Агляд падзей у раённай газеце за красавiк 1966 года

Культура

НА ТАРФЯНІКАХ

На палях сельгасарцелі «1 Мая» прыкметна веснавое ажыўленне.

Хлебаробы з кожным днём пашыраюць фронт палявых работ: падкормліваюць азімыя, вядуць дыскаванне. А нядаўна на тарфянікі вывеў свой «Т-74» трактарыст Іван Зенька. У першы дзень было пасеяна 10 гектараў цукровых буракоў. Усяго ў восьмай паляводчай брыгадзе пасеяна 24 гектары салодкага кораню. Сяўба на тарфяніках працягваецца.

ПОСПЕХ ПТУШКАВОДАЎ

Ва ўсе птушкагадоўчыя гаспадаркі рэспублікі паступае маладняк птушкі і яйкі ад племянных курэй Івянецкай птушкафабрыкі.

Куры яйцаноскай пароды нясуць да 250 яек у год. Цяпер на фабрыцы знаходзіцца 10 тысяч галоў дарослай птушкі і 20 тысяч маладняку, да канца года плануецца павысіць колькасць дарослай птушкі да 12 тысяч галоў.

Старанныя людзі працуюць у калектыве. Толькі ў першым квартале атрымана 541 тысяча штук яек. Выхад куранят з інкубацыі складае 80-90 працэнтаў. Высокага майстэрства ў доглядзе за птушкай дасягнула Г. М. Віктаровіч. Ад 2500 курэй-нясушак яна атрымала па 74 яйкі. Добрых поспехаў дабіваецца і Т. А. Бурак. Нядаўна яна ўзнагароджана медалём «За працоўную доблесць».

ШМАТ ЦІКАВАГА

З карысцю правялі веснавыя канікулы лепшыя гурткоўцы Валожынскага Дома піянераў: 40 чалавек з’ездзілі ў сталіцу рэспублікі – Мінск.

З захапленнем хадзілі ўсе ў аэрапорце. Там дазволілі агледзець самалёт «ТУ-124», зайсці ўнутр яго. Наведалі вучні і кабіну лётчыка. А потым усёй групай пабывалі ў цырку. Там глядзелі з вялікай цікавасцю атракцыён «Дрэсіраваныя львы» з удзелам народнай артысткі РСФСР Ірыны Бугрымавай. Парадавалі ўсіх і папулярныя комікі заслужаныя артысты РСФСР Юрый Нікулін і Міхаіл Шуйдзін. Шмат пазнавальнага чакала рабят і ў гарадскім пасёлку Івянец. Экскурсанты наведалі музей Дзяржынскага і фабрыку мастацкай керамікі і вышыўкі.

ПАД БУЛЬБУ

У мінулым годзе працаўнікі калгаса «Верны шлях» атрымалі па 154 цэнтнеры клубняў з кожнага са 182 гектараў.

Аднак гэта не мяжа. Атрымаць з гектара па 160 цэнтнераў – такі сёлетні рубеж. Калгаснікі ўпарта змагаюцца, каб яго паспяхова ўзяць, усебакова рыхтуюцца да пасадкі бульбы. Цяпер ідзе развозка тарфагноевых кампостаў. Тон у гэтай рабоце задаюць брыгады, якімі кіруюць брыгадзіры Міхайлоўскі і Валента. Кожная з іх ужо развезла ўгнаенні на плошчы 15 гектараў. На кожны гектар у сярэднім прыходзіцца па 45-50 тон тарфагноевых кампостаў.

МУЖ І ЖОНКА – АСПІРАНТЫ

Аляксей Лук’янавіч Зяневіч працуе выкладчыкам геаграфіі ў Ракаўскай сярэдняй школе. Ён прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці мясцовага саўгаса «Ракаўскі».

Аляксей Лук’янавіч з’яўляецца кіраўніком і агіткалектыву. А нядаўна ён здаў кандыдацкі мінімум пры Белдзяржуніверсітэце імя У. І. Леніна. Ад Аляксея Лук’янавіча не хоча адставаць і яго жонка Зінаіда Аляксееўна. Яна паступіла вучыцца на аддзяленне беларускай мовы ў аспірантуру пры гэтым жа ўніверсітэце. Цяпер яна рыхтуецца да здачы кандыдацкага мінімуму па філасофіі.

ВАЛАКНО ЗВЫШ ПЛАНА

Працоўнымі поспехамі радуюць ільнаводы калгаса «Камсамолец». І днём, і ноччу ў рабоце льноапрацоўчы агрэгат «ТЛ-40».

Працягваецца апрацоўка трасты. Дзяржаве прададзена 73 тоны валакна пры плане 55 тон. На днях на прыёмныя пункты будзе адпраўлена яшчэ 27 тон. Ільнаводы вырашылі выканаць два планы. І іх моцнае слова падмацоўваецца ўдарнай працай.

ВЯЛІКІ ПОПЫТ

Ажыўленне заўсёды пануе ў Гародзькаўскім культмагу. Добрым попытам у працаўнікоў сельгасарцелі «Краіна Саветаў» карыстаюцца культтавары і прадметы дамашняга ўжытку.

Толькі ў мінулым годзе загадчыца магазіна Я. С. Загузава прадала насельніцтву 43 радыёлы, 104 веласіпеды, каля 30 матацыклаў, 8 фотаапаратаў, 12 мапедаў, многа музычных інструментаў. Усяго за год прададзена розных тавараў на суму 52875 рублёў. Калгаснікі бяруць тавары ў крэдыт.

ЛЕКЦЫІ ДЛЯ БАЦЬКОЎ

Цесную сувязь з бацькамі трымае педагагічны калектыў Забрэжскай СШ.

Для насельніцтва настаўнікі рэгулярна чытаюць лекцыі па выхаванню, эстэтыцы, на навукова-папулярныя, педагагічныя і іншыя тэмы. Часта выступае перад бацькамі настаўніца А. С. Чумакова. «Кніга – крыніца выхавання» – з такой лекцыяй  выступіла яна зусім нядаўна. А настаўніца Т. І. Ганчарова прачытала лекцыю «Адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей». Рэгулярна выступаюць перад бацькамі і настаўнікі Г. А. Юрынок, А. М. Курэйчык, Э. Д. Шапруноў, М. С. Вірынская.

ХУЛІГАНАЎ – ДА АДКАЗУ

Нядаўна ў клубе вёскі Камень праходзіў сход рабочых саўгаса імя Маякоўскага.

Затым для іх быў дадзены канцэрт мастацкай самадзейнасці. Неўзабаве сюды з’явіліся двое маладых людзей. Абодва былі ў нецвярозым стане. Паводзілі сябе непрыстойна, усяляк перашкаджалі прысутным глядзець канцэрт. На заўвагі старэйшых адказвалі лаянкай. Але паводзіны хуліганаў не засталіся без увагі. Яны прадсталі перад раённым народным судом.

УРОКІ ТЭХАГЛЯДУ

У раёне праводзіцца тэхнічны агляд аўтамашын, матацыклаў і іншых механічных сродкаў транспарту.

Для кожнай гаспадаркі вызначаны пэўны час і месца, дзе ён будзе праходзіць. У некаторых калгасах тэхагляд ужо завершаны. Там, дзе кіраўнікі сур’ёзна аднесліся да праводзімага мерапрыемства, добрыя вынікі сказаліся адразу.

Так, у сямі гаспадарках, сярод якіх «Камсамолец», «Беларусь», «Чырвоная гвардыя», «Краіна Саветаў» і інш., усе  машыны дапушчаны да эксплуатацыі. Аднак, на жаль, такое становішча назіраецца не ўсюды. У калгасе «Бальшавік» на тэхагляд былі прадстаўлены далёка не ўсе машыны, ды і тыя аказаліся бруднымі. Высветлілася, што адзін аўтамабіль, які патрабуе капрамонту, кінуты на мехдвары. Яго калёсы аж па калодкі ўмерзлі ў лёд. Не па-гаспадарску адносяцца да аўтатранспарту і кіраўнікі сельгасарцелі імя Мічурына.

З КАНЦЭРТАМ У МАЛАДЗЕЧНА

Лепшыя самадзейныя артысты раёна паспяхова выступілі са справаздачным абменным канцэртам у Маладзечне.

Першым на сцэну выйшаў хор настаўнікаў Валожына, які выканаў песню «Гімн вялікаму гораду». Верш прачытала ўдзельніца мастацкай самадзейнасці РДК Валянціна Танюкевіч. Працяглымі апладысментамі сустрэлі маладзечанцы вакальную групу калгаса «Верны шлях», якая выканала песні «Чырвоны гваздзік», «Што ж ты мне сэрца параніў?» і «Калінка». Прыемнае ўражанне пакінулі выступленні ўдзельніка мастацкай самадзейнасці калгаса імя М. Горкага Івана Грыбоўскага, артыстаў калгаса «1 Мая», саўгаса імя Маякоўскага, Івянецкага Дома культуры.

ШЧЫРА ДЗЯКУЮ

Падзяку старшыні мясцовага калгаса выказвае жыхар Адамова І. Казакевіч.

У сваім лісце ён піша: «З першых дзён арганізацыі калгаса я прымаў актыўны ўдзел у грамадскай працы. Быў будаўніком, выконваў іншыя даручэнні. Удзельнічаў ва ўзвядзенні збожжасховішча, гаража, клуба, піларамы, будынка школы ў Запур’і, дзе цяпер вучыцца мой сын. Многа разоў прэміраваны за добрую працу. Але здарылася няшчасце. Хвароба прыкавала мяне да ложка. Другі год не магу працаваць. Увесь час турбавалі думкі аб дванаццацігадовым сыне. Аказалася, што ў час маёй хваробы ён не застаўся адзін. Дапамаглі калгас і школа. Праўленне сельгасарцелі імя Чарняхоўскага выдзеліла кармы для нашай уласнай каровы. Хлопчыку купілі касцюм і абутак. Шчыра дзякую старшыні праўлення калгаса Э. С. Іванчыку, калектыву школы за чулыя бацькоўскія клопаты».

ФЕСТЫВАЛЬ ДРУЖБЫ

У СШ № 2 Валожына на фестываль рознакаляровых гальштукаў сабраліся піянерскія дэлегацыі школ раёна.

У госці да іх прыехалі в’етнамец таварыш Ту і кубінец таварыш Камрэра – студэнты Белдзяржуніверсітэта імя У. І. Леніна. «Няхай заўсёды будзе сонца!» – пад такім дэвізам праходзіў фестываль. У зале паднялі як сімвал міру сцяг фестывалю, пасля чаго піянеры павязалі гасцям чырвоныя гальштукі. Затым замежныя госці выступілі перад вучнямі, яны на рускай мове расказалі пра жыццё равеснікаў у іх на радзіме, на ўкраінскай мове прачыталі верш Т. Шаўчэнкі «Запавет». Пад гукі «Вальса дружбы» ў зале кружыліся ўсе ўдзельнікі фестывалю, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы розных народаў. Валожынскія рабяты ўручылі гасцям свае падарункі.

ПАДАРУНАК ХЛЕБАПЁКАЎ

Пякарня Багданаўскага сельпо штодзённа выпускае каля 10 тон хлеба.

Тут імкнуцца як мага лепш задаволіць попыт насельніцтва. За апошні час асвоены выпуск яшчэ некалькіх відаў хлебабулачных вырабаў. Вялікім попытам карыстаюцца новыя віды хлеба «Арлоўскі», «Беларускі спажывецкі» і «Расійскі», якія вызначаюцца высокай якасцю.

ЭЛЕКТРЫКІ НЕ ТУРБУЮЦЦА

«Наша вёска Адамоўцы была электрыфікавана. Загарэліся лямпачкі Ільіча ў дамах хлебаробаў.

З той пары, як правялі электрычнасць, да нас не заглядаюць электраманцёры. Час робіць сваю справу, дзе-нідзе электралінія ўжо патрабуе рамонту. Але за яе спраўнасцю ніхто не сочыць. Як толькі ўзнімаецца вецер, правады, што падведзены да майго дома, дакранаюцца адзін да другога. Снапы іскраў ляцяць да самай страхі, а яна саламяная. Можа здарыцца пажар. Многа разоў я звярталася да калгасных манцёраў, але вынікаў ніякіх. Няспраўнасць электралініі іх не турбуе», – скардзіцца М. Аблагонская з калгаса «Запаветы Ільіча».

старонкі газеты гартала

Святлана СУХАДОЛЕЦ.



Добавить комментарий