках догляду, асвятлення, прачысткі, прарэджвання, лесаахоўныя мерапрыемствы. Праца ўся нялёгкая і зусім не рамантычная, як думаюць некаторыя. Але калі любіш справу, то і цяжкасці не палохаюць. Стаць жа ляснічым марыў з дзяцінства, можа таму, што жыў побач з лесам, у маляўнічай, цудоўнай вёсцы Няровы. У пару майго юнацтва моладзь цягнулася да ведаў, у кожнага было жаданне нечага дабіцца ў жыцці. Памятаю, як паважалі вяскоўцы Івана Садоўскага, які першы атрымаў вышэйшую адукацыю, стаў журналістам. Вось і я пасля васьмігодкі паступіў спачатку ў Мінскае вучылішча электрыкаў, потым – у Полацкі тэхнікум лясной гаспадаркі, у тэхналагічны інстытут. Вышэйшую адукацыю атрымалі і два мае браты. Бацькі нашы – зусім простыя людзі, так што ўсяго дабівацца ў жыцці давялося самім, праз уласныя сілы і розум. Праўда, мама і тата заклалі такія каштоўныя ўстаноўкі, як любоў да працы і павагу да людзей.

– А што Вы пастараліся даць сыну?

– Сын пайшоў па маіх слядах. Можна нават гаварыць пра дынастыю Балдоўскіх. За сына ніколі не было сорамна, а значыць, выхавацелі мы з жонкай неблагія. Наогул перакананы: калі справа перадаецца з пакалення ў пакаленне, то гэта добра. Сын скончыў школу з сярэбраным медалём, потым лесагаспадарчы факультэт БТІ. Жанаты, цешымся ўнучкай. Цяпер, калі сын стаў самастойным, часам прыпамінае нам з жонкай, што да яго патрабаванні былі асабліва высокія, куды большыя, чым да іншых вучняў. А як жа інакш? Маці – настаўніца матэматыкі, і сын проста абавязаны быў быць узорам для іншых.

–  Працуеце на свежым паветры, а як адпачываеце?

– Адпачываць амаль не прыходзіцца. Сон – вось і адпачынак. Часам люблю пачытаць, асабліва вершы Пушкіна. Зрэдку ўдаецца пахадзіць з ружжом ці пасядзець з вудай.

– Самы багаты трафей памятаеце?

– Магчыма, лось, які важыў ледзь не паўцэнтнера. Былі і дзікі, і трох ваўкоў неяк каля Шулоіці ўпалявалі. Лясы Вішнеўскага лясніцтва амаль цалкам належаць лесапаляўнічай гаспадарцы лясгаса. Наш галоўны паляўнічы Дзмітрый Ягоўдзік – вельмі талковы хлопец, дбае пра захаванне жывёльнага свету, пагалоўе добра павялічваецца.

– Лес, давераны Вам, ведаеце, а ці даводзілася бываць у лясах іншых рэгіёнаў?

– Бываў у бранскіх лясах, у падмаскоўных, прыбалтыйскіх. Гадоў пятнаццаць таму давялося наведаць калег у Фінляндыі. Канечне, розніца ёсць, але любы лес – гэта і прыгажосць, і багацце. Як некалі даўнейшыя людзі выбіралі сабе месца для пражывання? Глядзелі, каб і лес быў, і рака недалёка, і зямля ўрадлівая. Радуе, што агульны стан лясоў цяпер паляпшаецца. Тут сваю ролю адыграла і механізацыя, і прыродаахоўныя мерапрыемствы, і тое, што зараз няма жадаючых займацца незаконнымі высечкамі.

– Ніколі не ўзнікала жадання змяніць месца жыхарства?

– Прыказка “Мілы той куток, дзе рэзалі пупок” – пра мяне. Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Можна аблётаць увесь свет і нідзе не зведаць шчасця. А мне на маёй радзіме шанцавала на знаёмствы і з цікавымі, і са славутымі людзьмі. Вунь, у двары лясніцтва стаіць альтанка, у якой адпачываў мітрапаліт Аляксій II. Некаторыя сцвярджаюць, што ў альтанцы ім робіцца асабліва лёгка.

– У Вас і будынак лясніцтва новы, і тэрыторыя двара дагледжана. Гэта таксама Ваш клопат?

– Люблю, калі вакол усё ў парадку. Нядаўна яшчэ і сажалку невялічкую выкапалі, карпаў запусцілі.

– Карпы для прыгажосці?

– Мы ж жывём не дзеля прыгажосці, а дзеля людзей. І карпы – для сяброў. Некалі і бацькі мае ўмелі сустракаць гасцей, добра пачаставаць іх. Для шчырай кампаніі я не пашкадую нічога, можа таму іншамаркі і не нажыў. Жыву па прынцыпу “не май сто рублёў, а май сто сяброў”. Нават многія высокапастаўленыя асобы ахвотна едуць да мяне адпачываць.

– З людзьмі ладзіце, а як з Богам?

– У Бога веру і стараюся быць добрым католікам, з’яўляюся старастай касцельнага камітэта.

– Ці прытрымліваецеся здаровага ладу жыцця?

– Зарадкі не раблю, бо фізічных нагрузак і так хапае. Не куру, раўнадушны да алкаголю, першы раз гарэлку паспрабаваў можа гадоў у трыццаць. Да дысцыпліны, парадку прывучыўся ў арміі, служыў у дэсантных войсках. Акрамя сур’ёзнай фізпадрыхтоўкі, давялося і дачы генералам будаваць. І хоць гэта цяпер лічыцца парушэннем вайсковага Статута, але менавіта там прыйшло паняцце, што такое дагледжаны, прыгожы двор, добраўпарадкаваны будынак.

