Фронтовая биография Владимира Васильевича Шакуна началась только в 1944 году, но бороться с немецкими захватчиками он начал почти с самых первых дней войны

Культура

Перад вачамі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, інваліда І групы Уладзіміра Васільевіча Шакуна і сёння паўстаюць карціны таго гарачага ліпеньскага поўдня. Заліты сонцам калгасны палетак, па якому, падмінаючы пругкія пшанічныя сцябліны і паліваючы ўсё вакол свінцом, паўзлі чорныя машыны з крыжамі на бартах. Бачыць гэта відовішча вясковаму жыхару было не проста цяжка, а балюча, жудасна. Рукі самі цягнуліся да зброі, а душа кіпела помстай. І тады дваццацігадовы юнак вырашыў , што будзе мужна і аддана, да апошняга ўздыху абараняць сваю зямлю, вёску, Бацькаўшчыну…

І хоць франтавая біяграфія Уладзіміра Васільевіча пачалася значна пазней, толькі ў 44-м, змагацца з захопнікамі ён стаў амаль з самых першых дзён вайны. Большасць жыхароў тагачаснай Навагрудскай (так яна называлася пры паляках, а зараз вуліца Леніна райцэнтра) актыўна супрацоўнічалі з партызанамі. Дапамагаў партызанам і ён, перадаваў у лес прадукты, адзенне, інфармацыю. Аднак гэта сувязь не засталася незаўважанай: неўзабаве юнака схапілі і нават хацелі павесіць. Выратавала шчаслівае сваяцтва: яго старэйшы брат у той час меў нямецкае падданства і жыў у Германіі. Адслужыўшы ў польскім войску, ён хацеў мабілізавацца, аднак пачалася вайна. Трапіў у палон і быў размеркаваны да багача на работу. Тут і застаўся, ажаніўся з дачкой гаспадара і атрымаў падданства. Так Васіль, паведаміўшы пра брата-немца, застаўся ў жывых.

На гады вайны прыпала і ўладкаванне асабістага жыцця. Калі памерла маці, бацька застаўся сам-насам з вялізнай гаспадаркай — а гэта гектары жыта, якія патрабавалі працавітых рук жняі, дзве каровы, конь, свінні, птушка, даглядаць якіх належала гаспадыні. Так Уладзімір ажаніўся на шаснаццацігадовай Парасцы, якая жыла па суседству, усяго праз тры хаты. І, нягледзячы на тое, што не згулялі шыкоўнага вяселля, не заўсёды мелі магчымасці парадавацца шчасліваму сямейнаму жыццю, пражылі душа ў душу больш за паўстагоддзя. У дзень, калі нарадзілася старэйшая дачка, Уладзімір Васільевіч атрымаў павестку з ваенкамата. І хоць франтавыя шляхі-дарогі аказаліся нядоўгімі (ваяваў усяго год), шмат зведаў за гэты час болю і пакут. Памятае, як пешшу разам з братам і іншымі аднавяскоўцамі дабіраліся да станцыі ў Гародзьках, затым пад Масквой будавалі баракі і ўмацаванні. Пра падзеі ваеннай пары ён расказвае так, быццам усё адбылося не шэсцьдзесят з лішнім гадоў назад, а ўчора. Без замінкі называе населеныя пункты, якія абараняў і вызваляў, імёны саслужыўцаў, дэталёва і падрабязна апісвае многія падзеі. Гаворыць спакойна, без пафасу, што прымушае верыць кожнаму яго слову.

А асабліва захаваўся ў памяці франтавіка момант бою пад Львовам, дзе быў цяжка паранены. Акрываўленага, беспрытомнага юнака знайшлі на снезе побач з кулямётам. Складаную аперацыю давялося перанесці ў Камень-Падольскім шпіталі. Пяць месяцаў лячыўся Уладзімір Васільевіч, пяць месяцаў змагаўся за жыццё і не верыў, што выжыве. Па-мацярынску даглядала юнака пажылая жанчына, кожны дзень прыносіла свежыя прадукты, нават чырвонае віно (сцвярджала, што вельмі карысна для крыві). А ён прасіўся, каб толькі стаць на ногі і пабачыць жонку і дачушку. Тут, ва ўкраінскім шпіталі, ён сустрэў і Дзень Перамогі. “Гэту радасць можа па-сапраўднаму ўсвядоміць толькі той, хто перажыў вайну, — гаворыць Уладзімір Васільевіч. – Нават цяжкія хворыя напалову паздаравелі, ад душы весяліліся  і лікавалі. Лёгкапараненыя кідалі мыліцы і пускаліся ў скокі, спявалі, жартавалі…” Гэта ж жанчына пазней ужо падужэлага юнака прывезла ў Гародзькі. І сёння ўпэўнены ветэран, што толькі ёй абавязаны сваім выратаваннем. “Гэта лёс пасылаў мне на жыццёвым шляху добрых і спагадлівых людзей”, — гаворыць ён.

Пасля вайны баявое раненне часта напамінала пра сябе. Складана было працаваць, будавацца, аднаўляць гаспадарку. Рукі праглі сялянскай працы, а здароўе падводзіла. Разам з жонкай выгадавалі траіх дзяцей, радуюць унукі, праўнукі. Прыемна Уладзіміру Васільевічу і тое, што ёсць у сям’і прадаўжальнікі ваеннай традыцыі: служыць у мясцовай воінскай часці ўнучка Таццяна, хутка будзе ахоўваць Радзіму і любімы ўнук Павел. Напярэдадні Дня Перамогі адсвяткаваў ветэран і свой 91-ы год нараджэння. Па традыцыі за святочным сталом са шчырымі віншаваннямі і пажаданнямі сабралася сям’я.

Яго галоўныя ўзнагароды, атрыманыя ў баях, засталіся на вайне, парадны пінжак франтавіка ўпрыгожваюць юбілейныя медалі. Аднак 9 Мая заўсёды будзе самым значным, самым светлым святам у жыцці.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий