Санитар, рядовой пехоты Александр Саевич, которому не было и 20-ти, вынес с поля боя 36 раненых красноармейцев, за что получил орден Красной Звезды

Культура

Неяк даўным-даўно старажытнагрэчаскі бог вайны Арэс збіраўся адправіцца ў паход, але зрабіць гэта не змог. Таму што ў яго перавернутым баявым шлеме звіла сабе гняздо лагодная галубка. З гэтым паданнем і звязана ўяўленне аб голубе, як аб птушцы міру.

…Можа таму сабаку героя гэтай замалёўкі і звалі Голуб, бо на вайне так не хапала пяшчоты, мяккасці, а таксама волі-свабоды, якую сімвалізуюць сабой птушкі. А мір на вайне ўвогуле здаваўся казачнай птахай. Але нават у тым  44-ым годзе ўпарта хацелася верыць, што чалавек створаны толькі для шчасця, як птушка для палёту.

…Яны сядзелі разам у прабітай снарадам варонцы. Саша ўзяў у рукі кацялок і закрыў ім яркае сонца. У жалезнай пасудзіне зеўралі шэсць кулявых адтулін. Хлопец толькі цмокнуў языком і цяжка ўздыхнуў. Але потым яго твар расплыўся ў радаснай усмешцы: ізноў нейкім цудам варожыя кулі праляцелі міма. І радавы Саевіч звыкла памацаў нагрудную кішэню гімнасцёркі, дзе ляжала іконка. У гэтыя ціхія кароткія паўзы паміж баямі Сашу ўспаміналася родная Валожыншчына. І баец пачаў расказваць пра яе свайму сабаку Голубу, пяшчотна гладзячы яго па бліскучай шэрсці. Чатырохногі сябра, як заўсёды, слухаў моўчкі, толькі зрэдку касіў на гаспадара мудрым вокам.

Сваё шаснаццацігоддзе Саша не святкаваў. Звычайна ў радасны дзень нараджэння бацька Юзаф рыхтаваў сыну сціплы, але доўгачаканы падарунак, і дружная сям’я Саевічаў збіралася за сталом. Але 25 чэрвеня ў той год для юнака так і засталося маўклівай двухзначнай лічбай на лістку календара. Ішоў трэці дзень вайны. Вёска Цімкавічы жыла ў напружанні. У любы час тут маглі з’явіцца немцы. Вясковыя дамы самотна глядзелі пустымі вокнамі ўслед адыходзячым на фронт мужам, сынам, унукам. Тут ужо было не да свята. Ды і наступныя дні нараджэння ў памяці Сашы сцерліся, як крэйда на асфальце, пад калючым, злым дажджом Вялікай Айчыннай.

Аднак душа і характар хлопчыка прадаўжалі сталець. Першы раз у далёкім дзяцінстве душа ўмылася слязамі, калі памерла маці. Маленькі Саша кволымі пальчыкамі моцна сціскаў руку бацькі і штохвілінна пазіраў на яго спалоханымі вачыма, не разумеючы, куды ж гэта адвозяць на возе такую прыгожую нерухомую яго маці…

Другі раз характар загадаў быць моцным, калі тыф забраў жыццё бацькі. Гэта было ўжо пры немцах. У нашым раёне спыніўся эшалон з бежанцамі, заражанымі гэтай каварнай хваробай. Невядома, дзе яна падсцерагла  бацьку…

У армію Сашу праводзіла мачыха. Худым, бязвусым васемнаццацігадовым юнаком ён ішоў па пыльнай шашы ў ваенкамат, мала спадзеючыся, што яшчэ калі пашанцуе яму зноў убачыць сваіх сястрычак і братоў, якія ўжо засталіся далёка за спінай і са скрухай пазіралі ўслед.

…Едкі, удушлівы пах, здавалася, назаўжды застанецца ў паветры. У скронях шалёна калаціўся пульс. Бровы Сашы былі зведзены, і малады лоб ужо выразна разразала глыбокая маршчына. Ён не бачыў свайго твару, які быў страшны ў неймаверным нервовым напружанні. Ён моцна ўхапіўшыся за край плашч-палаткі, цягнуў яе на сябе, адпаўзаючы назад. На прарызіненым плашчы ляжаў ранены. Як чарніла ў белую блузку, чужы боль уядаўся ва ўласнае цела, і Саша стараўся цягнуць плашч як мага больш асцярожна, шукаючы роўны шлях, але была скрозь уздыбленая выбухамі зямля.

Радавы Саевіч разрываў упакоўку і даставаў цукрова-белыя бінты, якія адразу станавіліся брудна-крывавымі, калі імі шчыльна перавязваеш раненага байца. Чырвоныя плямы крыві, змешаныя з зямлёй, прапіталі плашч-палатку і шынель, які Саша пасля таго бою адмыць так і не змог.

Як не змог ачысціць і памяць ад тых горкіх, цяжкіх успамінаў. Назаўсёды ў ёй застануцца баявыя таварышы, якія ўсё бягуць і бягуць насустрач шквальнаму варожаму агню і ў апошняе імгненне абдымаюць раскінутымі рукамі паветра, і падаюць, быццам спатыкнуўшыся аб парог, і больш не ўстаюць ужо ніколі. Назаўжды застанецца ў памяці зямляк Адамовіч з вёскі Янушкавічы, з якім Саша тады толькі што гаварыў і старанна рабіў яму перавязку, а праз некалькі хвілін раненага сябра разарвала снарадам.

У тыя неймаверна доўгія ваенныя суткі санітар, радавы пяхоты Аляксандр Саевіч выцягнуў з поля бою 36 раненых чырвонаармейцаў, за што і атрымаў сваю першую ўзнагароду – ордэн Чырвонай Зоркі.

…Рабіць перавязкі яго навучылі ў арміі, у расійскім Казельску, перад адпраўкай на фронт. Навука, шчыра кажучы, была кароткай. Малодшы лейтэнант расказаў-паказаў і заключыў: “Глаза боятся – руки делают! На месте сориентируетесь…” Так самастойна Саевіч і асвоіў няхітрую санітарную грамату.

Аўчарка па мянушцы Голуб шмат месяцаў служыла разам з радавым Аляксандрам. Чатырохногі напарнік насіў на сабе дзве сумкі медыцынскай паклажы. Падчас бою, калі бінты заканчваліся, Голуб стрымгалоў ляцеў да санітарнай машыны, дзе ў сумкі накладалі яму новую партыю марлевых рулонаў. На полі бою сабака спрактыкавана шукаў раненых. Калі знойдзе, бяжыць да Сашы, хапае яго за крысо шыняля і цягне туды.

Сабака быў цудоўным сапёрам: умеў шукаць міны і папярэджваў аб небяспецы. Голуб клапатліва аберагаў свайго гаспадара і быў яго шчаслівым талісманам. Так і скончылі б яны вайну разам, калі б не тыя вострыя асколкі пад Гданьскам у канцы лютага 1945 года…

Снег плавіўся і шыпеў ад выбухаў, як падстрэленая птушка, сабака зваліўся на зямлю пад асколачным дажджом. І Саша неспадзявана страціў свайго махнатага напарніка, свой шчаслівы талісман…

Ён прабыў без Голуба толькі чатыры дні, а на пяты – снарад падпільнаваў яго. Імгненне – і ў вачах цемната, і вушы не чуюць ні адзінага гуку. Гэта была кантузія ад узрыву снарада, а салдат Саевіч напачатку падумаў, што яго напаткала смерць. Упаўшы, ён зноў падняўся ў знямозе і стаў пад перакрыжаваным агнём, але хтосьці рэзка пацягнуў яго за шынель, і ён апусціўся на зямлю…

– Ну і «гароху» набраў! – войкаў стары ўрач, калі рабіў Сашу аперацыю. Ад вернай смерці салдата выратавала тоўстае зімовае адзенне: ватныя штаны, нібы дзядоўніку, назбіралі багата жалезных асколкаў.

Калі Аляксандр ачомаўся, ён адкрыў толькі адно вока, другое, куды трапіла восем асколкаў, ён страціў назаўсёды.

…Пасля ранення салдату Саевічу прысвоілі званне сяржанта. Вялікую Перамогу ён сустрэў у шпіталі ў горадзе Іванаве. Гэта было першае сапраўднае свята, калі можна было шчыра радавацца, спяваць і весяліцца. А ўжо на Валожыншчыне Аляксандр Саевіч адзначыў другое свята – сваё дваццацігоддзе…

Калі б вайну можна было вырваць з памяці, як непатрэбны быльнёг з агарода… Аднак гэта зрабіць немагчыма, бо трагедыя вайны фізічна жыве ў целе Аляксандра Іосіфавіча. Асколак у падбародку, асколак у руцэ. Гэтыя вестуны вайны часта ныюць і востра паколваюць… Стары ўрач, калі рабіў аперацыю, не згледзеў усяго “гароху”.

Жыве ветэран адзін… Усё свядомае жыццё працаваў у сельскай гаспадарцы. Сын Славік з Валожына прыязджае кожны дзень адведаць бацьку, не раз прапаноўваў перабрацца ў яго сям’ю, але ветэран прывык разлічваць толькі на свае сілы, вайна загартавала характар…

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий