В районе объявлен пожароопасный период

Общество

У нашай краіне аб’яўлены пажаранебяспечны перыяд. Работнікі лясной гаспадаркі будуць асабліва пільна сачыць за тым, каб грамадзяне, якія адпачываюць на ўлонні прыроды, не наносілі ёй шкоды.

Як паказвае практыка, у сухое, гарачае надвор’е дастаткова нават кінутай запалкі, каб адбылося ўзгаранне вялікай плошчы. Часта пажары ўзнікаюць уздоўж дарог ад акуркаў, што вылятаюць праз адчыненыя вокны аўтамабіляў. Так што ўсё залежыць ад кожнага з нас: будзем весці сябе абачліва, і вогненная стыхія не разгуляецца.

Нядаўна на базе ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас” прайшоў абласны семінар-вучоба, на якім разглядаліся пытанні аховы лясоў ад пажараў і іх тушэння. Як адзначылі спецыялісты галіны абласнога і міністэрскага ўзроўняў, лясы Валожыншчыны надзейна ахоўваюцца ад узгаранняў і з’яўляюцца аднымі з самых паказальных у плане засцярогі ад агню. Усё гэта стала магчымым дзякуючы мэтанакіраванай, планамернай рабоце: заўсёды ў “баявой” гатоўнасці падтрымліваюцца тэхнічныя сродкі тушэння пажараў, пад асобым кантролем – лесапалосы ўздоўж аўтатрас.

Асаблівую зацікаўленасць удзельнікаў семінара выклікала прэзентацыя аўтаномнай, бесправадной сістэмы відэанагляду за лесам. Усталёўваецца яна на вышках мабільнай сувязі і перадае сігналы аб драбнейшых змяненнях у паветры. Гэта дасць магчымасць у выпадку небяспекі зрэагаваць хутка і аператыўна. Лясы Валожыншчыны першымі ў вобласці будуць ахоўвацца такой сучаснай сістэмай.

Кіраўніцтва лясгаса вельмі спадзяецца на супрацоўніцтва з жыхарамі раёна і заклікае кожнага, хто стаў сведкам ляснога пажару, паведаміць аб ім па нумары: 55-7-73.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий