Знамя Победы над pейхстагом было поднято с участием уроженца Воложинщины

Культура

Да ўзняцця Сцяга Перамогі над рэйхстагам меў самае непасрэднае дачыненне наш зямляк Міхаіл Фаміч Букштыновіч.

У маі 1945 года савецкія войскі штурмам завалодалі сталіцай фашысцкай Германіі горадам Берлінам. Сцяг Перамогі над рэйхстагам узнялі воіны 150 стралковай дывізіі 79 стралковага корпуса 3 Ударнай арміі Міхаіл Ягораў і Мелітон Кантарыя.

Але, па плану, які быў распрацаваны штабам 1 Беларускага фронту пад камандаваннем маршала Г. К. Жукава, на цэнтр Берліна былі нацэлены 5 Ударная генерала Бярзарына і 8 гвардзейская (Сталінградская) генерала Чуйкова арміі. Гэтыя вайсковыя злучэнні мелі ў сваім складзе амаль трэць стралковых дывізій фронту, значную частку артылерыі, за імі ў другім эшалоне былі сканцэнтраваны 1 і 2 гвардзейскія танкавыя арміі.

Трэцяя Ударная армія генерала В. І. Кузняцова павінна была наступаць на сталіцу Германіі з поўначы, і, несумненна, часткі і злучэнні гэтай арміі не планаваліся для штурму цэнтра горада. Ды і ўзяцце Берліна, узніманне Сцяга Перамогі над рэйхстагам воінамі арміі генерала Чуйкова, якая ў 1943 годзе адстаяла Сталінград, было б вельмі сімвалічным.

Аднак, пачаўшы наступленне 16 красавіка, 8 гвардзейская армія затрымалася на Одэрскім рубяжы, перад Зеялоўскімі высотамі, і толькі на чацвёртыя суткі прарвала абаронную паласу немцаў.

У той жа час войскі трэцяй Ударнай арміі, у першы дзень наступлення, 16 красавіка, прайшлі ўперад на 8-9 кіламетраў і захвацілі важны апорны пункт праціўніка – чыгуначную станцыю Вербіг і сталі імкліва накіроўвацца да Берліна. Але фронт наступлення гэтай арміі ішоў па паўночных прыгарадах фашысцкай сталіцы, тут не планаваўся штурм будынкаў урадавага квартала.

Чаму ж войскі 3 Ударнай змянілі накіраванне атакі і першымі  20 красавіка нанеслі артылерыйскі ўдар па цэнтру горада, азадачыўшы нават самога фюрэра ў дзень яго нараджэння і, у выніку, узялі рэйхстаг?

“Віноўнік” усяго гэтага – наш зямляк, ураджэнец вёскі Жомайдзь генерал Міхаіл Букштыновіч. У маі 1945 года Міхаіл Фаміч быў начальнікам штаба той самай 3 Ударнай арміі. Вось што піша ў кнізе ўспамінаў “Наступае Ударная” генерал-лейтэнант Г. Сямёнаў, які ў 1945 годзе ўзначальваў аператыўны аддзел штаба: “Генерал Букштыновіч жыў адной думкай: рэйхстаг павінна захапіць 3 Ударная армія. Ён здолеў унушыць гэту ідэю генералу В. І. Кузняцову… і ўсю сваю энергію аддаваў дасягненню гэтай мэты… Па яго ініцыятыве 79 стралковы корпус павярнуў на цэнтр Берліна. 28.04.1945 г. армія выканала сваю задачу і была ў раёне Лехтэрскага вакзала. Букштыновіч патэлефанаваў у штаб фронту, і армія, па загаду Жукава, атакавала рэйхстаг праз Шпрэе”.

Ваенны Савет трэцяй Ударнай арміі зацвердзіў і перадаў 9 сцягоў у кожную сваю дывізію. Сцяг, які стаў Сцягам Перамогі, быў перададзены ў 150 стралковую дывізію генерала Шацілава. Штурм рэйхстага вяла рота І. Сьянава і 1-ы батальён А. Няўстроева з 756 стралковага палка 150 стралковай дывізіі. З другога боку ў рэйхстаг уварваўся батальён К. Самсонава з 380 стралковага палка 171 стралковай дывізіі. Удзельнічала ў баях за рэйхстаг і 23 танкавая брыгада.

Начальнік операддзела трэцяй Ударнай арміі палкоўнік Сямёнаў успамінае, што “Букштыновіч сам напісаў праект данясення аб узяцці рэйхстага, пакінуўшы толькі месца для ўнясення гадзіны і хвіліны”.

Хачу больш падрабязна расказаць пра няпросты лёс генерала Букштыновіча, які быў рэпрэсіраваны, пазбаўлены генеральскага звання.

Нарадзіўся Міхаіл Букштыновіч у 1892 годзе ў вёсцы Жомайдзь Забрэзскага сельсавета ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Бацька, Фама Іосіфавіч, ад світанку да змяркання гнуў спіну на невялікім кавалачку зямлі, каб хоць пракарміць сям’ю. Але так і не змог вырвацца з беднаты і вымушаны быў пераехаць з сям’ёй у Валожын. З горам папалам набыў сядзібу па вуліцы Касцельнай (цяпер вуліца Шчарбіны). Тут, на берагах Валожынкі, і прайшло дзяцінства Міхаіла, тут ён атрымаў пачатковую адукацыю. У 1912 годзе Міхаіл паступіў у Віленскае камерцыйнае вучылішча. Пасля яго паспяховага заканчэння ў 1913 годзе прыехаў у Маскву, дзе працаваў дробным чыноўнікам у Маскоўскім упраўленні чыгункі. У 1915 годзе яго прызвалі ў рускую армію і накіравалі ў Ташкенцкую школу прапаршчыкаў. Ваяваў малодшым афіцэрам у Першую сусветную вайну, быў узнагароджаны ордэнамі Св. Ганны 4-й ступені з мячамі і Св. Станіслава. У 1918 годзе Міхаіл Фаміч уступае ў адну з часцей Чырвонай Арміі, удзельнічае ў грамадзянскай вайне, змагаецца з басмачамі, за мужнасць і адвагу адзначаны ордэнам Чырвонага Сцяга. У 1925 годзе назначаецца начальнікам аб’яднанай ваеннай школы ў Ташкенце, затым камандуе 56 стралковай дывізіяй у Пензе, з’яўляецца намеснікам начальніка штаба Ленінградскай ваеннай акругі. У 1937 годзе ў СССР, упершыню ў сусветнай гісторыі, фарміруюцца два механізаваныя (танкавыя) корпусы, камандаваць адным з іх даручана М. Ф. Букштыновічу.

Несумненна, у той перыяд ён – адзін з самых перспектыўных ваенных начальнікаў. 1937 год перакрэсліў лёсы многіх. Камкор Букштыновіч быў зняты з пасады і арыштаваны, але не прызнаў прад’яўленых абвінавачанняў, як і яго калега, камандзір корпуса Ракасоўскі. У 1940 годзе Букштыновіч у ліку некалькіх тысяч камандзіраў, быў вызвалены. Цімашэнка, новы нарком абароны, высока ацэньваў ваенны вопыт і веды Букштыновіча і вярнуў яго ў армейскія рады. Аднак цяпер у пятліцах гімнасцёркі Міхаіла Фаміча былі тры “шпалы” падпалкоўніка, замест трох ромбаў камкора, што раўнялася званню генерал-лейтэнанта. 1941 год былы “вораг народа” сустрэў намеснікам камандзіра 357 стралковай дывізіі, ваяваў выдатна, у 1942 годзе атрымаў званне палкоўніка і стаў камандзірам дывізіі.

Малавядомы факт: пры вызваленні старажытнага рускага горада Невель у 1943 годзе значную ролю адыграла 28 стралковая дывізія, якой камандаваў беларус М. Ф. Букштыновіч. Але гэта тэма для асобнага аповеду.

Пастановай Саўнаркома СССР ад 3 лістапада 1943 года Букштыновічу прысвоена званне генерал-маёра. У жніўні 1944 года Міхаіл Фаміч назначаецца начальнікам штаба 3 Ударнай арміі. У гэтай якасці ён і ўдзельнічае ў Берлінскай наступальнай аперацыі. За ўзяцце сталіцы рэйха Букштыновіч быў удастоены ордэна Суворава 1-й ступені  і звання генерал-лейтэнант. З 1947 года ён – намеснік галоўнакамандуючага сухапутнымі войскамі Маршала Савецкага Саюза І. С. Конева. Бясспрэчна, у пасляваенныя гады Міхаіл Фаміч мог увайсці ў плеяду буйных савецкіх палкаводцаў, але ў 1950 годзе яго не стала.

Міхаіл РЫСЬКОЎ, жыхар Магілёва, выпускнік Навасёлкаўскай васьмігодкі 1966 года Вішнеўскага сельсавета.



Добавить комментарий