У хаце скрыпачкі спявалі

Культура

У маёй мамы было шэсць братоў. Старэйшы Васіль падаўся на заробкі ў Венспілс, там і пахаваны. Нікандар прыстаў у прымы да заможнай дзеўкі ў Крэве, усё жыццё працаваў лесніком. Юзік са сваёй вялікай сям’ёй перасяліўся ў Казахстан і памёр даволі маладым. Міхаіл, Кастан і Даніла, ажаніўшыся, жылі ў сваёй вёсцы.
Усе мае дзядзькі былі людзьмі надзвычай здольнымі, ведалі цяслярскую справу, маглі змайстраваць любую рэч, патрэбную ў гаспадарцы. Да ўсяго гэтага яны выдатна спявалі і танцавалі, а Міхаіл і Даніла хораша ігралі на скрыпках.
Мы жылі на другім канцы вёскі, таму ў дзядзькаў была важкая прычына адведаць сястру, хаця бадай кожны дзень сустракаліся з ёй. У нядзелю яны апраналіся ў ваенную форму (яна служыла ім святочным уборам), зацягвалі рамяні на гімнасцёрках і паважна ішлі па вуліцы.
Яшчэ з ранку я цікавала ў акне, чакаючы любых гасцей, і як толькі бачыла знаёмыя постаці, крычала бацькам: “Ідуць, ідуць!” Дзядзькі заходзілі ў хату, цырыманіяльна адбівалі паклоны. Іх усаджвалі на пачэснае месца пад абразы. Я лашчылася то да аднаго, то да другога, залазіла на калені. Маці хуценька збірала на стол, выстаўляла ўсё тое лепшае, што прыхоўвалася для гасцей. Бацька выразна паказваў мне на печ, і я бордзенька сігала туды. У сялянскай сям’і бытавала строгае правіла – дзеці ніколі не сядзелі за сталом, дзе балявалі дарослыя. Наш назіральны пункт быў з-за коміна.
За сталом весела гуляла чарка, вялася размова. Абмяркоўваліся гаспадарчыя справы, вясковыя навіны. А калі гаворка пераключалася на палітыку, то тут ужо не абыходзілася без курыва. Дымілі цыгарэтамі, хвалілі татаў тытунец. Хоць і забаранялася, але бацька ўсё ж вырошчваў яго ў зацішным месцы на сваёй “плантацыі”.
Урэшце, надыходзіў той момант, якога чакалі мы з нецярпеннем.
Дзядзькі здымалі са сцяны свае скрыпачкі, пачыналі іх настройваць. І вось смычкі робяць першыя рухі. Ціхенька-ціхенька найграваюцца матывы песень. Гукі скрыпачак ласкавыя, мяккія. Скрыпачы падыходзяць бліжэй да стала, ківаюць, каб уключаліся ў песню ўсе. Найчасцей гучала вось гэта:

Ой, ты, маці, маці,
Што маю сказаці,
Пасеяў пшаніцу,
Няма каму жаці.
Пасеяў пшаніцу,
Няма каму жаці,
Прыйдзе цёмна ночка,
Нет с кем размаўляці.
Дам табе я, сынку,
Рубля залатога,
Купі сабе, сынку,
Каня варанога.
У вішнёвым садочку
Конь будзе стаяці,
Прыйдзе цёмна ночка,
Будзеш размаўляці.
Ой, ты, маці, маці,
Лёгка так сказаці,
Як мне, маладому,
З канём размаўляці.

Без перадыху музыкі пераключаліся на новую песню:

Скакаў казак цераз даліну,
Цераз манчжурскія края.
Скакаў казак у адзіноце,
Кальцо сіяла на руцэ.
Кальцо казачка падарыла,
Калі казак ішоў у паход.
Яна дарыла, гаварыла,
Што цераз год буду твая.
Вось год прайшоў. Казак стралою
К сялу радному прыскакаў.
Насустрач старая старушка
Ціхонька шэпча, гаварыць:
“Дарэмна ты, казак, скакаеш,
Дарэмна мучаеш каня,
Табе казачка ізмяніла,
Другому сэрца аддала”.
Звярнуў казак каня налева
І ў чыста поле паскакаў,
Ён зняў з пляча сваю вінтоўку
І маладую жысь канчаў.
…Дарма казачка там чакае
Свайго ліхога казака…

Тэксты далейшых песень я добра не памятаю (можа, хто-небудь іх ведае), у іх былі такія радкі:

Вьется, вьется вдаль
моя дороженька,
Стелется за дымкой горизонт,
А по этой дальней по дороженьке
Вслед за милым еду я на фронт.
Замела следы его метелица,
И вокруг не видно ничего,
Только лишь одна дорожка
стелется
Посреди занесенных снегов.

І вось гэта:

Не для меня придет весна,
Не для меня Дон разольется,
А сердце радостно забьется
С восторгом чувств не для меня.
А дева с черными бровями
Она растет не для меня…
Песню дзядзькі не дапяваюць. У хаце з’яўляюцца цёткі, рашуча бяруць у нас сваіх ваякаў і экскартуюць іх дадому.

Софія КАВЯЗА,
жыхарка Валожына.



Добавить комментарий