Ветеран войны Иван Шарко радуется, когда может помочь людям и в свои 90 лет…

Культура

Вёска Банькава хаваецца ў цяні старых вялікіх дрэў. Вузенькая вуліца з даўнейшым брукам, дзе-нідзе істотна папсаваным дажджамі і часам, цяжкая для праезду, але рэдакцыйная машына ўпарта прабіраецца праз хібы і каляіны. Нам трэба туды, у самы канец вёскі, дзе ва ўтульнай нізіне, амаль нябачнай з дарогі за густымі вязамі, прытулілася хата ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Міхайлавіча Шарко.

Спускацца да сядзібы з амаль 5-метровага пагорка было лёгка: дзядуля штогод паднаўляе пракапаныя на схіле ўласнымі рукамі прыступкі, для асабістай зручнасці паставіў і парэнчы. Пры падыходзе да двара сустрэў густым залівістым брэхам гадаванец-вартаўнік: маўляў, гаспадар цяпер адпачывае, і табе, чужак, лепш яго не турбаваць. На шчасце, адбыцца сустрэчы дапамагла нявестка Івана Міхайлавіча, якая ў той момант выйшла з дома – жанчына правяла ў двор і пайшла будзіць ветэрана.

Гледзячы на невысокага старэнькага, які са шчырай усмешкай паказаўся неўзабаве ў дзвярах і працягнуў руку павітацца, я доўга не мог паверыць, што сёлета гэты чалавек адсвяткуе 91 дзень нараджэння. Хоць і дробненькі, але ўпэўнены крок, цвёрдыя, дакладныя, нібыта лімітаваныя, рухі. Сапраўдны ўзрост выдаваў хіба што толькі твар, на якім час пакінуў глыбокія рысы маршчын – сведкаў мудрасці і багатай жыццёвай практыкі.

“За свой век тры разы пад смерцю быў, – з першых хвілін знаёмства заінтрыгаваў карэспандэнта ветэран. – Але, дзякаваць Богу, да гэтай пары неяк удавалася абхітрыць бяззубую. Увогуле, у маім родзе ўсе жылі доўга: і дзед, і бацька сотню размянялі”. Продкі ветэрана сапраўды асталяваліся ў Банькаве вельмі даўно, пра тое сведчыць старая хата на падворку. Іван Міхайлавіч, калі пабудаваў побач новы дом, спецыяльна не стаў яе разбіраць, пакінуў як памяць пра сямейнае гняздо. А ўпершыню смерць магла забраць жыццё І. М. Шарко ў 14-гадовым узросце…

…У сярэдзіне трыццатых гадоў для падлеткаў наймацца на працу да багатага чалавека, каб мець такі-сякі заробак і дапамагаць бацькам трымаць сям’ю, было справай звычайнай, гэта толькі віталася. Вось і Іван, спрытны сялянскі хлопчык, наняўся да гаспадара ў пастухі. Служба выпала нялёгкая: пасвіць давялося вялікага і злога быка. Праўда, падлетак нейкім чынам здолеў знайсці з ім “агульную мову”. Наравісты, пастаянна раз’юшаны,

гатовы да бойкі са ўсякім і кожным, бык у прысутнасці парабка-пастушка станавіўся рахманым, як маленькае цяля, і слухаўся яго ва ўсім. Ды толькі нішто не бывае вечным… Уратаваўшыся з дапамогай пастушка ад рагоў жывёлы і супакоіўшы дух, два мужчыны, што ехалі ў лес па дровы, пацікавіліся: “І як ты толькі з ім спраўляешся?” Быццам выгаварылі. Калі іх воз схаваўся за хмызняком, хлопчык пачуў за спінай цяжкае сапенне звера. Не аглядаючыся, кінуўся да бліжэйшага дрэва, але не паспеў… Бык таптаў, пароў рагамі беспрытомнага Івана доўга. Адагналі жывёлу мужчыны, якія вярталіся назад гадзіны праз дзве, ужо з дровамі. Урачы, якія аглядалі хлопчыка, дзівіліся, што выжыў: на ім жывога месца не было. Але год у бальніцы паставіў падлетка на ногі…

Другі раз смерць спакусілася на Івана Міхайлавіча ў вайну. Юнака разам з іншымі вяскоўцамі прызвалі акурат пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – у 1944-м. З ваенкамата накіравалі ў Барысаў на трохмесячную вучобу па сапёрна-інжынернай справе, а затым выдалі новую форму, пасадзілі ў машыну – і ў Брэст, бліжэй да лініі фронту. Служыў І. М. Шарко ў 9 асобным гвардзейскім сапёрным батальёне. Самы першы бой здарыўся зімой пад Варшавай. Камандзір маладым, нявопытным салдатам даў першае сур’ёзнае заданне: ноччу трэба было выйсці на Віслу і з бурамі ў руках праверыць таўшчыню лёду. Раніцай прычына такога загаду стала яснай: перад наступленнем на немцаў генштаб Чырвонай Арміі пераканаўся, што рачное покрыва вытрымае тэхніку. Калі савецкая артылерыя дала першы залп, непрывычныя да жудаснага грукату маладыя людзі міжволі ўгнулі галаву ў плечы. Бывалыя салдаты, раскурваючы папяросы, смяяліся: “Эх вы, ваякі!”…

Разам з саслужыўцамі Іван Шарко дайшоў да порта Штэцін, а там, пасля з’яднання войскаў, рушылі на Берлін. У адной з гарачых сутычак асколак снарада параніў Івану Міхайлавічу галаву, працяў плячо. На шчасце, раны аказаліся не смяротнымі, і даволі хутка салдат вярнуўся ў строй. Пасля ўзяцця сталіцы фашысцкай Германіі служба не скончылася, воін-вызваліцель дэмабілізаваўся праз год пасля Вялікай Перамогі. Паваяваць давялося яшчэ і ў Разанскай вобласці, дзе лавілі банду “Чорная кошка”.

Родную вёску франтавік, да сваёй радасці, убачыў такую ж, якую і пакідаў. Памалу жыццё ўвайшло ў звыклае рэчышча. Добра спатрэбілася навука, якую ў маленстве пераняў ад бацькі-шаўца і потым адшліфаваў у яўрэйскага майстра з Валожына. Так і працавалі з татам: некаму пашыюць спраўнае адзенне, некаму перакрояць, падгоняць па фігуры – тым і жылі. Трэба сказаць, у ваенны час Іван Міхайлавіч здорава “падцягнуў” свой шавецкі ўзровень: паважалі яго салдаты за залатыя рукі і добрае сэрца, нават афіцэр вышэйшага каманднага звяна, Герой Савецкага Саюза Бахвалаў, пад камандаваннем якога доўгі час ваяваў, трымаўся з майстрам на роўных. І ў мірны час заказаў ставала, да цёмнай ночы, бывала, мерна стукалі швейныя машынкі банькаўскіх умельцаў. Неўзабаве запісаўся ў мясцовы калгас – выходзіў касіць, быў памочнікам на сеялцы. Ледзь не развітаўся з жыццём у трэці раз якраз на гаспадарчых палетках. Калі падсунуўся зачапіць пасяўны агрэгат да трактара, напарнік за рулём выпадкова здаў назад, і Іван Міхайлавіч вокамгненна апынуўся пад гусеніцамі…

З асабістым жыццём ветэран не спяшаў, жаніўся, калі стукнула пяцьдзесят. Жонкі не стала два дзесяцігоддзі таму, але сёння з ветэранам жывуць сын і нявестка, цешыць дзядуліна сэрца маленькая ўнучка. Сумаваць няма калі. І працаваць, дзякаваць Богу, сілы яшчэ стае. І. М. Шарко заўсёды знойдзе, чым рукі заняць. Сядзе, напрыклад, на лавачцы каля хаты – і пачне плесці чарговы кошык. Навучыўся гэтаму ад бацькі яшчэ з малых гадоў. Якіх толькі кошыкаў няма ў пуні Івана Міхайлавіча! Маленькія і вялікія, з дроту, лазы, каляровага пластыку – хоць на выставу вязі. Радуецца, што пакідае ў спадчыну людзям добрую памяць. Найлепшую ж пакінуў ужо. На палях, дзе адгрымелі стрэлы і выбухі Вялікай Айчыннай. На адваяваных прасторах Радзімы. У гарадах і вёсках Еўропы, куды разам з ім ступала Вялікая Перамога… Я пакланіўся дзядулю. Паціснуў моцную далонь і пакрочыў да машыны. А ўслед мне доўга махаў на развітанне маленькі чалавек з постаццю векавечнай Легенды…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий