Волочебники деревни Янушковичи пели здравицы сразу на трёх языках

Культура

Да Пасхі  ўсе вяскоўцы заўсёды вельмі старанна рыхтаваліся: чысцілі дамы, падворкі, вуліцы. Гаспадыні ладзілі багатыя сталы, абавязкова пяклі вялікія пірагі, фарбавалі яйкі, варылі мяса, каўбасы, рулеты з цяляціны, фаршыравалі парасят. Галоўным жа пачастункам была свянцонка – яйкі, соль і рознае іншае. З раніцы людзі разгаўляліся, а вечарам ішлі ў валачобнікі. Спявалі песні, якія праслаўлялі гаспадара дома, гаспадыню, іх сыноў і дачок. Яны ўслаўлялі чалавека, яго працу, зямлю, зычылі здароўя, ураджаю. Часта ў велікодных песнях успаміналася “зялёнае віно”. Такога ў прыродзе не існуе, але ўвасабляла надзею на лепшае жыццё, бо менавіта зялёны колер атаясамліваўся з надзеяй. Валачобнікаў гаспадар павінен быў запрасіць у хату, пачаставаць іх. Але празмерна піць у першы дзень лічылася вялікім грахом.

ВІНО ГАСПАДЫНІ

Гаспадынька прутка

Павяртайся хутка!

Ой, віно ж, віно зялёнае!

Падстаўляй драбінку –

Лезь па саланінку.

Ой, віно ж, віно зялёнае!

Каўбаскі ў куточку

Вісяць на пруточку.

Ой, віно ж, віно зялёнае.

Прынясі гарэлкі,

Белы сыр з талеркі.

Ой, віно ж, віно зялёнае.

Парасётка надзявана

І яечка фарбавана.

Віншуе – Алелюя!

Каб заўжды сквірчэла мяска на сквародцы,

Каб не пацела бутылка водкі.

Ужо пасвенчаны каўбаскі.

Ну, налівай! Сёння Пасха!

Віншуе – Алелюя!

Як на Пасху, як на Пасху,

Яйкі ўсе ўгналі ў краску.

Кончан пост – прыбаўка ў весе.

Добры дзень!

Хрыстос васкрэсе!

Віншуе – Алелюя!

…ГАСПАДАРУ

Добры вечар, пане гаспадару!

Ці спіш, ці ляжыш?

Ой, віно ж, віно зялёнае.

Ці не чуеш?

Калі чуеш, акажыся.

Ой, віно ж, віно зялёнае.

Ідзі ў поле жыта глядзеці,

Жыта глядзеці, чым Бог давядзеці,

Ой, віно ж, віно зялёнае!

Маё жыта абгледжана,

На коніку аб’езджана,

Ой, віно ж, віно зялёнае.

Маё жыта пара жаці,

Добрых жнеек нанімаці.

Ой, віно ж, віно зялёнае!

Нашы жнейкі маладзенькі,

Іх сярпочкі залаценькі.

Ой, віно ж, віно зялёнае.

Дай жа, Божа, пане гаспадару,

На полі – капаці, а ў гумне – таптаці!

Ой, віно ж, віно зялёнае!

А ў крузе – спорам,

А ў млыне – з прымолам!

Ой, віно ж, віно зялёнае!

Дай яечка, каб ураджаю была бэчка!

Проша даць кілішак для спошчаных кішак!

Гарэлачкі з пенкным смакам

А хто вып’е – пойдзе ракам.

Віншуе – Алелюя!

…МАЛАДОЙ ДЗЯЎЧЫНЕ

А на моры, на Дунаю,

Ляжыць кладка малявана.

Ой, віно ж, віно зялёнае!

На тэй кладцы – красна паненка.

Красна паненка, маладая дзеўка.

Ой, віно ж, віно зялёнае!

Бель бяліла, ручкі мыла,

Злоты персцень ураніла.

Ой, віно ж, віно зялёнае.

Каля рэчкі яна хадзіла,

Напаткала трох малойцаў.

Трох малойцаў– рыбалоўцаў.

Ой, віно ж, віно зялёнае!

Ой вы, хлопцы-рыбалоўцы,

Вы здабудзьце злоты персцень.

Ой, віно ж, віно зялёнае.

Я вам буду ў вялікай адгодзе,

У агародзе, і ў прыплодзе.

Ой, віно ж, віно зялёнае.

Сама пайду за старшога,

Сястру аддам за сярэдняга,

А кумпанку – за малодшага!

Ой, віно ж, віно зялёнае.

Сама буду панаваці,

Сястра будзе паязджаці,

А кумпанка жыта жаці.

Ой, віно ж, віно зялёнае.

Жыта жаці, гарэлачку гнаці

І нас частаваці.

Ой, віно ж, віно зялёнае!

Жэбы паненка росла,

І замуж пошла,

І намі не гардзіла –

На вэсэлле папрасіла!

Да Вялікадня яшчэ ёсць час. Вывучыце гэтыя песні, каб аднавіць традыцыю народную, жартоўную. І спявайце, каб ажылі вёскі! Каб у іх яшчэ цеплілася вясёлае жыццё.

Ганарата ГАДЛЕЎСКАЯ, жыхарка вёскі Янушкавічы, валачобніца з вялікім стажам.



Добавить комментарий