– Які Вы кіраўнік?

– Работнікаў сваіх паважаю і шкадую, бывае, і ўшчуваю, не без гэтага. Цяпер працаваць шмат лягчэй, чым некалі, калі я пачынаў. Тэхніка вунь усялякая: тры трактары, пажарная машына, грузавы аўтамабіль, легкавушка, тры матацыклы, бензапілы імпартнай вытворчасці, а людзей не хапае, такіх, каб думалі не толькі пра заробкі, але і пра работу. Дарэчы, падрыхтоўка падрастаючай змены таксама з’яўляецца часткай маіх клопатаў. У нас склалася моцнае сяброўства са школьным лясніцтвам. Дзеці ахвотна дапамагаюць і садзіць, і даглядаць лес, і збіраць лекавыя травы. Лясніцтва было ўтворана яшчэ пры былым дырэктары І. І. Часноўскім, цяперашні дырэктар А. В. Клімкова таксама з разуменнем ставіцца да лесаахоўнай дзейнасці вучняў, падтрымлівае ўсе нашы ідэі.

Вішнеўская зона, дзякуючы гаспадарліваму графу Храптовічу, мае вельмі багаты раслінны свет. Па разнавіднасцях мы ўступаем толькі Мінскаму батанічнаму саду. Хацелася б, каб такія слаўныя традыцыі працягвалі і нашы нашчадкі.

– Якіх рэдкіх жывёл ці птушак даводзілася Вам бачыць?

– У нашых лясах гняздуецца арол-белахвост, занесены ў Чырвоную кнігу, ёсць некалькі відаў сокала, сойкі, каршуны, чорны бусел. А палюбавацца на высакароднага аленя магу хоць кожны дзень, асабліва зімой, калі яны наведваюцца на месца падкормкі. Гэтай зімой заўважыў сляды рысі. Даўно не было гэтай драпежніцы ў нас.

– Чым захапляецеся, акрамя работы?

– Калі працаваць на поўную аддачу, то часу ні на што не застаецца. Работа, сябры, потым сям’я – такая расстаноўка маіх прыярытэтаў. Трохі займаюся пчалярствам, трымаем вялікую падсобную гаспадарку. Вось шкадую, што ў свой час не пераняў у бацькі вопыт па кавальству. Сёе-тое зрабіць магу, але гэта ўжо не бацькаў узровень.

– З кулінарыяй сябруеце?

– Гатую сам юшку, шашлыкі. У ежы не пераборлівы, люблю мяса і магу ацаніць майстэрства добрай кухаркі, якая прыгатуе і дзічыну, і зайчаціну, і ласяціну. Амаль не ўжываю каву, перавагу аддаю чаю.

– Вы кампанейскі чалавек, а якая ж кампанія без музыкі? Якую музыку Вы любіце?

– Мне пашанцавала з суседам, яго прозвішча – Клінцэвіч. Вось ужо мастак іграць на баяне! І сам трохі рыпаю на гармоніку. Так што музыку люблю жывую, задзірыстую, такую, каб падымала настрой.

– У гараскопы і прыкметы верыце?

– Цікаўлюся, але без фанатызму. У іх практычнасці пераканацца на асабістым вопыце не давялося. Вось народнай медыцыне давяраю! Лічу, што зверабой, глог ці дзівасіл куды лепшыя за ўсялякую хімію. Таму лекавыя расліны ў нашым лясніцтве ў пашане.

– Што можа Вас абурыць да глыбіні душы?

– Хамства, нахабства. Некалі маці вучыла: “Сынок, уступай старэйшаму месца…” Цяпер хіба хто ўступіць? Непрыемна бачыць, калі маладая асоба, якая нічым станоўчым пакуль не адзначылася, патрабуе да сваёй персоны ўвагі, вядзе сябе задзірліва…

– Як лічыце, у Вас ёсць пачуццё гумару?

– Калі б можна было пазбегнуць сітуацый трагічных і сумных, то зрабіў бы гэта з радасцю. Люблю вясёлых людзей і на жарты не крыўдую. Неяк паехаў на курсы, а жонка купіла ў дарогу новую кашулю, прыгожую, модную. З той кашуляй потым цэлая гісторыя здарылася – знікла невядома куды. Сябры казалі, што бачылі маю рэч у руках аднаго негра. Я і паверыў, але ж не будзеш у міжнародны канфлікт уступаць! Хацеў купіць такую ж, каб жонка не крыўдавала, але нідзе не знайшоў. І толькі дома, калі разбіраў чамадан, знайшоў кашулю на самым дне, наўмысна схаваную сябрамі. Тэлефаную аднаму і кажу: “Можаш мяне павіншаваць, ад негра пасылка прыйшла!” Смяяліся разам.

– Ці плануеце, чым будзеце займацца на заслужаным адпачынку?

– Дакладна ведаю, што ляжаць на канапе не буду! Але развітвацца з работай пакуль што не збіраюся, бо не ўяўляю без яе жыцця. Тут чэрпаю і натхненне, і радасць. І ганаруся, што мае намаганні ацэнены кіраўніцтвам. Вішнеўскае лясніцтва ніколі не было ў адстаючых, нават у самыя складаныя часы. Спадзяюся, што так будзе і далей.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий