Ивенец городом будет – в этом не сомневается житель Ивенца Михаил Спиридович

Общество

У канцы 90-х гадоў мы з жонкай вырашылі пакінуць сталічную кватэру і пераехаць жыць на яе радзіму, на Валожыншчыну. Мы даўно марылі: на пенсіі паселімся дзе-небудзь у вёсачцы, вакол будзе прастора, светла-блакітнае неба і цішыня да болю ў вушах. Але з вёсачкай нічога не атрымалася – сямейныя абставіны змянілі нашы планы – мы вымушаны былі прыехаць у Івянец. Сябры ў Мінску адгаворвалі, нават пужалі: “Куды вы ўцякаеце ад цывілізацыі? Там жа няма нармальных умоў для жыцця, ніякага сэрвісу. Як будзеце жыць?”

Такімі аргументамі нас не запалохалі. Мы нарадзіліся і выраслі ў сялянскіх сем’ях, так што вясковы быт і ўклад жыцця нам былі добра вядомыя.

Праляцелі дзесяткі гадоў пасля нашага дзяцінства, і, безумоўна, жыццё сялян у чымсьці значна змянілася ў лепшы бок, але штосьці засталося даўнейшым, анічуць не закранутым цягам часу.

Гэта яскрава бачна на развіцці гарадскога пасёлка Івянец, з якім звязвае мяне лёс вось ужо больш як сорак гадоў. За гэты час Івянец з правінцыяльнага мястэчка з брукаванымі вулачкамі ў цэнтры, з не вельмі прыбранымі сялянскімі сядзібамі пераўтварыўся ў сучасны, добраўпарадкаваны, прыгожы, еўрапейскага, бадай, узроўню, невялікі гарадок. А чаму не?! Ёсць сучасныя магазіны, з такімі ж таварамі і годным абслугоўваннем, як і ў горадзе. Два, падобныя на гарадскія, кафэ, бібліятэка, пошта, банкі… Амаль увесь гарадскі  сэрвіс.

Пабудаваны новы Дом культуры, адкрыўся Дом польскі, вернуты вернікам будынак касцёла святога Міхала, пабудаваны новая бальніца, царква. Я так звыкся з сучасным выглядам гарпасёлка, што нават не магу ўспомніць, чаго не было сорак гадоў таму.

Івянец так размахнуўся ўшыркі, што ўжо пешшу абысці ўсе вуліцы не атрымаецца нават за дзень. А якія івянчане пачалі будаваць цяпер хаты! Каб жончын дзед убачыў іх сёння, сказаў бы: “Палацы панскія!” Раней хаты будавалі па праекту, які зацвердзіць раённае начальства, і ніякіх адступленняў ад яго не магло быць увогуле. Сёння забудоўшчыку дазволена фантазіраваць, і палётам гэтых фантазій можна любавацца ў Івянцы. Пахарашэлі звонку і хаты, пабудаваныя даўнейшым часам. Многія з іх абліцаваныя цэглай, ашаляваныя вагонкай, новымі сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі. Дамы адрозніваюцца адзін ад аднаго сваёй індывідуальнасцю, непаўторным каларытам фарбаў. Людзі не шкадуюць грошай на аздабленне сваіх прысядзібных участкаў, якія ўтрымліваюць ва ўзорным стане. Гэта сведчыць аб неабыякавасці івянчан да выканання патрабаванняў кіраўніцтва краіны па добраўпарадкаванню населеных пунктаў.

Я памятаю, як цешча варыла ежу на кірагазе, а сёння ў многіх івянецкіх дамах прыродны газ, водаправод і галоўная адметнасць сучаснай цывілізацыі – камп’ютары з Інтэрнэтам. Амаль кожны школьнік носіць у кішэні мабільны тэлефон, у школу многіх з іх бацькі прывозяць на аўтамабілях.

Як жа ўсё змянілася за апошнія гады ў жыцці івянчан! Але ж засталася і сівая даўніна, ад якой не змаглі пазбавіцца ні самі жыхары, ні мясцовая ўлада. Івянец усё ж такі яшчэ не горад, а толькі гарадскі пасёлак. Кожная сям’я тут мае пры доме ўчастак зямлі. У каго дзесяць сотак, а хто гаспадарыць і на 15-20 сотках. З надыходам вясны кожны гаспадар думае: “Чым узараць гэту зямельку-карміцельку? Як пасадзіць бульбу, буракі, моркву?” Сорак гадоў таму мая цешча прасіла дапамагчы ў гэтай справе суседа Антона, які трымаў у сваёй гаспадарцы каня. Сёння мая жонка звяртаецца з такой жа просьбай да сына дзядзькі Антона.

