25 лет назад, 26 апреля, в Чернобыле произошла одна из крупнейших техногенных катастроф

Общество

Чарнобыльская навала накаціла неспадзявана і пакрыла сваім чорным крылом 20,3 працэнта тэрыторыі нашага раёна. Найбольш высокі ўзровень забруджвання адзначаўся ў Пяршайскім і Івянецкім сельсаветах.

Выкананне Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у раёне ўскладзена на розныя службы і ведамствы, фінансаванне ажыццяўляецца з рэспубліканскага бюджэту.

За чвэрць стагоддзя істотна змянілася якасць жыцця жыхароў пацярпеўшых тэрыторый. Асабліва шмат станоўчых вынікаў прынесла апошняя пяцігодка: за сродкі па дзяржпраграме ў раёне пабудавана 13,7 тысячы квадратных метраў жылля, здадзена ў эксплуатацыю 18 кватэр і 50 жылых дамоў спажывецкага тыпу на суму 14761 мільён рублёў, газіфікавана 5807 дамоў, пракладзена 1,6 кіламетра газаправодных і 2,8 кіламетра водаправодных сетак, у Івянцы і Валожыне запрацавалі станцыі абезжалезвання вады і ачышчальныя ўстаноўкі, заасфальтавана 1,6 кіламетраў дарог. Толькі летась сельгасарганізацыям, якія размяшчаюцца на забруджаных тэрыторыях, выдзелена каля 35 мільёнаў рублёў на набыццё сродкаў індывідуальнай засцярогі і правядзенне радыяцыйнага даследавання ўгоддзяў, а дзякуючы такім мерам, як пераворванне глебы, унясенне мінеральных угнаенняў, выпас жывёлы на культурных пашах, узровень забруджанасці радыенкулідамі прадуктаў сельскагаспадарчай вытворчасці зніжаны да дапушчальнай нормы.

Вялікая адказнасць па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС ускладзена на медыцынскую службу. У райпаліклініцы працуе кабінет раённага Чарнобыльскага рэестра, куды паступае ўся інфармацыя пра стан здароўя кожнага пацярпеўшага, пра правядзенне лячэбна-дыягнастычных і аздараўленчых мерапрыемстваў. Штогод усе жыхары, якія пражываюць на тэрыторыі з перыядычным радыяцыйным кантролем, і ўдзельнікі ліквідацыі аварыі праходзяць медыцынскія агляды. Па праграме “Дзеці Чарнобыля” ў 2010 годзе на раён выдзелена 4000000 рублёў на закупку вітамінаў для дзяцей і падлеткаў. Усяго ж для лячэбна-прафілактычных устаноў раёна закуплена медыцынскага абсталявання на 1379874000 рублёў.

Усе школьнікі радыеактыўнай зоны забяспечаны бясплатным збалансаваным харчаваннем. На канікулах дзеці і падлеткі праходзяць аздараўленне на базе аздараўленчых лагераў часовага і кругласутачнага прабывання, профільных турыстычна-аздараўленчых лагерах, санаторыях і цэнтрах вобласці і рэспублікі.

Сёння, у сумную дату 25-й гадавіны аварыі на ЧАЭС,  можна ўспамінаць, наколькі неапраўданымі былі тыя ці іншыя дзеянні кіруючых органаў, але ці прывядзе гэта да канструктыўнага вырашэння праблемы? Неабходна прыняць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць, і прыкласці ўсе намаганні, каб як мага эфектыўней зменшыць наступствы катастрофы і шкоднае ўздзеянне радыяцыі на здароўе людзей. Дзяржаўная праграма па пераадоленню наступстваў на Чарнобыльскай АЭС на 2006-2010 гады выканана, што дае падставу настроіцца на аптымістычны лад. Разам з тым далейшая работа ў гэтым накірунку ўжо запланавана на наступны перыяд, дзяржава і далей будзе несці клопат пра здароўе нацыі і паляпшэнне якасці жыцця.

Іосіф ЛЯШКЕВІЧ, намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтву, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.



Добавить комментарий