События района – май 1966 года.

ЛІЗАВЕТА – ГЕРОЙ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак ільну, званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і молат” прысвоена Лізавеце Трафімаўне Валадкевіч – звеннявой калгаса імя Чапаева. Лізавета Трафімаўна – першы чалавек у раёне, хто ўдастоіўся такога высокага звання.

Летась звяно вырошчвала 20 гектараў ільну. Валакна атрымала 10 цэнтнераў з гектара. Кожны гектар даў больш за 2000 рублёў даходу. У калгасную скарбонку звяно ўнесла звыш 40 тысяч рублёў.

Сёлета першым у калгасе звяно Лізаветы пасеяла лён. Разам з механізатарамі Алегам Шаўлюком і Міхаілам Сліжам звеннявая працавала на сеяльным агрэгаце. Восьмы год  жанчына ўзначальвае звяно, за ўсім пільна сочыць яе гаспадарскае вока.

ПЛЁН ПРАЦЫ І РУПЛІВАСЦІ

Гарачыя дні цяпер у хлебаробаў калгаса “Радзіма”. Трактарысты ноччу рыхтуюць глебу, а днём вядуць сяўбу. Вывеў свой трактар на калгасныя палеткі і дружны экіпаж Уладзіміра Васільевіча і Генадзія Пятровіча Мучынскіх. Яны пачалі пасадку бульбы. Бульбасаджалку абслугоўваюць рупныя калгасніцы Марыя Пашкоўская і Люба Адамейка.

У брыгадзе Канстанціна Сака на пасадцы “другога хлеба” пільна працуюць Вікенцій Ліштван, Уладзімір Сак, Марыя Радзівілка, Марыя Ліштван і інш. У гаспадарцы пасеяна звыш 300 гектараў яравых культур. Гэты плён працы хлебаробы прысвячаюць светламу Першамаю.

У сельгасарцелі “Чырвоная гвардыя” выдзяляецца ўдарнай працай трактарыст Іван Жохавец. Ён своечасова праводзіць сяўбу цукровых буракоў. Перавыконваюць нормы выпрацоўкі на сяўбе механізатары Фадзей Лукашанец і Іосіф Радкевіч. З 1040 гектараў яравых пасеяна звыш 500 гектараў.

З УЗНАГАРОДАЙ, ТАВАРЫШЫ!

Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР за поспехі, дасягнутыя ў павышэнні ўраджайнасці, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак бульбы, агародніны, пладоў і ягад, узнагародзіў медалём “За працоўную доблесць” Дзмітрыя Паўлавіча Альфера – дырэктара саўгаса “Багданаўскі”, Вітольда Адольфавіча Грынкевіча – калгасніка калгаса “Беларусь”, Станіслава Іванавіча Мяльгуя – трактарыста калгаса “Бальшавік”, Станіслава Іосіфавіча Саевіча – трактарыста калгаса “Перамога”, Уладзіміра Іосіфавіча Труса – старшага механіка калгаса імя Максіма Горкага, Міхаіла Іванавіча Уласіка – старшыню калгаса імя Леніна.

У ЛЕСАХІМІКАЎ

Сотні тон жывіцы, шкіпінару, смалы і іншай прадукцыі перапрацоўкі драўніны здабывае штогод калектыў Івянецкага вытворчага ўчастка Маладзечанскага хімлясгаса.

Тут працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы – Барыс Абрамовіч і Пётр Шаранда з Ракаўскага смолзавода, уздымшчык Павел Скурко, зборшчыца жывіцы Соф’я Ашуркевіч. Іх імёны і імёны 15 іншых рабочых участка занесены ў Кнігу гонару.

НАПЕРАГОНКІ З ВЕТРАМ

У вёсцы Вішнева адбыліся спаборніцтвы па веласіпеднаму спорту сярод школьнікаў раёна. У іх прынялі ўдзел 50 чалавек. Дыстанцыя – 20 кіламетраў.

