Часта сніцца мне наш старэнькі сад….

Культура

Часта сніцца мне наш старэнькі сад на невялічкім хутары ў вёсцы Сівіца і мама, зусім маладая, яшчэ ўвішная, спрытная, руплівая…
Сёння субота, зноў прыйдуць да нас на вечарынку вясковая моладзь і хутаране! Тата добра іграў на акардэоне, і таму ўсё наваколле сцякалася да нас, летам – на маёвыя, узімку – на папрадухі. Хапала месца і песням, і жартам, і танцам. Вось тата кідае чапялу на зямлю – гэта знак, што спачатку будуць “Купчыкі”, пасля іх зменяць дробненькая полька, кракавяк. Весяліцца будзем аж да світанку!
Іншы раз ва ўспаміны ўсплывае вобраз цёткі Гунэфкі, татавай сястры. Яна прыязджала да нас на кані, абавязкова з падарункам – белым сырчыкам у кужэльным ручніку, з квартай гарэлкі “з-пад карча” і гладышом мёду. Радасць – бясконцая! Цётачка любіла свайго адзінага брата, нашага тату. Дарослыя садзіліся частавацца ў садзе, а мы малыя круціліся вакол іх. Тата іграў, жанчыны спявалі, і чамусьці ў тыя моманты заўсёды над імі так нізка ляталі і радасна шчабяталі ластаўкі, быццам бы таксама хацелі далучыцца да той шчырай, вясёлай кампаніі…
Ах, мамін сад! Ты застаўся жыць толькі ў мроях і снах. Дзе тыя сцежкі, што вялі да цябе? Можа, замяла іх белая квецень яблынь? Веру, што некалі вярнуся туды абавязкова… Можа, птушкай, а можа, далёкім адгалоскам песні, якая ўсё гучыць у маім сэрцы. Песняй, што так хораша выходзіла некалі ў мамы і цёткі Гунэфкі:

САЛАВЕЙКА, РАННЯЯ ПТАШАЧКА

Салавейка, ранняя пташачка,
У мяне, маладой, адзін брацейка.
Адзін брацейка, і той далёка,
І той далёка, у госці не едзе…
Ой, прыедзь, прыедзь, родны брацейка,
Як жа я табе буду радзенька!
Як мы з брацейкам сустракаліся,
Цёмныя бары разлагаліся.
Як мы з брацейкам сустракаліся,
Ластаўкі ў гняздзе мілаваліся.
Як мы з брацейкам расставаліся,
То рэчка слязьмі напаўнялася…
Салавейка, ранняя пташачка,
У мяне маладой адзін брацейка…

Юзэфа НЯДЗВЕЦКАЯ, жыхарка вёскі Пагарэлка.



Добавить комментарий