На районном конкурсе выбрали лучшую многодетную семью. Такой названа семья Гаркун из деревни Михалово Ивенецкого сельсовета

Официально

На такім галоўным прынцыпе ўзаемаадносін паміж людзьмі і трымаецца шчасце ў шматдзетных сем’ях. Пераканаў у гэтым і раённы конкурс, які прайшоў у РЦК на мінулым тыдні.

Дзяцей часта вобразна параўноўваюць з кветкамі жыцця, а самі кветкі, як прыроднае хараство, атаясамліваюць з рэшткамі раю на нашай грэшнай зямлі. Толькі зразумела кожнаму, што і дзеці, і кветкі не вырастуць прыгожымі і здаровымі без шчырага клопату і ўвагі. І гэтымі рысамі прырода надзяліла перш-наперш жанчыну-маці. Менавіта ад яе ў значнай ступені залежыць, наколькі камфортна сынам і дочкам у сценах роднага дома. Яна і накорміць, і памые адзенне, і прыгалубіць, і навучыць акуратнасці, і, шкадуючы, паўшчувае… Але адной жанчыне з усімі клопатамі па выхаванню нашчадкаў, вядома ж, не справіцца. І як добра, калі побач аказваецца надзейнае плячо мужа – добрага гаспадара, чулага бацькі. Гарманічныя адносіны паміж дарослымі гарантуюць і спрыяльную атмасферу ў сям’і, і тады дзеці з маленства растуць у любові,  адчуваюць падтрымку і пастаянную ўвагу з боку дарослых.

Менавіта з такімі сем’ямі нам і пашчасціла пазнаёміцца на традыцыйным раённым конкурсе. Яго ўдзельнікам сталі людзі рознага ўзросту і сацыяльнага статусу, але ўсіх іх аб’яднала жаданне выгадаваць дастойных дзяцей, якімі можна будзе цешыцца заўсёды.

У час конкурсу гасцінна запрасілі ў свае імправізаваныя дамы і маладыя бацькі, і бацькі з багатым багажом сямейнага вопыту. Некаторыя з іх выдатна спраўляюцца з выхаваннем траіх дзяцей, а некаторыя пад сваім крылом прытулілі шасцярых дзетак. Але ўсе яны падобныя паміж сабой сваёй вялікай самаахвярнай любоўю да тых, каму падарылі жыццё.

Сёння ў нашым раёне, як зазначыў у час урачыстага адкрыцця раённага конкурсу начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Л. В. Садоўскі, налічваецца больш за 380 сем’яў, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей.

Амаль сорак дзяцей разам са сваімі бацькамі на мінулым тыдні адстойвалі ганаровае права называцца лепшай шматдзетнай сям’ёй раёна. Для ўдзелу ў конкурсе было пададзена 11 заявак, так што дух саперніцтва прысутнічаў на працягу ўсяго перыяду спаборніцтва. Вельмі прыемна было глядзець на гэта дзейства, поўнае шчырасці і людской непасрэднасці, бо на вялікай сцэне многія аказаліся ўпершыню. Дзеткі і сапраўды сваім яркім знешнім выглядам нагадвалі кветкі. Адчувалася, што клапатлівыя бацькі не пашкадавалі грошай, каб спецыяльна для гэтай падзеі купіць новыя святочныя ўборы сваім сынам  і дочкам…

Распачала конкурсную праграму сям’я Вольгі Георгіеўны і Аляксандра Мікалаевіча Саўчукоў з Валожына, якія выхоўваюць траіх дзяцей. Столькі ж маюць Юлія Леанідаўна і Сяргей Сцяпанавіч Зянько з вёскі Нарэйшы, а таксама Алена Генрыкаўна і Уладзімір Мікалаевіч Карповічы з Куцянятаў, Алена Уладзіміраўна і Дзмітрый Мікалаевіч Гаспарэвічы з Валожына і іншыя ўдзельнікі конкурсу.

Кожная сям’я падрыхтавала змястоўную самапрэзентацыю. Тым сем’ям, дзе дзеткі дашкольнікі, відаць, цяжэй было справіцца з гэтай задачай. Затое старшакласнікі хутка пераўвасобіліся ў вызначаны сцэнічны вобраз: спявалі, танцавалі, ігралі на гітары, дэкламавалі вершы, разыгрывалі міні-інтэрмедыі. У якасці ж рэжысёраў найчасцей выступалі мамы. Але і бацькі таксама не пасіўнічалі.