Паспяхова выступіў дружны калектыў навучэнцаў Вішнеўскай СШ. Мясцовыя веласіпедысты занялі першае агульнакаманднае месца. Два наступныя падзялілі паміж сабой каманды Івянецкай і Забрэжскай СШ. У асабістым заліку перамаглі таксама вішнеўскія юнакі – Іосіф Александровіч, Альберт Малышка і Уладзімір Ерахавец. Яны будуць абараняць спартыўны гонар раёна на абласных спаборніцтвах.

СКВЕР ІМЯ ПЕРАМОГІ

У сельгасарцелі “Перамога” ўдзельнікі суботніка заклалі сквер на паўгектарнай плошчы. Пасаджана каля 200 маладых ліпак, дубкоў і клёнаў.

Усе працавалі выдатна. Ад дарослых не адставалі і вучні Аляксандр Жамойдзін, Казіміра Танюкевіч, Ніна Трус, Зіна Стасяловіч, Ваня Казак, Віктар Морскі. У скверы будзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка з імёнамі салдат і партызан, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны ў баях за Радзіму.

БЕЗ АДРЫВУ АД ВЫТВОРЧАСЦІ

Вялікую цягу да ведаў праяўляюць маладыя рабочыя саўгаса “Залескі”. Сёлета ў Гіравіцкай вячэрняй школе сельскай моладзі павышаюць свае веды 45 рабочых саўгаса, служачых.

Яны спалучаюць вучобу з працай, з’яўляюцца перадавікамі вытворчасці. Трывалыя веды па рускай мове, фізіцы, хіміі паказалі даярка Ганна Капуста, рабочыя Галіна Патаповіч, Галіна Пяткевіч, Вера Янушкевіч.

У Пяршайскай СШ трывалыя веды на дзяржаўных экзаменах паказаў прычэпшчык калгаса імя К. Маркса Нікадзім Жаборт. Усе прадметы ён здаў на «добра» і «выдатна». Паспяховыя атэстаты сталасці атрымалі калгасніца сельгасарцелі “Верны шлях” М. Жарабцова, паштальён калгаса імя Мічурына К. Савіцкі, участковы ўпаўнаважаны райаддзела міліцыі В. Тамашэўскі і іншыя.

НЕ ЎСЁ ГЛАДКА

…У вызначаны час Антон Чуйко прыняў змену ад свайго дваюраднага брата Івана. Трактар у счэпе з сеялкай ужо рушыў па полі. Бункеры, напоўненыя насеннем лубіну, паступова апаражняліся.

Рабочы Стэфан Кулікоўскі ўважліва сачыў, каб не “заядалі” семяправоды. Глянуў назад – і вачам сваім не паверыў: на шэрым фоне поля добра выдзялялася насенне. Мы запыталіся ў Антона, чаму так агрэгат падрыхтаваны да работы. Адзін з семяправодаў напалову адарваўся. Адна з барон пачала распаўзацца. Той адказаў:

– Ды з самай раніцы так сеем. Хто ж нам барану спраўную дасць…

Тут бы аказацца брыгадзіру другой брыгады, але, як выявілася, кіраўнік ужо другі дзень не быў на ўчастку.

МАРШРУТАМІ РАДАСЦІ

Аўтобусны маршрут Валожын-Вішнева, напэўна, самы мнагалюдны ў раёне. Нездарма тут курсіруе вялікі аўтобус ЛАЗ. Раніцой і вечарам ён заўсёды бывае перапоўнены. Але калі пасажыраў абслугоўваюць шафёр Уладзімір Ляуш і кандуктар Вера Жвірко, цесната адступае пад іх клапатлівымі, уважлівымі і чулымі адносінамі да людзей.

…Вось да аўтобуснага прыпынку спяшаецца дзядуля. Але да знака “Прыпынак” яшчэ далёка, і ўсім зразумела, што ён не паспее на аўтобус. Тады шафёр спыняецца ля старога і забірае яго.

…У Сакаўшчыне ў аўтобус заходзіць чалавек з вялікай скрыняй. Ён вязе тэлевізар у рамонт. Некаторыя пасажыры пачынаюць наракаць на яго: мог бы паехаць і пазней. Але за чалавека заступаецца кандуктар і прапаноўвае паставіць тэлевізар на кандуктарскае месца.

