Укрепить иммунитет поможет вакцинация

Общество

У барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі ўсё большае значэнне набываюць метады спецыфічнай прафілактыкі. Абарона ад інфекцый з дапамогай імунізацыі вядома многія сотні гадоў. Напрыклад, старажытныя кітайцы, каб засцерагчы сябе ад воспы, ўдыхалі носам высушаныя і здробненыя коркі хворых. Аднак такі метад (яго назвалі варыяляцыяй) быў мерапрыемствам даволі небяспечным, звязаным з вялікай рызыкай для жыцця і здароўя.

У XVIII стагоддзі першым урачом, які правёў вакцынацыю людзей воспай кароў, стаў брытанец Эдвард Джэнер. У 1777 годзе ён заснаваў у Лондане першы ў свеце воспапрышчэпны пункт. Гэта і было нараджэннем навуковага падыходу да прымянення актыўнай імунізацыі. Праз 100 гадоў француз Луі Пастэр зрабіў першую паспяховую вакцынацыю чалавека супраць шаленства. Сёння вакцынацыя з’яўляецца адным з вядучых метадаў прафілактыкі інфекцыйных захворванняў. Як гэты метад дзейнічае? У арганізме штучна ўзбуджаецца натуральны інфекцыйны працэс, які працякае ў лёгкай форме (часта незаўважна для чалавека) і пакідае пасля сябе неўспрымальнасць да пэўнага віду вірусаў. Актыўны імунітэт захоўваецца на працягу 5-10 гадоў у прышчэпленых супраць адру, дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту ці некалькі месяцаў у прышчэпленых супраць грыпу, брушнога тыфу. Аднак пры своечасовай рэвакцынацыі ён можа захоўвацца ўсё жыццё.

Жывыя вакцыны ўтрымліваюць у сабе жывыя, але аслабленыя вірусы. Да іх адносяцца адзёрная, поліяміэлітная, паратытная, краснушная, грыпозная і іншыя. Жывыя вакцыны ствараюць высоканапружаны, трывалы і доўгачасовы імунітэт.

Вакцыны, якія ўтрымліваюць перакрыжавана рэагуючыя жывыя мікраарганізмы, выклікаюць пры ўвядзенні аслабленую інфекцыю, яна абараняе ад больш цяжкай. Прыклад такой вакцыны – БЦЖ, прыгатаваная з мікроба, які выклікае туберкулёз у буйной рагатай жывёлы.

Забітыя вакцыны (коклюшная) лёгка дазіраваць і камбінаваць з іншымі вакцынамі, яны тэрмастабільныя. Выклікаюць з’яўленне некалькіх тыпаў антыцелаў. Недахоп – стварэнне нястойкага імунітэту, таму для дасягнення эфектыўнай абароны трэба ўводзіць некалькі разоў пры вакцынацыі і паўторна на працягу жыцця. Забітыя вакцыны часта даводзіцца ўводзіць з ад’ювантам – рэчывам, якое павялічвае імунны адказ.

Анатаксіны (слупняковы, дыфтэрыйны, стафілакокавы) выклікаюць стойкі антытаксічны імунітэт. Гэта, праўда, не дазваляе папярэдзіць бактэрыянашэнне і лакалізаваныя формы захворвання.

Хімічныя вакцыны (пнеўмакокавая, менінгакокавая і інш.) складаюцца з антыгенных фракцый забітых мікраарганізмаў.

Рэкамбінантныя вакцыны (супраць гепатыту В) бяспечныя і высокатэхналагічныя. Але для дасягнення належнага імунітэту патрабуецца трохразовая ін’екцыя.

Прышчэпкі павінны праводзіцца ў лячэбна-прафілактычных установах, пажадана раніцай. Калі прышчэпліваецца дзіця, урач паўгадзіны назірае за яго станам, затым, каб пазбегнуць непажаданых рэакцый, на працягу трох сутак над дзіцем бярэ апеку медсястра. Пасля “жывой” вакцынацыі медсястра аглядае дзіця на 5-6 і 10-11 дні, бо рэакцыі на ўвядзенне ўзнікаюць на другім пасля прышчэпкі тыдні.

Станіслаў ЛУЖЫНСКІ,

загадчык Вішнеўскай урачэбнай амбулаторыі.



Добавить комментарий