У адным з лютаўскіх нумароў газеты “Местное самоуправление” прачытаў, што ў Лепельскім раёне пры адным з сельсаветаў было створана механізаванае звяно па аказанню паслуг насельніцтву, якое з цягам часу пераўтварылася ў камунальнае ўнітарнае прадпрыемства. На балансе КУП два камбайны, тры трактары з прычэпамі, усе апрацоўчыя агрэгаты для пасадкі і ўборкі бульбы. Ёсць легкавы аўтамабіль. Падумаў: “А чаму такой структуры, якая вырашала б надзённыя праблемы людзей, няма ў нас?”

Апрацоўка прысядзібнага ўчастка – справа, безумоўна, індывідуальная. Сёння ў людзей у асабістым карыстанні ёсць і трактары, і мотаблокі, і другая міні-тэхніка. Многія прадпрыемствы дапамагаюць сваім рабочым апрацоўваць зямлю. Але ж ёсць у Івянцы і такія жыхары, якім дапамагчы няма каму. Няма і адпаведнай службы, якая аказвала б такія паслугі.

Як прывезці з універмага дадому халадзільнік, калі ў цябе няма свайго каня ці трактара? Дзе ў Івянцы можна адсвяткаваць юбілей, вяселле ці якую-небудзь іншую знамянальную падзею ў жыцці, каб гэта было прыстойна і без лішніх турбот для сябе?

У гарпасёлку мноства магазінаў, па выхадных працуе рынак, а купіць свежага мяса – нельга! Многія івянчане за ім ездзяць у Ракаў. Дзіва, ды і толькі! Я памятаю, што ў Івянцы быў спецыялізаваны магазін, дзе штодзённа прадавалася якаснае свежае мяса. Няўжо жыццё наша і сапраўды так уладкавана, што калі штосьці прыдбаеш, то абавязкова павінен штосьці страціць?

Страцілі івянчане і кнігі. Раней жа ва ўнівермагу быў вялікі кніжны аддзел. Сёння за добрай, змястоўнай кнігай трэба ехаць у райцэнтр або ў сталіцу.

У Івянцы калісьці быў рэстаран, зараз аб гэтым сведчыць толькі застарэлая шыльда на адным з будынкаў у цэнтры пасёлка.

Мой дарослы сын і сёння з захапленнем успамінае сваё дзяцінства: як мы ўсёй сям’ёй каталіся на лодках па івянецкаму возеру і рэчцы.

Ніколі не было ў Івянцы і няма па сённяшні дзень службы па аказанню людзям у цяжкі для іх час рытуальных паслуг. Сямітысячнаму гарпасёлку, на маю думку, патрэбна менавіта адпаведная служба, а не аднаасобныя паслугі, якія аказвае мясцовы жылкамунгас.

Пытанні развіцця мясцовага сэрвісу і аказання паслуг насельніцтву – абавязак мясцовай улады. Безумоўна, у гэтай справе патрэбны фінансавыя сродкі. Мяркую, што такія сродкі ў мясцовай улады ёсць. Да таго ж паслугі аказваюцца насельніцтву за пэўную плату. Такая справа павінна быць прыбытковай. Не абавязкова дзяржаўным структурам аказваць паслугі насельніцтву і выдаткоўваць бюджэтныя сродкі для арганізацыі гэтай работы. Узяць ініцыятыву ў свае рукі маглі б прадпрымальнікі, трэба іх толькі заахвоціць. Прэцэдэнт ужо ёсць: у Івянцы працуе прыватнае таксі.

Той, хто хоча штосьці зрабіць, заўсёды шукае магчымасці і знаходзіць іх. Папярэднія пакаленні івянчан зрабілі ўсё магчымае, каб гарпасёлак стаў такім, якім яго бачым у наш час. Кіраўнікі мясцовай улады і прадпрыемстваў, прадпрымальнікі, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, моладзь павінны старацца рабіць жыццё івянчан больш камфортным, па-сапраўднаму гарадскім.

Упэўнены: Івянец горадам будзе!

Міхаіл СПІРЫДОВІЧ,

жыхар Івянца.



Добавить комментарий