Многія жанчыны цяпер знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску, таму прыехаць на раённы конкурс для іх не  стала вялікай праблемай. А вось некаторыя мужы, на жаль, з-за спецыфікі працы не змаглі папрысутнічаць у зале нават у якасці балельшчыкаў. А тыя, каму ўсё ж удалося прыехаць, шчыра падтрымлівалі дамачадцаў, з вялікай павагай расказвалі пра любімых і дарагіх дзетак, удзячныя словы адрасоўвалі і сваім другім палавінкам. Механізатар з ААТ “Багданаўскае” Аляксандр Аляксандравіч Кашча расчуліўся аж да слёз, калі вядучыя праграмы расказвалі пра яго шматдзетную сям’ю. Муж і жонка выгадавалі траіх уласных дзяцей, а лёс склаўся так, што пад роднае крыло яны ўзялі яшчэ і траіх дзетак блізкіх сваякоў. “Тры разы па разу і тры адразу!” – як  трапна пажартаваў неяк гаспадар сям’і. Сын вучыцца ў Ваеннай акадэміі, старэйшая дачка ўжо замужам, выхоўвае малое дзіця, а маладыя бабуля і дзядуля па-ранейшаму са шчырай душой выконваюць ролю клапатлівых мамы і таты сваіх малодшых чатырох дзяцей.

Шасцёра дзяцей падрастаюць у Наталлі Мікалаеўны і Аляксандра Рыгоравіча Сельвясюкоў з Сакаўшчыны, пяцёра – у Інгі Уладзіміраўны і Віктара Міхайлавіча Макеяў з Бабровічаў і столькі ж у Святланы Міхайлаўны і Ігара Валянцінавіча Шчасноўскіх з Манькаўшчыны. Выйгрышна глядзелася на сцэне і Таццяна Іванаўна Александровіч з Валожына. Яна нарадзіла трох прыгожых сыноў, прычым Іван і Аляксандр – блізняты. Трое дзяцей падрастае ў Людмілы Міхайлаўны і Сяргея Міхайлавіча Ліштванаў з Валожына.

Шматдзетная сям’я, як паказала праводзімае мерапрыемства, – гэта не толькі шмат святла і радасці, гэта яшчэ абавязкова і шмат працавітасці, штодзённага старання. Відэапрэзентацыя пераканала гледачоў, у якіх утульных дамах і кватэрах жывуць шматдзетныя сем’і, як шмат ім прыходзіцца працаваць, каб падтрымліваць парадак і ўтульнасць на сядзібе, спраўляцца з вялікай падсобнай гаспадаркай. Вельмі ўразіла ў гэтым  плане сям’я  Наталлі Браніславаўны і Дзмітрыя Іванавіча Гаркуноў з Міхалова Івянецкага сельсавета.

Конкурс пераканаў, што ў шматдзетных сем’ях любяць не толькі працу, але і адпачываць тут таксама ўмеюць. Дочкі разам з мамамі заўзятыя кветкаводы, сыны і бацькі –  шчырыя рыбаловы, сталяры. Ды і на кухні ў такіх дамах найчасцей паміж дарослымі членамі пароўну дзеляцца  будзённыя абавязкі. Дарэчы, у час правядзення конкурсу ў фае раённага цэнтра культуры сем’і-ўдзельніцы дэманстравалі свае кулінарныя “шэдэўры”, а таксама ладзілі выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Журы конкурсу было нялёгка вызначыць лепшую сям’ю. Усе ўдзельнікі выклікалі вялікую сімпатыю. Таму, верагодна, і было прыдумана шмат намінацый, каб адзначыць пасільны ўклад у агульную перамогу ўсіх канкурсантаў. Кожнай сям’і былі ўручаны памятныя падарункі, спонсарамі якіх выступілі прадпрыемствы і арганізацыі, дзе працуюць бацькі-ўдзельнікі святочнай конкурснай праграмы. Усе дзеці атрымалі і салодкія прэзенты ад “Івкона” і  ГА “Белая Русь”, якую ўзначальвае ў раёне Н. Чарнышова. Уручыла падарункі канкурсантам старшыня аб’яднання шмадзетных сем’яў Н. Жылевіч.

Самым інтрыгуючым момантам стала аб’яўленне пераможцаў. Першае месца журы пад старшынствам намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама З. М. Дубіна прысудзіла сям’і Гаркун з вёскі Міхалова, якая будзе адстойваць гонар раёна на абласным узроўні. На другім месцы аказалася сям’я Сельвясюк з Сакаўшчыны, на трэцім – Кашча з Багданава. Яны атрымалі грашовыя прэміі ў залежнасці ад занятых прыступак славы.

Раённы конкурс пераканаў: там, дзе сем’і хочуць быць шчаслівымі, яны такімі абавязкова становяцца. Сямейную лодку да прыстані пад назвай «Шчасце» ўпэўнена па хвалях жыцця вядуць бацькі, а ў руках гэтых дваіх блізкіх людзей самае надзейнае вясло –  шчырая любоў адзін да аднаго і да сваіх дзетак.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *