Долгое эхо Чернобыля звучит в наших сердцах

Общество

Валожынскі раён Мінскай вобласці з’яўляецца адным з найбольш пацярпеўшых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Калі ў 1986 годзе пасля катастрофы на ЧАЭС былі забруджаны радыенуклідамі 104 населеныя пункты, дзе пражывала 15000 чалавек, то на пачатак бягучага года ў сілу розных прычын: дэмаграфічных, сацыяльна-эканамічных, а таксама рэабілітацыйных мерапрыемстваў засталіся 44 населеныя пункты, дзе пражывае 3000 чалавек. Усяго на дыспансерным уліку ў кабінеце раённага рэгістра райпаліклінікі стаяць 3200 чалавек, з іх дзяцей і падлеткаў – 526.

Мінула 25 гадоў пасля страшнай трагедыі, аднак час не заглушыў душэўны боль пацярпеўшых людзей. За гэты тэрмін вырасла новае пакаленне, якое ведае аб бядзе па аповедах старэйшых. З пункту гледжання нашага суб’ектыўнага ўспрымання, значнасць наступстваў катастрофы прытупляецца. Па-першае, час заўсёды згладжвае выразнасць з’яў, па-другое, змяніўся сацыяльна-эканамічны і псіхалагічны падыход да гэтай праблемы.

У першыя гады пасля аварыі былі выдзелены з бюджэту каласальныя фінансавыя сродкі для пераадолення наступстваў катастрофы, у прыватнасці, на аздараўленне насельніцтва, ачыстку тэрыторыі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбна-прафілактычных устаноў і г. д.

У нашым раёне рабілася і робіцца шмат па мінімізацыі наступстваў аварыі. Пастаянна вылучаюцца фінансавыя сродкі на ахову здароўя, умацаванне матэрыяльнай базы лячэбна-прафілактычных устаноў: укамплектаванне кадрамі, медыцынскай тэхнікай, абсталяваннем і рашэннем жыллёвых пытанняў.

За 25 гадоў карэнным чынам змянілася матэрыяльна-тэхнічная база ЦРБ – пабудаваны новыя карпусы райпаліклінікі: тэрапеўтычны, неўралагічны. Здадзены ў эксплуатацыю акушэрска-гінекалагічны корпус з усёй інфраструктурай.

На жаль, нягледзячы на прынятыя меры, нам не ўдаецца эфектыўна цалкам процістаяць пагаршэнню здароўя насельніцтва. Асаблівую трывогу выклікаюць асобы з так званай групы рызыкі – гэта ўдзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якія ў 1986- 1987 гадах ва ўзросце 20-30 гадоў, маладыя і здаровыя былі кінуты на ліквідацыю вынікаў аварыі. Ратуючы нас, яны ратавалі свет. Сёння яны ўсе маюць па 3-4 і больш хранічных захворванняў, у асноўным гэта захворванні органаў кровазвароту, стрававання, касцёва-мышачнай сістэмы, а некаторыя хварэюць на анкалогію.

Да групы рызыкі адносяцца і эвакуіраваныя з 30-кіламетровай зоны, пераселеныя з зоны з правам на адсяленне і тыя, хто пражывае або пражываў у зоне з перыядычным радыяцыйным кантролем. Нароўні з вышэйпералічанымі захворваннямі ў гэтых людзей высокая рызыка злаякасных  захворванняў шчытападобнай залозы. Таму даросламу насельніцтву, пацярпеўшаму ад катастрофы на ЧАЭС, у абавязковым парадку неабходна штогод праходзіць агляд у эндакрынолага з УГД шчытападобнай залозы.

Грамадзяне, асабліва ліквідатары і асобы, у якіх захворванні звязаны з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, спадзяюцца, што ім вернуць калісьці «часова прыпыненыя льготы», каб яны маглі бясплатна прыехаць у паліклініку і палячыць атрыманыя хваробы.

Наступствы Чарнобыля будуць аказваць негатыўны ўплыў не адно дзесяцігоддзе і нават стагоддзе. Аб гэтым трэба памятаць!

Хрысціна КАРАЛЕНКА,

урач райпаліклінікі.



Добавить комментарий