Похоронку солдатской вдовы получила 67 лет назад, но так и не смирилась со смертью мужа

Культура

Вера Антонаўна Мацюш не асуджае тых, хто некалькі разоў жэніцца ці выходзіць замуж. Не асуджае, але і не разумее. За сваё доўгае жыццё (сёлета збіраецца сустрэць 106-ю вясну) яна кахала толькі аднаго чалавека – свайго мужа. Ён не вярнуўся з вайны, пакінуўшы яе ўдавой з трыма дочкамі. Потым да Веры Антонаўны, спраўнай і прыгожай жанчыны, сваталіся многія. “Жаніхі табунамі хадзілі, мне нават дзеўкі зайздросцілі. Але ніводнага з кавалераў я не магла ўявіць за мужа. Міша мой быў харошы, высокі, масцеравы, а яны ўсе – як аблезлыя пні супраць дубочка…” – расказвае жанчына. На яе старэчыя, з рэшткамі былой красы вочы набягаюць слязінкі, ад чаго позірк робіцца прамяністым…

…Шаснаццацігадовая Вера перабірала бялюсенькія, вытканыя ў мінулагодні Вялікі пост ручнікі і зусім не разумела, навошта такую прыгажосць вышываць.

– Выдумала! Хто павязвае на свата кавалак палатна з аднымі карункамі? Трэба каб усё па-людску было…. – тлумачыла матуля.

Вера не хацела спрачацца з маці, але заставалася пры сваім меркаванні – няма нічога харашэй, чым белы колер. Зімовымі надвячоркамі, калі ад запаленай лучыны на сцяне ажываюць таямнічыя цені, а ў кутах хаты пачынае гусцець змрок, дзяўчынка выскаквае на ганак і аж заплюшчваецца ад яркага бліскучага снегу. Пакрысе колер халоднага покрыва набывае блакітнае адценне, але ўсё адно не губляе чысціні. А як радуецца, трапеча сэрца ў маі, калі сад каля хаты ўбіраецца ў белы вэлюм! Вера заплюшчвае вочы і ўяўляе, што кветкі раптам сталі чырвонымі, зялёнымі, сінімі… Не, зусім не тое!

Маці рыхтуе пасаг, а Веры аж смешна. Замужжа ўяўляецца нечым далёкім. “Дваццаць тры – замуж пры, дваццаць пяць – на печы сядзь…” – успамінаецца ёй прымаўка. Да дваццаці трох яшчэ так шмат часу, можа і мода змяніцца на вышытыя ручнікі… Не, не будзе яна карпець над непатрэбнымі ўзорамі.

– Мама, а можна я сёння з дзяўчатамі на вяселле да Янучковых схаджу? На маладых пагляджу…

Атрымаўшы дазвол, Вера дастае з куфэрка святочныя строі – кужэльную кашульку, суконную спаднічку і чырвоныя чаравічкі, што тата прывёз з Маладзечна. Пшанічную, непаслухмяную касу старанна ўкладвае вакол галавы. Перад выхадам кідае позірк у люстэрка, замацаванае над прыпечкам.

Чародка дзяўчат у аднолькавых уборах нагадвала маладзенькіх курачак-шчабятушак: такія ж рухавыя, гаманлівыя, палахлівыя. Ціхенька хіхікаючы, каб схаваць няёмкасць, яны тоўпіліся ў сенях, разглядалі жаніха і нявесту, прыбраных гасцей.

–  Ой, які ж шафер харошы! Паглядзі на яго, Вера! І, здаецца, ён з цябе вачэй не зводзіць, – штурхаліся сяброўкі.

Вера, бы збіраючыся акунуцца ў ледзяной вадзе, набрала паветра і зірнула ў кут. І тут жа адчула, як чырванню запалалі шчокі, калі сустрэлася з незнаёмым хлопцам позіркам. Дзяўчына апусціла галаву, шафер заўважыў яе замяшанне. Выпусціць з поля зроку прыгажуню ён не мог, таму адламаў кавалак вясельнага караваю і кінуў у яе бок. Вера злавіла пірог, засмяялася свайму спрыту і ўжо смялей глянула на шафера.