Аўтобус перапоўнены. Усе пасажыра думаюць, што на наступным прыпынку ён не спыніцца. Але машына тармозіць, У. Ляуш выходзіць з кабіны і звяртаецца да людзей на прыпынку:

– Таварышы, месцаў няма, але хто едзе на работу, зайдзіце праз дзверы вадзіцеля, вам патрэбна заехаць абавязкова ў час.

Такія адносіны да сваіх абавязкаў заслугоўваюць падзякі.

ПРЫВОЛЛЕ ПУСТАЗЕЛЛЮ

Нельга сказаць, што ў сельгасарцелі “Запаветы Ільіча” бульба не ў пашане. Наадварот. Пад яе адвялі значныя плошчы: каля 270 гектараў. Пасадка бульбы скончана, але догляд не пачаты.

Непрыемна бачыць, як кволыя парасткі бульбы прабіваюць глебавую скарынку на ўчастку ля самай дарогі, якая вядзе ў вёску Яршэвічы. Ён настолькі парос пустазеллем, што на ім пасвяць кароў. Кожны дзень міма праязджаюць старшыня калгаса, аграном, брыгадзір. Але яны чамусьці не звяртаюць увагі на закінуты ўчастак.

ПРЫБЫТАК З ВАДАСХОВІШЧА

Каля двух гектараў займае ў сельгасарцелі “Краіна Саветаў” вадасховішча. Некалькі гадоў назад сюды былі запушчаны малькі люстранага карпа. Догляд рыбы даручаны вопытнаму калгасніку Сцяпану Вольскаму.

Нядаўна калгаснікі правялі адлоў драпежнай рыбы з вадасховішча. У сеці калгасных рыбаловаў трапіла многа шчупакоў, акунёў і лінёў. Кошт улову акупіў затраты на ўтрыманне вадасховішча.

АДНЫМ АБЗАЦАМ

Вучаніца Багданаўскай СШ Марыя Страчынская, ідучы дадому, знайшла кашалёк, у якім было 25 рублёў. А праз некалькі дзён знайшлася яго ўладальніца. Ёй аказалася жыхарка вёскі Вайганы Марыя Коц. Яна ад усяго сэрца падзякавала вучаніцы за знаходку.

Нядаўна вярнуўся з турысцкай паездкі па Венгрыі сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса імя К. Маркса Леанід Таўгень. Па пуцёўцы камсамола паехала на два тыдні ў Германію настаўніца Валожынскай школы-інтэрната С. Л. Багданоўская. У хуткім часе некалькі камсамольцаў з Валожына адправяцца ў міжнародны турысцкі лагер “Верхавіна”.

У Вішнеўскай СШ працуе бацькоўскі ўніверсітэт. Для працаўнікоў сяла прачытаны лекцыі “Выхаванне працоўных навыкаў у дзяцей”, “Уплыў сонца, паветра на развіццё дзіцяці” і інш. Іх чытаюць настаўнікі, медыцынскія работнікі, кіраўнікі мясцовага калгаса, сельсавета. Большасць лекцый суправаджаецца паказам тэматычных кінафільмаў. Вішнеўцы абмяняліся вопытам работы з бацькоўскім універсітэтам у Івянцы.

КРЫЎДА

Рабяты вёскі Чартавічы захапляюцца футболам. Доўгі час яны ганялі скураны мяч у ваколіцы вёскі, а нядаўна сваімі сіламі зрабілі футбольнае поле.

Але нядоўгай была радасць дзяцей. Трактарыст У. Гобрыс глынуў саракаградуснай і рашыў папрактыкавацца ў фігурным ваджэнні трактара. Ён заехаў на сярэдзіну футбольнай пляцоўкі і разоў дваццаць зрабіў крутыя павароты. Мы пытаемся ў трактарыста, навошта ён папсаваў пляцоўку? Той і слухаць не хоча. А можа на гэта пытанне адкажа праўленне калгаса “1 Мая”?

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars