Огненные деревни живут в памяти

Культура

Вайна… Колькі жорсткасці, чалавечай подласці, бяздушша і крыважэрнасці ў гэтым слове. Усё тут калечыць чалавечую душу і ўдвайне – дзіцячую. Асабліва калі адбываецца на вачах дзіцяці.

Сёння я вам прапаную аповед некалькіх сведкаў з вёсак, якія былі знішчаны ў 1943-1944 гадах.

СТАНЮШКІ

Спалены 23 двары. Загінулі 5 чалавек.

Успамінае Серафім Аляксандравіч Нелюб, які і зараз пражывае ў вёсцы Станюшкі Івянецкага сельсавета:

“Наша вёска гарэла двойчы. Першы раз яе спалілі ў 1943 годзе. За што, дакладна не памятаю, быў занадта малы. Мабыць, людзі немцам нечым недагадзілі. Другі раз яе спалілі ў 1944 годзе. Перад гэтым у нас стаялі партызаны. Немцам данёс стараста, і яны адразу ж выехалі. Партызаны неяк даведаліся пра гэта і ўцяклі. Немцы, пад’ехаўшы да вёскі, адразу ж яе ачапілі. Падпальваць пачалі з першай хаты да дарогі. Адбывалася ўсё пад вечар альбо нават пад ноч, бо я ўжо спаў. Бацькі выкінулі мяне з палаючай хаты і тушылі на вуліцы. Хата згарэла цалкам. Спачатку немцы не далі тушыць, а потым было позна. Некалькі чалавек з вёскі застрэлілі. Іх імён і прозвішчаў я не памятаю”.

ЧЫШЭВІЧЫ

Спалена ў 1943 годзе. Загінулі 3 чалавекі.

Успамінае Раман Іосіфавіч Яновіч, жыхар вёскі Падсады Івянецкага сельсавета:

«Гэта было летам. Дзень дакладна не памятаю. Памятаю, нехта ўбачыў, што гарыць вёска Мейшты. Мы з суседзямі пабеглі хавацца ў лес, таму я многага не бачыў. У лесе з нашай сям’і былі толькі мы з бацькам. Маці была ў Вірлавічах, у сястры.

Немцы ачапілі Чышэвічы. Стрэхі былі саламяныя. З палаючай страхі немцы і паліцаі бралі жменю саломы і беглі падпальваць другую хату. І так, пакуль не згарэла ўся вёска. Людзей некуды пагналі, куды, я не ведаю, мусіць, у Германію. Потым немцы пайшлі ў Вірлавічы. Там адбывалася тое ж самае. Маці мая са сваёй сястрой схаваліся ў склепе. Зайшоў паліцай, падняў уваходную накрыўку ў склеп. Убачыўшы іх, сказаў: “Жанчыны! Чаго вы тут сядзіце? Уцякайце хутчэй, бо страха на вашай хаце ўжо гарыць”. Яны і ўцяклі са склепа.

Памятаю, як мне было страшна. Не дай Бог гэта перажыць яшчэ раз. І як гэта вёскі Падсады і Сіманы ўцалелі, не разумею. У вёсцы Чышэвічы падчас вайны загінулі трое братоў Бушылаў. Імён я іх не памятаю. Расстралялі іх як бы за сувязь з партызанамі, хаця з партызанамі яны звязаны не былі».

Ігар СОЛТАН, бібліятэкар Івянецкай дзіцячай бібліятэкі.



Добавить комментарий