Яны пазнаёміліся пад заліхвацкія гукі цымбалаў, калі пачаліся танцы. Міхаіл, так звалі хлопца, быў родам з Пугачоў.

– А ў вас што, усе там такія прыткія? – запыталася Вера, калі ў другую ці трэцюю польку Міша заявіў, каб на наступныя выхадныя яна чакала сватоў…

Той тыдзень яна вяла сябе асабліва паслухмяна, бы адчуваючы, што гэта апошнія дзянькі ў бацькоўскім доме. У суботу наўмысна хораша вымыла хату, прыбралася. Час цягнуўся марудна, а гасцей на падворку ўсё не было. “Падворак! – успомніла Вера. – Я ж зусім забылася, што яго трэба падмесці!” Дзяўчына ўжо заканчвала работу, калі за варотамі пачуліся пераліўныя гукі бомаў. Засунуўшы венік у дровы, яна кінулася да маці.

– Мамачка, родненькая, што мне рабіць? Сваты прыехалі…

Матуля завойкала, прытуліла дачку да сэрца:

– Ціха, харошая мая! Вунь як сэрцайка тваё моцна б’ецца, быццам птушка… Які замуж? Ты ж вельмі маладзенькая…

Бацька некаторы час маўчаў, а потым заявіў: “Людзей трымаць на парозе няёмка. Трэба ў хату клікаць. А калі хлопец неблагі, то варта і згоду даць. Нездарма ж гавораць, што першага торгу не мінай…”

Сасваталі Веру хутка: дамовіліся аб заручынах, вызначыліся з пасагам і днём шлюбу. Суседка пашыла вельмі прыгожую сукенку, “як у пані, з палярынкамі”, шаўковы вэлюм пышнымі хвалямі спадаў аж да падлогі. Белыя туфелькі з бліскучымі пражкамі і тоненькія панчохі заказалі знаёмаму яўрэю, які гандляваў таварамі з самой Варшавы.

“Што гэта было за вяселле! – успамінае Вера Антонаўна. – Суседзі яго пасля яшчэ гадоў дзесяць успаміналі. Казалі, што такой прыгожай пары свет не бачыў. А мне як радасна было! Сады цвілі, аж кіпелі! На вуліцы трыццаць падвод стаялі, дзяўчаты прыбралі дугі і аглоблі папяровымі кветкамі, у конскія грывы стужкі ўплялі. Сталы ламаліся ад пачастункаў”.

Адна маці маладой адчувала сябе трохі няёмка – ручнікі і абрусы не вышываныя, так і не паспелі іх да ладу давесці. А потым і ўсяму вясельнаму картэжу давялося панервавацца, калі бацюшка адмовіўся даваць шлюб па прычыне юнага ўзросту нявесты. Але сваты ўзялі яго ў абарот і такі ўгаварылі на правядзенне свяшчэннага абраду.

– Дарагія Вера і Міша! Няхай ваша жыццё будзе такім жа белым і прыгожым, як сад сёння, багатым, як гэты вясельны стол! – гучалі здравіцы ў гонар маладых.

Яны і жылі шчасліва. Да 44-га году. Міхаіла мабілізавалі ў дзеючае войска, а ў глухую восень, калі размяклая чорная зямля і набрынялыя, голыя дрэвы наганялі сум, Веры прынеслі “пахаванку”… Скончылася яе казка.

…Плечы старэнькай Веры Антонаўны Мацюш трасуцца ад плачу. “Зведала ўсе цяжары ўдовінай долі, маімі слязамі мора напоўніць можна…” – гаворыць яна. Жыве жанчына са старэйшай дачкой Галінай, інвалідам з дзяцінства, дзвюх малодшых пахавала. У любімы месяц май, калі сады ўбіраюцца ў белыя кветкі, сніцца Міша ў белай кашулі, з кавалкам вясельнага пірага, які кідае ёй, а яна ўсё ніяк не можа злавіць…

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота Сяргея САДОЎСКАГА.



Добавить комментарий