«Дзяржаўтаінспекцыі – 75!» Пад такой назвай прайшлі 7-я абласныя гульні сярод каманд вясёлых і знаходлівых Юных інспектараў дарожнага руху. У конкурсе ўдзельнічалі каманды па 12 чалавек да 17 гадоў. Вучні Івянецкай СШ занялі трэцяе месца. Пераможцы атрымалі права ўдзельнічаць у фінале конкурсу, які адбудзецца ў рамках 39-га абласнога злёту ЮІД у дзіцячым лагеры «Зубраня».
***
За апошнія два тыдні машынны парк ДУП “Аўтапарк № 14” папоўніўся 6 новымі МАЗамі 20-тоннікамі. Пакупка тэхнікі абышлася прадпрыемству ў 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў крэдытных сродкаў. Але магутныя прыгажуны апраўдаюць сваю цану: павышаны аб’ём кузава дазволіць павялічыць грузаперавозкі і знізіць транспартныя расходы ў цэлым.
***
На абласным конкурсе “Лепшая сувенірная работа сярод кіраўнікоў гурткоў” Наталля Аляксандраўна Перападзя, кіраўнік гуртка “Творчая майстэрня” раённага Цэнтра дзіцячай творчасці, за выраб, валены з воўны, “Калядны чаравічак з гасцінцамі” ўзнагароджана дыпломам першай ступені ў намінацыі “Арыгінальная тэхніка”.
***
Падведзены вынікі работы за мінулы год прадпрыемстваў кіна- і відэапракату вобласці. Да ўвагі бралася тэхнічная характарыстыка кінатэатраў, якасць і колькасць выканання платных паслуг насельніцтву. Валожынскі філіял КУП “Мінскаблкінавідэапракат” заняў другое месца, саступіўшы толькі калегам з Барысава.
***
Вынікі абласной выставы-конкурсу выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Скарбонка талентаў”, якая стартавала ў лістападзе мінулага года, падвялі ў красавіку. 13 дыпломаў, чатыры з якіх I ступені, атрымалі юныя мастакі з Валожынскага Цэнтра і Івянецкага Дома дзіцячай творчасці. Майстэрства наведвальнікаў апошняга асабліва адзначыла журы.
***
47 дзяцей, якія вывучаюць польскую мову пры івянецкім гарпасялковым аддзеле ГА “Саюз палякаў на Беларусі”(сярод іх і дзеці з малазабяспечаных і нядобранадзейных сем’яў), пабывалі ў Гродзенскім аквапарку. Забавы на сучасных водных атракцыёнах, спецыяльна адаптаваныя для такога ўзросту басейны задаволілі самыя патрабавальныя густы юных аматараў водных працэдур.
За чатыры месяцы да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 88 жыхароў раёна, якія знаходзіліся на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. З мэтай прадухілення распаўсюджвання п’янства, асабліва сярод тых, хто схільны да рэцыдыўнай злачынасці, РАУС правёў комплекснае мерапрыемства “Нагляд”.